Надыходзіць Новы год, нават ужо зазірае ў вокны. То сагрэе адлігай, то зноў павее марозным ветрам... І мы спяшаемся яму насустрач, адлічваем апошнія дні, марым і спадзяёмся на спаўненне жаданняў. Азіраючыся на пражыты год, што ўспомнім? Што заахвоціць нас у чарговы раз падзякаваць Богу? І якімі вачыма паглядзім наперад?..
Мне сустрэлася вельмі цікавая ідэя для надыходзячага года: марынаваць прыемныя здарэнні. У пачатку года бярэм пустую банку з вечкам і невялічкі нататнік. Кожны раз, калі адбываецца нешта добрае, запісваем гэта і складаем нататкі ў банку. У канцы года мы зможам убачыць і ўспомніць усё добрае, што здарылася за апошнія 12 месяцаў. Мы вельмі лёгка забываем мілыя словы, трапныя жарты, сяброўскія сустрэчы і падарункі, якія прыносіць кожны дзень, бо кепскія і сумныя падзеі выцясняюць іх з нашай памяці.
Так шмат добрых рэчаў застаюцца без увагі, пакуль іх не згубіш. А за іх напрыканцы года якраз трэба было б сказаць Богу словы падзякі. Давайце ж паспрабуем назбіраць такіх рэчаў як мага больш, каб напрыканцы 2013-га адчуць смак пражытых дзён і сустрэць 2014-ты год з вачыма, поўнымі падзякі і аптымізму.
Тэрэса Клімовіч