Пошук


Гісторыю пра Елісея і аслепленае сірыйскае войска немагчыма чытаць без усмешкі і захаплення (4 Вал 6:8–23). Кожны валадар хацеў бы мець на сваёй службе такога чалавека, як прарок Елісей, каб ведаць тое, што вораг гаворыць шэптам пад вялікай таямніцай. Ізраільскі цар атрымліваў ад Елісея папярэджанні пра кожную засаду, кожную вераломную пастку, якую рыхтавалі ворагі.

«Не можа быць! Як?!» — чарговы раз усклікаў сірыйскі цар. Шукалі здрайцу сярод сваіх, пакуль не данеслі пра чалавека Божага Елісея.

Штосьці падказвала сірыйцам, што купіць яго не ўдасца. У тыя часы таксама многім хацелася верыць, што «няма чалавека — няма праблемы», таму варыянтаў вырашэння было няшмат. Высылаем войска, ліквідуем перашкоду (усяго адзін чалавек — дробязь якая!), і перамагаем у вайне. Думаю, той ваявода, што вырушыў на Елісея, не вагаючыся зруйнаваў бы ўвесь горад, дзе жыў прарок. Галоўнае — вынік, а не кошт...

На ўсялякі выпадак да горада сірыйцы падыйшлі ўночы. Вось прачнецца Елісей і ўбачыць, што дзецца няма куды. Хай тады прарочыць, калі будзе каму слухаць, ніхто не паспее на дапамогу. Ну, сапраўды дзіўныя людзі, «без цара ў галаве», але самаўпэўненыя страшэнна. «Ды я сто разоў так рабіў», — сказаў бы сірыйскі цар.

Бліскучыя разлікі вайскоўцаў гэтым разам рассыпаліся ў попел. Елісей служыў не цару Ізраіля, але Богу. Яму толькі верыў і на Яго спадзяваўся. Таму, памаліўшыся, папрасіў: «Паразі іх слепатою». «І Бог паразіў іх па слове Елісея...», гаворыць Біблія. Падобна, гэта той выпадак, калі слепата ўнутраная праявілася знешнім чынам. Толькі ўявіце сабе, вось вы бачыце перад сабой ясную мэту, бяжыце да яе, выкарыстоўваючы ўсе сілы і намаганні — і раптам падаеце ў поўную цемру. І што цяпер рабіць? Заставацца на чужой тэрыторыі, якую ішоў знішчыць, ці вяртацца дадому, дзе чакае далёка не цёплая сустрэча з начальствам?...

Але гісторыя не скончылася. Бо інакш мы прачыталі б толькі пра тое, як Елісей адпомсціў захопнікам, а яшчэ дакладней — як Бог пакараў злыдняў, якія пагражалі Елісею. А можа, і згадкі не засталося б? Дарэчы, ці мала людзей, якія носяць на сабе сляды сваіх грахоў? Ці мала пустых вачэй, якія нічога не бачаць, акрамя саміх сябе?..

Елісей не даслаў паведамленне: «Так вам і трэба!» і не пакінуў невідушчае войска за сценамі горада, але ўзяў за руку і павёў да ізраільскага цара. «Пайшлі, пакажу вам Елісея, вы не тут яго шукалі». Тыя сабраліся і пайшлі з ім.

Шлях па незразумелых сцежках, сярод цішыні і невядомасці... Ці ўдаецца людзям сустракаць на ім саміх сябе сярод нязручных пытанняў, пошукаў сэнсу, цьмяных спадзяванняў, што ўсё вырашыцца добра, што святло развее цемру?.. Ці магчыма даверыцца Богу, не разумеючы, што Ён кіруе гэтымі сцежкамі?

Любы зямны шлях дзесьці заканчваецца. Нарэшце, і сірыйцы адчулі, што прыйшлі на месца.  

І пасля слоў «Пане! Разамкні ім вочы, каб бачылі!» ваякі нарэшце зразумелі, што адбылося. З маленькага пераможнага паходу атрымаўся палон і сорам. Толькі кіўне галавой ізраільскі цар сваім жаўнерам — і мокрага месца не застанецца. Якая міласэрнасць да палонных? Ты пачаў гульню і прайграў. Твой лёс нікога не цікавіць. Ці сам ты меў літасць над сваімі ворагамі?

Далей адбываецца нешта неверагоднае нават па сённяшніх мерках. На жаль, канкурэнтныя, карпаратыўныя і хатнія войны і не думаюць спыняцца. Елісей звяртаецца з прапановай да свайго цара, ад якой той не адмовіўся. Палонным не толькі пакінулі жыццё і свабоду, ізраільцяне прыгатавалі ім вялікі пачастунак. «І яны елі і пілі», і былі адпушчаныя на радзіму..  Не хадзілі больш войскі сірыйскія на зямлю Ізраілеву.

Не кожны ўмее так, як Елісей, перакроіць гісторыю і з ворагаў зрабіць добрых суседзяў. Не назаўсёды, скажаце вы? Думаю, на ягоны век хапіла. А нашыя паводзіны залежаць ад нас. Ці навучыць нас мудрасць Елісея? Ці паверым ёй больш, чым падручнікам па вядзенню баявых дзеянняў з бліжнімі? Не трэба толькі цешыцца ілюзіяй, што мы можам сваімі прамовамі, доказамі і маніпуляцыямі адкрыць ворагу вочы. Хоць жыццё пакладзі, а не зрушыш чужых замкнёных павекаў. Бог умее зрабіць гэта так проста, як адчыніць пялёсткі бутона моцай сонечнага святла... «І памаліўся Елісей...і сталася...» Магчыма, гэта адбудзецца з нашым удзелам, а магчыма, не.

І яшчэ напамін, каб самой не забыцца: калі крыўдзіцелю разамкнуцца вочы, належыць яго накарміць і адпусціць. Або, інакш кажучы, даць тое, што яму патрэбна, а не тое, што яму хацелася... Падкажаш, Пане Божа?

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця