17 снежня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка скіраваў духавенству і вернікам Пінскай дыяцэзіі Пастырскі ліст з нагоды распачацця ў Паўсюдным Касцёле Звычайнага Юбілею 2025 года.
- Тэкст Пастырскага ліста для друку ТУТ>>>
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ
з нагоды распачацця ў Паўсюдным Касцёле Звычайнага Юбілею 2025 года
Вернікам Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Нашае сумеснае святкаванне стагоддзя Пінскай дыяцэзіі збягаецца ў часе са Звычайным Юбілеем 2025 года ў Паўсюдным Касцёле. Папа Францішак булай Spes non confundit («Надзея не можа падвесці») афіцыйна абвясціў Юбілейны год. «Гэта будзе Святы год, — напісаў Пантыфік, — які будзе характарызавацца надзеяй, якая не гасне, надзеяй на Бога» (SNC 5). Юбілей распачнецца 24 снежня 2024 года, калі Папа Францішак адчыніць Святыя дзверы базылікі святога Пятра ў Ватыкане і пакіне іх адчыненымі да 6 студзеня 2026 года.
Юбілей у жыцці Касцёла быў заўсёды асаблівай падзеяй і ён нясе ў сабе вялікае духоўнае значэнне.
Папа Баніфацый VIII у 1300 годзе устанавіў першы Святы год, які павінен быў адзначацца ў кожную сотую гадавіну. Па прыкладу біблійнай традыцыі юбілейных гадоў, яго пазней пачалі адзначаць кожны 50-ы год, а пасля — кожны 25-ы.
Звычайны юбілей — гэта «год ласкі Пана» (гл. Іс 61, 2-7), час асаблівага абвяшчэння Добрай весткі ўсім патрабуючым, час асаблівага прабачэння грахоў і пакаранняў за іх. Гэта год пакаяння, навяртання, паяднання, атрымання адпустаў і шчодрых дароў Божай міласэрнасці.
Пасля адкрыцця Святога году ў Паўсюдным Касцёле 24 снежня, наступным крокам стане інаўгурацыя Юбілею ва ўсіх катэдральных касцёлах свету ў нядзелю Святой Сям’і 29 снежня. У гэты дзень таксама і ў нашай Пінскай катэдральнай базыліцы ў 10.30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё юбілейнага года ў межах Пінскай дыяцэзіі.
Ужо сёння запрашаю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў у наш катэдральны касцёл на гэтую знакавую падзею, каб у лучнасць з Апостальскай Сталіцай і ўсімі катэдрамі свету ўзнесці да Бога малітву падзякі за вялікую справу Адкуплення, здзейсненую Езусам Хрыстом — фундаментам нашай надзеі.
Разам з катэдральнай базылікай у Пінску адчыняцца іншыя юбілейныя святыні ў нашай дыяцэзіі: у Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Мазыры, Лагішыне, Іванаве і Пружанах.
У юбілейным годзе святы Касцёл заклікае нас нанава адкрыць Езуса Хрыста як адзіную і сапраўдную крыніцу нашай надзеі. Папа Францішак у вышэйзгаданай буле на абвяшчэнне Святога года напісаў, што надзея «па сутнасці нараджаецца з любові і абапіраецца на любоў, якая выплывае з Сэрца Езуса, прабітага на крыжы». Таму юбілейны год, які мы будзем перажываць, павінен стаць часам «жывой і асабістай сустрэчы з Панам Езусам — „брамай збаўлення“»; з Тым, каго Касцёл мае місію абвяшчаць заўсёды, усюды і ўсім як нашу надзею.
Таму Юбілей для кожнага верніка становіцца заклікам да абвяшчэння Хрыста — крыніцы надзеі і збаўлення, прысутнага ў слове Божым, святых сакрамэнтах, супольнасці веры. Асаблівым выразам усяго гэтага становіцца ўдзел у Эўхарыстыі, якая злучае ў сабе ўсе згаданыя элементы і прыводзіць нас да жывой камуніі з Богам.
Кожны Юбілей мае свае асаблівыя знакі, якія выражаюць нашае сведчанне веры і хрысціянскае жыццё. Адным з такіх асаблівых знакаў з’яўляецца пілігрымка. У гэты Святы год запрашаю ўсіх вас, дарагія дыяцэзіяне, стаць пілігрымамі надзеі. Усе вернікі Паўсюднага Касцёла запрошаныя ў гэтым годзе да перажывання асаблівай пілігрымкі ў Рым да чатырох вялікіх базылік.
У нашай дыяцэзіі запрашаю ўсіх вас да пілігрымак у нашыя юбілейныя святыні, каб там атрымаць ласку юбілейнага адпусту.
Святы Айцец Папа Францішак называе гэтыя святыні месцамі, «дзе можна асвяжыць шлях веры і напіцца з крыніцы надзеі, перадусім прыступаючы да сакрамэнту паяднання, незаменнага пункту выйсця на сапраўдным шляху навяртання». Святы год пакліканы дапамагчы нам яшчэ больш усвядоміць, як моцна мы, грэшныя, патрабуем прабачэння і Божай ласкі і як шмат можам атрымаць з дароў Яго збаўчай Ахвяры, асабліва ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.
Наведванне юбілейных касцёлаў адкрывае перад намі магчымасць атрымання поўнага адпусту, што вызваляе верніка ад усіх часовых пакаранняў за грахі, якія былі прабачаныя падчас сакрамэнтальнай споведзі. Поўны адпуст мы можам атрымаць пры наступных умовах: быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць святую Камунію, выключыць любую прывязанасць да граху, наведаць юбілейны касцёл, а таксама памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
Заахвочваю ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, скарыстацца шматлікімі Божымі ласкамі, якія нясе нам Святы год. Божая міласэрнасць умацоўвае нас у жывой надзеі (гл. 1 П 1, 3). Гэтая надзея дапамагае перажыць любыя складанасці і цярпенні. Яна падштурхоўвае нас да дзеяння, дапамагае глядзець у будучыню з даверам. Яна, як маяк, асвятляе цемру сумневаў і слабасцяў. Нядзея — сястра веры. Яна заахвочвае да даверу Таму, хто абяцаў не пакінуць нас сіротамі (гл. Ян 14, 18–19), але застацца з намі ва ўсе дні аж да сканчэнння веку (гл. Мц 28, 19–20).
Няхай сустрэча з нованароджаным Збавіцелем свету паглыбіць нашую веру, умацуе надзею і распаліць любоў. Няхай надыходзячы Святы год і святкаванне сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі стане для ўсіх нас часам шчодрай Божай ласкі.
На Святы юбілейны год удзяляю ўсім вернікам пастырскае благаслаўленне.
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 17 снежня 2024 г.
Святарам належыць абвясціць гэты ліст вернікам у нядзелю 22 снежня 2024 года і размясціць на дошцы аб’яваў на ўвесь 2025 год.