29 снежня, у свята Святой Сям’і, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбыўся ўрачысты абрад адкрыцця святкавання Юбілею 2025 Святога года ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, абрад, які суправаджаўся цэлебрацыяй святой Імшы, узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Раней іерарх абвясціў гродзенскую катэдру і яшчэ шэраг касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі юбілейнмі святынямі.
Ва ўрачыстым распачацці святкавання Юбілею ўдзельнічалі шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і іншых супольнасцяў горада над Нёманам.
Разам з пастырам Гродзенскай дыяцэзіі на літургіі маліліся біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч і прэзбітэры.
Абрад адкрыцця Юбілейнага года адзначаўся глыбокай сімвалічнасцю.
Уваход працэсіі ў касцёл нагадваў, што чалавечае жыццё — пілігрымаванне ў дом Нябеснага Айца; крыж, які неслі на чале працэсіі, быў знакам таго, што хрысціяне, ідучы праз жыццё, імкнуцца за сваім Панам і Збаўцам Езусам, які за людзей быў укрыжаваны і ўваскрос; акрапленне прысутных асвячонай вадой, якое здзейсніў біскуп Гродзенскі, казала пра тое, што першай і найвялікшай ласкай, атрыманай людзьмі ад Бога, стаў хрост; адкрыццё біскупам дзвярэй катэдры азначала, што Хрыстус — брама, якая вядзе да збаўлення.
У гаміліі біскуп Гуляй патлумачыў, што Папа Францішак, згодна з традыцыяй, абвяшчае кожны дваццаць пяты год юбілейным — значыць годам асаблівай радасці, ласкі і Божага благаслаўлення. Гэта год шматлікіх адпустаў, звязаных з пілігрымаваннем у Рым, у санктуарыі і юбілейныя святыні.
Перыяд у 25 гадоў, як адзначыў біскуп, невыпадковы: гэта ўмоўны час прыйсця ў свет чарговага пакалення, таму Юбілей «з’яўляецца знакам, што кожнае пакаленне хрысціянаў мае шанц атрымаць асаблівую адпустовую ласку, спазнаць бязмежнасць Божай міласэрнасці і магутнасць Яго прабачэння».
Вельмі яскравым знакам, які, абвяшчаючы Юбілейны год, даў Папа Францішак, біскуп Гродзенскі назваў адкрыццё гэтага года ў нядзелю Святой Сям’і. Ён нагадаў, што і Хрыстус прыйшоў у свет у сям’і і што сям’я — «самае дасканалае месца для росту і развіцця чалавека, паколькі сам Пан Бог паклапаціўся аб сям’і для свайго Сына».
Па словах біскупа, Святую Сям’ю робіць выключнай «яе незвычайнае, годнае захаплення і наследвання духоўнае аблічча».
«У жыцці Святой Сям’і на першым месцы заўсёды быў Бог, — адзначыў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. — Усялякія выпрабаванні, нават самыя балючыя, цяжкія і незразумелыя з чалавечага пункту гледжання, Марыя і Юзаф прымаюць у духу пакоры і паслухмянасці Божай волі, без наракання, без бунту і незадавальнення, без жалю да сябе і абвінавачвання адно аднаго. Кожная новая сітуацыя робіць іх яшчэ больш з’яднанымі і салідарнымі, гатовымі разам супрацьстаяць цяжкасцям, прымаць чарговыя выклікі лёсу з верай, надзеяй і любоўю. Несумненна, гэта была сям’я шчаслівая, бо знайшла сваё шчасце ў спаўненні Божай волі, у тым, каб ставіць Пана Бога і Яго Слова на першым месцы ў сваім жыцці».
Біскуп Гуляй падкрэсліў, што няма іншага «рэцэпту» сямейнага шчасця, акрамя таго, каб паставіць Бога ў цэнтры свайго жыцця, і што «чым больш мы слухаем Пана, чым больш паслухмяныя Яго навуцы, тым больш шчасця, любові, сардэчнасці і міру будзе ў нашых сем’ях».
Гаворачы пра дэвіз Юбілейнага года — «Пілігрымы надзеі», — іерарх патлумачыў, што Папа Францішак заахвочвае хрысціянаў быць такімі пілігрымамі ў сучасным свеце.
«Наша надзея мае крыніцу ў бясконцай Божай любові. Дзякуючы гэтай любові мы не чужыя і не прыхаднi, а сталі абранымі дзецьмі Бога, а адзін для аднаго — братамі і сёстрамі. Няхай юбілейныя ласкі, якія ў гэтым годзе будуць так шчодра на нас сыходзіць, перамяняюць нашыя сэрцы», — сказаў біскуп Уладзімір Гуляй.