Пошук

20.02.2018 10:00   Падрыхтаваў: Артур Ляшнеўскі SDB / Catholic.by

Заканчэнне. Пачатак чытайце ТУТ>>

У 1632 годзе манаскія ўлады прызначаюць яго правінцыялам шатландскай правінцыі Братоў Меншых. Гэта была вельмі адказная і нялёгкая місія. Правінцыя амаль не існавала — Артур павінен быў стаць «Калумбам», які адкрые для Ордэна новы свет [...].

Цяжкасці і выпрабаванні, аднак, не дазваляюць бр. Артуру рэалізаваць свае намеры адносна Шатландыі.

У 1634 годзе айца Артура законныя ўлады менавалі гвардыянам лонданскага кляштара, які дзейнічаў у канспірацыі. Ён без рэшты аддаваўся місіянерскай працы на айчыннай зямлі: хрысціў, спавядаў, благаслаўляў сужэнцаў, цэлебраваў святую Імшу.

Паколькі каталіцтва было ў Англіі забаронена, прыходзілася цэлебраваць Эўхарыстыю ў хлявах, падвалах і на могілках пад покрывам ночы і ў вялікай таямніцы.

Папа Рымскі Урбан VIII, бачачы адданасць Артура Каталіцкаму Касцёлу і яго любоў да роднай Англіі, давярае яму нялёгкую місію стаць членам камісіі па беатыфікацыі англійскіх мучанікаў.

Заданнем Артура было сабраць як мага больш звестак і сведчанняў аб мучаніцтве католікаў-брытанцаў. Так Артур працягвае служыць Касцёлу і Англіі наступныя 10 гадоў.

Неўзабаве да спісу мучанікаў Англіі далучыцца і яго імя. У Артура быў  блізкі сябар а. Томас Баллокер, які таксама быў членам Ордэна францішканаў. Сябры бязмежна давяралі адзін аднаму і нават паабяцалі, што разам праславяць Пана мучаніцкай смерцю.

Аднак гэтыя намеры здзейсніліся інакш. Першым быў схоплены Томас. Артур прабраўся ў вязніцу, каб паразмаўляць з сябрам. Са слязьмі спытаў яго: «Чаму да Бога ты ідзеш перада мной? Чаму мучаніцтва прымеш першым?» Баллокер, сціскаючы далонь сябра, адказаў: «На ўсё воля Божая! Аднак ты пойдзеш следам за мною». Тады Артур адышоў з вязніцы ў супакоі, бо яго сэрца жадала прысвяціць жыццё муцы за Хрыста.

Томас Баллокер прыняў крыж мучаніцтва і быў абвешчаны Касцёлам благаслаўлёным.

Прароцтва сябра неўзабаве здзейснілася. 6 лістапада 1643 года ў Стывэніджы Артур быў затрыманы каралеўскімі жаўнерамі, якія пачалі шукаць у яго падарожным куфары падазроныя прадметы, падазраючы яго ў шпіёнстве.

У куфары знайшлі рэлігійныя кнігі, літургічнае начынне і францішканскі пас з трыма вузламі, які манахі звычайна насілі на сцёгнах.

Артур заўсёды меў яго пры сабе як знак прыналежнасці да Ордэна. Разам з гэтымі рэчамі знайшлі перапіску Артура з іспанскім паслом (Іспанія ў тыя часы была заступніцай католікаў Брытаніі), у якой было выразна напісана, што Артур — каталіцкі святар. Гэтага было дастаткова, каб схапіць манаха.

За прыналежнасць да каталіцкага духавенства ў Англіі быў толькі адзін прысуд — смерць. У гэты дзень айцец Артур распачаў свой Крыжовы шлях.

Артура праз доўгі час спрабавалі пераканаць адрачыся ад каталіцтва. Дэбаты на рэлігійную тэму Артур закончыў адным выразам: «Ці мог бы сапраўдны хрысціянін зрабіць тое, што вы робіце са мной? Пакайцеся! Надзея толькі ў Касцёле! О, як жа я прагну вашага збаўлення!»

Гравюра, якая прадстаўляе тайнбэрнскае дрэва, з якога рабілі шыбеніцу

Пэўны час яго трымалі ў вязніцы Стывеніджа, а пасля перавезлі ў Хартфардшыр, дзе закавалі ў сутарэннях. На суд Артура везлі праз увесь Лондан.

Салдаты, прагнучы высмяяць манаха, сарвалі з яго адзенне, як з Хрыста перад укрыжаваннем. Біты і апляваны, стоячы на возе са звязанымі рукамі, ён ехаў на свой «суд Пілата».

На судзе Артур папрасіў у прысутных выказацца ў сваё апраўданне і моцным голасам сказаў:

«Я святар, пакліканы Хрыстом, каб будаваць фантаны, таму ўпэўнены, што Ён мне дасць сілы справіцца з непаслухмянаю вадой. Усе вы сведчыце супраць мяне і лічыце, што я ў чымсьці вінаваты, — за гэта шчыра дзякую вам, бо для мяне вялікай радасцю будзе злучэнне з мукаю Хрыста і верных мучанікаў Яго. Дазвольце ж мне ўжо здабыць нябёсы! О Неба! О свет! О, як жа я прагну праславіць святарства і Хрыста! Тыя, якія атрымалі ад Бога дар святарства, ніколі не будуць прапаведваць там, дзе іх будуць з прыемнасцю слухаць, наадварот. Шкада мне пратэстантаў, бо ў іх няма сапраўднага святарства!»

Раз’юшаныя слухачы загадалі Артуру замоўкнуць, а пасяджэнне закрылі да вынясення прысуду.

Арышт Артура Бэла

Тры дні Артур чакаў смерці. Яго душа была ахоплена тугой і гарачым прагненнем ужо ў гэтую хвіліну аддаць жыццё за веру. У вязніцу да яго прыходзіла вялікая колькасць наведвальнікаў.

Некаторыя жадалі папрасіць аб малітве; іншыя прыйшлі ўзяць нейкую рэч ад благаслаўлёнага, каб мець святую рэліквію; іншыя прасілі аб радзе і благаслаўленні. Пасля размовы з арыштаваным манахам наведвальнікі выходзілі з усмешкай і бляскам шчасця на твары.

Салдаты, якія бачылі іх радасць, самі пачалі прыходзіць на размовы са святым вязням. Некаторыя вярталіся са слязьмі ў вачах, кажучы: «Ён сапраўды святы!» Сярод наведвальнікаў быў таксама французскі пасол, які асабіста ведаў Артура. Ён вельмі прагнуў дапамагчы манаху, аднак Артур не прыняў дапамогі. Цікава, што ў вязніцу да Артура некалькі разоў прыходзіў сам суддзя.

Ён узгадаў словы Артура на судзе, калі той назваў сябе будаўніком фантанаў. Казаў, што бачыць Бога ў яго вачах. Суддзя таксама хацеў дапамагчы Артуру, аднак манах не пажадаў прыняць дапамогі, бо смерць у яго вачах — нараджэнне для неба.

Смяротны прысуд быў абвешчаны 8 снежня. Сёння гэта ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ён, стоячы перад судом, выслухаў сваё абвінавачванне, а таксама, усведамляючы жудасныя цярпенні, якія яму давядзецца перажыць, як бы ставячы кропку, гучным голасам заспяваў Te Deum (гімн «Цябе, Бога, праслаўляем»). Некаторыя з прысяжных, бачачы такую рэакцыю на прысуд жудаснай смерці, не маглі стрымаць слёз.

Жаданы дзень настаў 11 снежня 1643 года. Святога вывелі з турмы і апранулі ў ганебны мех, які ён назваў сваім габітам. Яго везлі па Лондане ў кірунку Тайбэрна, месца экзекуцыі — яго Галготы.

Апошнія хвіліны Артура Бэла

Калі воз даехаў да «тайбэрнскага дрэва», Артур, узыходзячы на памост, прамовіў да сабранага народа:

«Паслухайце мяне, мае сябры. Калі вы прагнеце ачысціцца ад сённяшніх памылак, то трэба адрачыся ад граху, які павіс над вамі. Пакіньце ўсё гэта, зрабіце вашы душы вольнымі. Але калі даспадобы вам больш цемра, а не святло, то не чакайце дабра для сябе і ўсяго нашага каралеўства. Бог Судзя справядлівы, аднак Яго прысуды выходзяць з Яго бязмежнай любові да нас, бо Ён прагне нашага збаўлення. Я веру, што Ён пакіруе вас да неба і да святога Каталіцкага Касцёла, бо Яго дабрыня і міласэрнасць не мае межаў! Люблю і прабачаю вас».

Пасля прамовы сярод прысутных запанавала цішыня. І раптам пратэстанцкі святар — пастар Таўвэрс, які быў прысутны пры экзекуцыі і збіраўся прыняць адрачэнне Артура ад каталіцкай веры, — сам яе публічна вызнаў.

І, крыкнуўшы, што прагне памерці як католік, узняўся на памост шыбеніцы. Артур сказаў яму, нібы Хрыстус, што ўжо сёння пастар будзе ў небе.

Паўсюль крычалі: «Сячы вяроўкі!» Гэта крычалі кàту, які рассякаў канат. У тыя часы паводле загаду каралеўскай улады каталіцкіх святароў вешалі, але не давалі памерці ў пятлі. У пэўны момант, пакуль вязень быў яшчэ жывы, яго здымалі з шыбеніцы, а кат нажом выразаў сэрца асуджанага...

Сэрца кідалі ў агонь, каб паказаць, што каталіцкія святары «ідуць у пекла». Целы ж святароў секлі на кавалкі, а пазней вывешвалі на дзідах ля варотаў вязніцы... Такі лёс напаткаў а. Артура і пратэстанцкага пастара Таўвэрса, які перад смерцю навярнуўся.

Алтар з тайнбэрнскага дрэва ў кляштары сясцёр бэнэдыктынак ад вечнай адарацыі ў Тайбэрне

Шмат людзей стаялі на каленях, плачучы і ўсведамляючы, што на іх вачах быў святар прыняў мучаніцтва за веру.

Даведаўшыся аб мучаніцкай смерці айца Бэла, Генрыэта-Марыя, жонка караля Англіі Чарльза І Сцюарта, які падпісваў прысуд, паклапацілася аб тым, каб парэшткі манаха знялі з дзідаў і схавалі ў каралеўскіх крыптах.

Каралева сама была каталічкай, дачкой французскага караля Генрыха ІV, шмат чула пра прапаведніка Артура і хацела захаваць ягоныя парэшткі для далейшага ўшанавання. Дзякуючы каралеве сёння рэліквіі Артура Бэла спачываюць у капліцы санктуарыя Маці Божай Суцяшальніцы ў мясцовасці Вэст Грынстэд у графстве Заходнага Сусэкса.

Бэатыфікаваў Артура Бэла папа Ян Павел ІІ 22 лістапада 1987 года разам з 85 брытанскімі мучанікамі за веру. Літургічны ўспамін благаслаўлёнага прыпадае на dies natalis (дзень нараджэння для неба) 11 снежня.

Благаслаўлёны Артур быў пакліканы будаваць Божыя фантаны, каб утаймоўваць бурлівую ваду, якой з’яўляюцца непакорныя людскія душы.

Каталіцкія мучанікі Англіі з’яўляюцца прыкладам веры і бязмежнай любові да Касцёла. Няхай жа іх адвага дапамагае нам быць вернымі Хрысту ў цяжкія для веры часы.

Абноўлена 20.02.2018 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа