Пошук


Яны даганяюць нас, няўмольныя, нястомныя, прагныя. Іх коні могуць растаптаць чалавека, а вершнікі не ведаюць літасці, з дзяцінства вучацца ваяваць. Мы стаміліся ад уцёкаў, ногі не ідуць далей, дый няма куды — мы стаім на ўзбярэжжы мора, дарослыя, старыя і малыя са сваімі пажыткамі...

Хвалі павольна набягаюць на бераг, а за нашымі плячыма расце хваля егіпецкага войска, каб патапіць нас у крыві. А той, хто выжыве, не здолее пахаваць сваіх блізкіх, пясок паглыне іх... Мы нібы здранцвелі ад страху, але праз хвіліну, шалеючы ад панікі, крычалі небу: «За што?! Які ж несправядлівы і жахлівы лёс падрыхтаваў Ты нам, Божа наш! Няма чым бараніцца, няма куды ўцякаць...»

Знаёмы з дзяцінства біблейскі аповед пра пераход праз Чырвонае мора. Там Божы народ у адказ на свой лямант пачуў ад Майсея: «Не бойцеся, стойце на месцы, і ўбачыце збаўленне Пана... Пан будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі» (Зых 14, 13–14). І яны паслухалі, і засталіся на месцы, і, прайшоўшы праз мора (не толькі вады, але і свайго страху, недаверу і болю), спявалі і плакалі ад радасці, бо сапраўды ўбачылі збаўленне Пана:

Парадаксальна, але якраз у самых цяжкіх абставінах дасягнуць спакою, аб якім гаворыць Біблія, лягчэй. Дробныя непрыемнасці выклікаюць мітусню пачуццяў і эмоцый, якую ўтаймаваць бывае вельмі складана. Але на парозе сапраўдных выпрабаванняў поўны давер да Бога нібы адчыняе сэрца на той дзіўны супакой, які дае магчымасць супрацоўнічаць з Панам.

І вось — выпрабаванне пройдзена. Уратаваны! Бог выканаў абяцанне, Ён збавіў нас, і Ён пойдзе з намі далей, Ён не пакіне нас! З сэрцаў ліецца песня: «Моц мая і сіла мая — Пан, Ён стаўся для мяне збаўленнем. Гэта Бог мой, буду славіць Яго» (Зых 15, 2).

Але паслухайце адказ:

«Калі будзеш слухаць голас Пана Бога твайго
і будзеш рабіць справядлівае перад абліччам Яго
і скарышся настаўленням Яго
і будзеш захоўваць усе Яго пастановы,
то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, што навёў на Егіпет,
бо Я — Пан, лекар твой»
(Зых 15, 26).

На што ж хварэлі няшчасныя егіпцяне? Як некалькі разоў зазначае Кніга Зыходу — на жорсткасць сэрца. Менавіта гэтая хвароба прыводзіць да слепаты, калі замест жывых людзей бачыш сродкі вытворчасці, якія падступна хочуць вырвацца з рук уладальніка. Ды яшчэ прыхапіць з сабой жывёлу і срэбны ды залаты посуд! Як можна гэта дапусціць?! Не зважаць на кошт і ахвяры, дагнаць, пакараць і вярнуць!

Ці толькі фараона закранула гэтая хвароба? Бог заклікае кожнага з нас даследаваць сваё сэрца, ці не ахоплена яно гэтым страшным сіндромам абыякавасці і жорсткасці. Здавалася б: усяго чатыры ўмовы — і застанешся здаровым. Але нездарма апошнія словы гучаць, як суцяшэнне, «бо Я — Пан, лекар твой». Сапраўды, Божа, ацаленне спатрэбіцца нам так хутка...

Сённяшнія ўдзячныя праз тры дні ператворацца ў спалоханых эгаістаў: «А-а-а, усё кепска-кепска-кепска! За што нам гэта ўсё?» Няшмат нам трэба часу, каб перастаць прыслухоўвацца да Божых слоў, пачаць апраўдваць несправядлівасць, перайначыць Божыя загады на свой розум...  І незаўважна гнаныя зробяцца ганіцелямі, якія насцігаюць сваю безабаронную ахвяру, пакуль яна не заб’ецца ў кут ці не застыне нерухома на беразе бяскрайняга мора.

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.