Пошук


Навухаданосар «цешыўся супакоем у сваім доме і радасцю ў сваім палацы». Вось яно — здзяйсненне ўсіх мараў: палац, супакой і радасць. І горад, і палац у апісаннях і малюнках выглядаюць велічна і шыкоўна. «Выдатны стратэг і палітык», — як цяпер пра яго пішуць. Прыкладна так, але з адпаведнымі параўнаннямі і эпітэтамі, праслаўлялі свайго караля і ягоныя сучаснікі. Што ж, дасягнуў, можна сказаць, вяршыні свету...

Але раптам сніцца ўладару народаў сон, які здзівіў нават прарока Даніэля. Толькі праз гадзіну часу ён адзіны растлумачыў Навухаданосару, што з волі Бога ператворыцца той у пень і стане на звера падобным. Нічога не змянілася ні назаўтра, ні праз месяц... Так сталася роўна праз год, калі Навухаданосар ужо сам пачаў сябе ўголас нахвальваць.

Адлучаны ад людзей, як звер, як нікому не патрэбны пень, якога нават не відаць з травы... І жывы толькі Божай расой...

Вось такая рэальнасць. Разбегліся і разляцеліся ўсе, хто быў побач. Толькі вецер. Ды не ў галінах дрэва, якім калісьці быў, а недзе высока над травой, у небе... Але зараз, калі ілюзія сваёй велічы развеялася, ты раптам бачыш над сабой аблокі, неба, зоркі. А мы рэдка глядзім у вышыню, асабліва, калі ёсць магчымасць на ўсіх глядзець зверху ўніз, асабліва, калі за гэтую магчымасць прыходзіцца змагацца з усіх сіл. Тады яшчэ трэба азірацца па ўсіх баках, каб гэтую ўладу ніхто не адабраў.

А пню куды глядзець — толькі ў Сусвет. Чаго чакаць? Пакуль нехта выкарчуе і спаліць... Пакуль розум не вернецца, як гаворыць Біблія. І тады вернецца назад усё тое, што было забрана.

Так бывае з ганарлівымі дрэвамі, якія пачынаюць выхваляцца сваёй моцай і прыгажосцю, сваёй карыснасцю і мудрасцю, забываючыся пра Таго, Хто ім «дае расці». Так што, калі аднойчы прачнешся пнём — гэта не канец, а пачатак вяртання. Таму што Бог корань твой захавае, Сваёй расой напоіць і пачакае, пакуль ты паразумнееш. А якіх слоў чакае ад чалавека Найвышэйшы  можна ўбачыць у прарока Даніэля (гл. Дан 4, 31).

Тэрэса Клімовіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.