Пошук

25.06.2015 00:00  

Мы працягваем гаворку аб правах і абавязках дыяцэзіяльнага біскупа. Мы ўжо казалі аб тым, што ў Касцёле ёсць уставадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада. Дык вось, на ўзроўні дыяцэзіі менавіта дыяцэзіяльны біскуп мае ўставадаўчую ўладу, ён павінен выконваць яе асабіста і не можа нікому яе дэлегаваць, але пры ажыццяўленні гэтай улады дыяцэзіяльны біскуп заўсёды павінен памятаць аб нормах, якія маюць вышэйшы ранг.

Выканаўчую ўладу біскуп можа выконваць або асабіста, або праз генеральных і біскупскіх вікарыяў (больш падрабязна аб гэтым мы пагаворым пазней), таксама біскуп сам можа выконваць судовую ўладу, хаця звычайна робіць гэта праз судовага афіцыяла.

У выкананні сваёй улады біскуп павінен памятаць аб адзінстве Касцёла, на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі ён павінен сачыць за тым, каб у касцёльную дысцыпліну не ўваходзілі злоўжыванні, асабліва ў тым, што датычыць служэння слова, цэлебрацыі сакрамэнтаў і сакрамэнталій, культу Бога і святых, а таксама кіравання маёмасцю.

Таксама важным абавязкам дыяцэзіяльнага біскупа з’яўляецца абавязак рэзідэнцыі, гэта значыць пастаяннага пражывання на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, бо ён з’яўляецца галавой мясцовага Касцёла і павінен быць бачным фундаментам еднасці гэтага Касцёла. 395-ы канон кодэксу акрэслівае, што за выключэннем візіту ad limina (спецыяльнага візіту ў Апостальскую Сталіцу кожныя пяць гадоў) або ўдзелу ў Саборах, Сінодах і Канферэнцыях Біскупаў, дзе дыяцэзіяльны біскуп павінен прысутнічаць, або выканання іншых законна даручаных яму абавязкаў, ён можа па справядлівай прычыне адсутнічаць у дыяцэзіі не больш за месяц – або бесперапынна, або з перапынкам, калі будзе пэўным, што з-за яго адсутнасці не будзе ніякай шкоды для дыяцэзіі. Таксама біскуп не павінен адсутнічаць у дыяцэзіі ў дні Божага Нараджэння, Вялікага тыдня і Уваскрасення Пана, дні Пяцідзясятніцы і ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, хіба што на гэта будзе паважная і неадкладная прычына. Абавязак рэзідэнцыі біскупа – гэта вельмі сур’ёзная справа, таму ў Кодэксе існуе норма, паводле якой, калі біскуп незаконна адсутнічае ў дыяцэзіі больш за шэсць месяцаў, аб яго адсутнасці Мітрапаліт павінен праінфармаваць Апостальскі Пасад; а калі адсутнічае Мітрапаліт, гэта павінен зрабіць старэйшы суффраган, гэта значыць старэйшы з іншых дыяцэзіяльных біскупаў, якія ўваходзяць у касцёльную правінцыю.

Іншым важным абавязкам дыяцэзіяльнага біскупа з’яўляецца абавязак адведваць парафіі сваёй дыяцэзіі – праводзіць кананічную візітацыю дыяцэзіі. Ён павінен штогадова здзяйсняць або поўную, або частковую візітацыю сваёй дыяцэзіі такім чынам, каб па меншай меры за пяць гадоў ён здзейсніў поўную яе візітацыю, біскуп можа рабіць гэта асабіста або, калі перад ім узнікае законная перашкода, з дапамогай біскупа-каад’ютара або дапаможнага біскупа, Генеральнага або біскупскага вікарыя або з дапамогай іншага прэзбітэра. Звычайнай біскупскай візітацыі падлягаюць асобы, каталіцкія ўстановы, святыя рэчы і месцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі дыяцэзіі, аднак здзяйсняць візітацыю членаў манаскіх інстытутаў папскага права і іх дамы біскуп можа толькі ў выпадках, яўна акрэсленых у праве.

Кожныя пяць гадоў дыяцэзіяльны біскуп мае абавязак прадстаўляць Вярхоўнаму Пантыфіку справаздачу аб стане даручанай яму дыяцэзіі, аднак калі год, устаноўлены для прадстаўлення справаздачы, поўнасцю або часткова прыйшоўся на першыя два гады ад пачатку кіравання дыяцэзіяй, то біскуп у гэты раз можа ўстрымацца ад складання і прадстаўлення справаздачы. Дыяцэзіяльны біскуп у той год, калі павінен прадставіць справаздачу Вярхоўнаму Пантыфіку, павінен адправіцца ў Рым, каб аддаць пашану магілам святых Апосталаў Пятра і Паўла і з’явіцца перад Рымскім Пантыфікам – гэты візіт называецца візітам ad limina Apostolorum. Кожны дыяцэзіяльны біскуп павінен асабіста выканаць гэты абавязак, хіба што да гэтага будуць законныя перашкоды; у такім выпадку ён павінен гэта зрабіць праз каад’ютара, калі ён існуе, або праз дапаможнага біскупа, або праз прыдатнага святара са свайго прэзбітэрыя, які пражывае ў яго дыяцэзіі.

Дыяцэзіяльнаму біскупу, якому споўнілася семдзесят пяць гадоў, прапаноўваецца падаць прашэнне аб адстаўцы з пасады Вярхоўнаму Пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе абставіны, прыме сваё рашэнне. Таксама настойліва прапаноўваецца дыяцэзіяльнаму біскупу, які з-за хваробы або па іншай паважнай прычыне не можа належным чынам выконваць свае абавязкі, падаць прашэнне аб адстаўцы. Біскуп, чыё прашэнне аб адстаўцы было прынята, захоўвае за сабой тытул ганаровага біскупа сваёй дыяцэзіі, а таксама, калі захоча, можа захаваць месца жыхарства ў гэтай дыяцэзіі, хіба што ў пэўных выпадках, з-за спецыяльных акалічнасцяў, Апостальскі Пасад пастановіць інакш. Канферэнцыя Біскупаў павінна паклапаціцца аб тым, каб біскуп, які выйшаў у адстаўку, меў годнае ўтрыманне, памятаючы, аднак, аб тым, што ў першую чаргу гэты абавязак ўскладваецца на дыяцэзію, у якой ён служыў.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця