Пошук

19.01.2018 15:10   Кл. Артур Ляшнеўскі SDB / Catholic.by
Благаслаўлёны Артур Бэл на розных выявах. Справа — малюнак а. Андрэя Буко OFMConv

Тайбэрн. Калісьці невялічкая вёска ў графстве Мідлсэкс з прыгожым краявідам і тыповымі для Англіі каменнымі жылымі дамамі. Сёння Тайбэрн стаўся часткай вялікага Лондана, які ненасытна паглынае навакольныя вёскі, робячы з іх новыя раёны і прадмесці англійскай сталіцы.

Калі запытаць мясцовых жыхароў, што з’яўляецца папулярнай адметнасцю іх мясцовасці, яны, спусціўшы вочы, адкажуць: «Тайбэрнскае дрэва». Тут кожны ведае, пра што ідзе гаворка, аднак нам, усходнім еўрапейцам, гэты тэрмін амаль нічога не скажа.

Рэч у тым, што з 1196 па 1783 гады Тайбэрн з’яўляўся афіцыйным месцам экзекуцый Лондана.

Дрэва, пра якое расказваюць у Тайбэрне, — гэта драўляная бэлькавая канструкцыя, якая ўяўляла сабой вялікую прызму з трохвугольнікам у аснове і на якой вешалі асуджаных. «Тайбэрнскае дрэва» — «Галгота» англійскіх католікаў, асвячаная крывёю мучанікаў.

Калісьці Англія была адной з найвярнейшых дачок Касцёла. Тут нараджаліся вялікія тэалогі, дактары Касцёла і шматлікія святыя. Гэта зямля была калыскай манаскага жыцця і адметнай духоўнасці. Цяжка было ўявіць Англію без яе абацтваў і гатычных катэдраў.

Аднак часы змяніліся. Еўропу крок за крокам апаноўвала рэфармацыя Марціна Лютэра. Англія, у якой на тыя часы панаваў кароль Генрых VIII, мужна бараніла чысціню сапраўднай веры. Сам манарх выступіў у абарону каталіцкіх сакрамэнтаў, за што папам Львом Х быў узнагароджаны тытулам «Абаронца веры».

Аднак веру Генрых VIII бараніў нядоўга. Кароль не меў нашчадка. На жаль, каралева Кацярына так і не нарадзіла пераемніка англійскага трона. Кароль знайшоў выхад у рамане з Ганнай Балейн, прыдворнай дамай каралевы. Закаханы кароль, акрыялы надзеяй мець спадкаемцу, звяртаецца ў Рым, каб атрымаць развод з Кацярынай Арагонскай.

Папа адмаўляе каралю, звяртаючы ўвагу на святасць сужэнскага сакрамэнту. Раз’юшаны кароль вырашае даць развод сваёй уладай. Развод з Кацярынай стаўся «разводам» з Каталіцкім Касцёлам. Генрых адрокся ад каталіцызму і аўтарытэту Папы Рымскага.

Англія абвешчана пратэстанцкай дзяржавай, а яе кароль стаўся адначасова галавой новай «англіканскай» канфесіі. Прыналежнасць да веры караля была абавязковай. Каталіцтва было забаронена па ўсёй Англіі. Сведкаў Касцёла судзілі, катавалі і забівалі. Англію затапіла цунамі каталіцкай крыві.

У гэты час побач з Вустэрам у маёнтку Тэмпл Брутон 13 студзеня 1590 года ў сям’і Вільгельма і Дораці Бэл нараджаецца хлопчык. Сям’я Бэл была адным з тых шматлікіх шляхецкіх родаў Англіі, якія не падпарадкаваліся прымусу веры і тайна працягвалі практыкаваць каталіцкае духоўнае жыццё.

Гравюра, якая прадстаўляе тайнбэрнскае дрэва

Свайго другога сына Вільгельм і Дораці хрысцяць Артурам. Артур быў трэцім дзіцём у сям’і Бэл пасля брата Вільгельма і сястры Маргарыты. Бацька Артура быў шанаваным выкладчыкам оксфардскага ўніверсітэта. Ён старанна клапаціўся, каб яго дзеці атрымалі добрую адукацыю і перанялі праўды каталіцкай веры. Божай воляй Вільгельм Бэл адыходзіць да Пана, калі Артуру ледзьве споўнілася восем гадоў.

Апеку над хлопчыкам прымае на сябе брат маці Францішак, які забірае хлопца ў Суффалк. У доме дзядзі Францішка Артур выхоўваецца да моманту, калі яму спаўняецца 24 гады. Будучы юнаком, Артур не раз быў сведкам пераследу католікаў. Бачыў, як дзядзька хаваў святара ў схованцы, таксама бачыў арышты і здзекі. Юнак, бачачы ганенні і мучаніцтва англійскіх братоў і сясцёр, крок за крокам адкрываў сваё пакліканне — быць Хрыстовым сведкам.

Пакліканне Артура Бэла

У 1615 годзе Артур паступае ў англійскі калегіум св. Амэра, маючы патаемнае прагненне стаць святаром. Небяспека паклікання да святарства ў родным краі змушае Артура пераехаць у Іспанію. Спачатку ён вывучае тэалогію ў Вальядалідзе, а пазней пераязджае ў Саламанку. Яго пасвячэнне ў прэзбітэры адбылося 14 красавіка 1618 года ў Саламанцы.

На іспанскай зямлі Артур пазнаёміўся з Ордэнам Братоў Меншых Францішканаў. Манаскае жыццё сталася яго марай. Нягледзячы на адгаворы, ён вырашае ўступіць у Ордэн і ўжо 9 жніўня 1618 года апранае хабіт св. Францішка ў кляштары Сеговіі. Падчас цырымоніі прынясення манаскіх абяцанняў Артур бярэ сабе другое (манаскае) імя — Францішак.

Францішкане бачылі ў маладым манаху вялікі патэнцыял і надзею на адраджэнне манаскага жыцця ў Англіі. Разам з Янам Геннінгсам Артур займаўся справай адраджэння францішканскай правінцыі ў Дуэ. У 1623 годзе Артура пераводзяць у кляштар у Брусэлі. На новым месцы ён служыць спаведніком у жаночых кляштарах, а таксама праводзіць духоўна-асветніцкую дзейнасць. З іспанскай мовы перакладае на родную шматлікія духоўныя кнігі і біяграфіі святых.

Увогуле айцец Бэл быў вельмі здольным, а яго веданне замежных моў была прычынай зайздрасці многіх.

Сабраты апісвалі, што бр. Артур маліўся Ружанец кожны дзень на іншай мове. У кляштарных калідорах можна было пачуць «Вітай, Марыя» на лацінскай, грэчаскай, французкай, іспанскай, фламандскай мове, на іўрыце і, канешне, на яго роднай, англійскай.

Айцец Артур пачынае выкладаць старажытныя мовы для каталіцкіх студэнтаў, а таксама працягвае перакладаць духоўную спадчыну Касцёла. Вакол яго збіраецца вялікая колькасць маладых манахаў і студэнтаў, якія ў захапленні яго асобай называлі францішканскага законніка «Святло нашых вачэй». Менавіта з гэтых слоў пачынае адну з першых біяграфій Артура Бэла яго вучань Ангелус. Слава і павага, якой атулялі Артура, пашыралася таксама сярод настаяцеляў Ордэна.

У 1632 годзе манаскія ўлады прызначаюць яго правінцыялам шатландскай правінцыі Братоў Меншых. Гэта была вельмі адказная і нялёгкая місія. Правінцыя амаль не існавала — Артур павінен быў стаць «Калумбам», які адкрые для Ордэна новы свет [...]

Працяг будзе.

 

Абноўлена 31.01.2018 09:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця