Пошук


Створаныя, каб гарэць і свяціць, адораныя энергіяй, здольнасцямі, унутранай сілай, якая рухае нас наперад і шукае накірунак, — што мы паспяваем за зямное жыццё? Адольваем цяжкасці, перасоўваем горы працы, правальваемся, узнімаемся ўгору, дзякуем за сяброў, але ці не ахоплівае нарэшце адчуванне, што ходзім па замкнутым коле? Нехта заўважыў, што людзі ўвесь час складаюць з тых самых кубікаў розныя пірамідкі, змяняюць канфігурацыю і лічаць навіной. Нешта ў глыбіні душы падказвае, што не так усё безнадзейна.

«Вось чыню ўсё новае...», — кажа Пан (Ап 21,5), чулі ад апостала Яна гэтыя словы даўно. Пане, скажы толькі — дзе гэта ўсё?

«Ідзіце і паглядзіце», — гаворыць Езус. З цягам часу, бываючы ў розных людзей, згаджаешся з мудрасцю гэтых слоў. Тое, што чалавек зрабіў з асяроддзем, у якім жыве, гаворыць пра яго вельмі шмат. Акрамя канкрэтных матэрыяльных рэчаў, вялікае значэнне мае атмасфера, няспешнасць і прыязнасць. Да чаго і да каго прыглядваўся гаспадар дома? Дзе вучыўся?

«Прыйдзіце і навучыцеся ад Мяне!» — новае запрашэнне. Не толькі лагоднасці сэрца, хоць гэта важна, але не толькі... Навучыцца шанаваць сваё і іншае жыццё, заўважаць дробязі, разумець, быць велікадушным, трываць, знаходзіць патрэбныя словы, дапамагаць і маліцца, бачыць волю Божую, перамяняцца, любіць, не баяцца. Пералічваць можна доўга, абы толькі гэта не сталася пераліваннем з пустога ў парожняе.

Сучасны чалавек можа запампаваць у галаву мноства ведаў, толькі яны чамусьці аўтаматычна не канвертуюцца ў мудрасць. І застаецца тое ж пытанне: як адчуць свой накірунак? Як знайсці сваю «тэму», якая будзе мець сэнс не на месяц ці год, але ўсё жыццё?

Закхей прыняў рашэнне пайсці і ўбачыць. Не пасылаў падначаленага, каб той схадзіў, паслухаў Настаўніка ды вярнуўся з інфаграфікай і справаздачай. Закхей наважыўся сам узлезці на дрэва (можа, разам з басаногімі дзецьмі), каб навучыцца, дайсці сваім розумам і сэрцам да той навукі, якая стварае новага чалавека. Хацелася б апынуцца на ягоным месцы і проста сачыць за Езусам, за Яго рухамі, позіркам, інтанацыяй, ўсмешкай... Потым Ён скажа, што шчаслівейшыя тыя, якія не бачылі, а паверылі.

Бог чалавеку прапануе: «Назірай за Мной!» Праз Евангелле, праз сэрца, з дапамогай Духа — вучыся. Кожны дзень — свая навука... Жыць дасканаласцю ці магчыма грэшніку? А жыць без яе?

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.