Калісьці Езусу задаў гэтае пытанне законнік, ён хацеў апраўдаць сябе, сваё стаўленне да людзей. Сёння мы шукаем адказ на гэтае пытанне для таго, каб зразумець сябе і быць больш плённымі ў служэнні бліжнім. Адказ можа быць не да канца вычарпальным, але дастатковым на дадзеным этапе нашага жыцця. Я ведаю, што ён з часам вернецца да нас, і не трэба баяцца шукаць адказаў, таму што я ўпэўнена ў тым, што ад адказу залежыць нашае стаўленне да бліжніх. Сёння я задаю гэтае пытанне Езусу, каб Ён дапамог нам убачыць усё дабро, якое бліжнія няспынна ўносілі і ўносяць у наша жыццё, і быць удзячнымі. Хаця кажуць, што дабрыня і ўдзячнасць ніколі не ходзяць у пары, яны ніяк не могуць сустрэцца...
З іншага боку я спрабую ўсвядоміць нашы грахі супраць бліжніх, каб, раскаяўшыся ў іх, мы імкнуліся будаваць новыя адносіны, заснаваныя на праўдзе і міласэрнасці.
Дзякуючы бліжнім, мы ведаем, што такое любіць і быць любімым. Бліжні – гэта школа чалавечнасці, у якой мы вучымся любіць чалавека. Бліжнія развіваюць нас, і ў іх, як у люстэрка, мы глядзімся і знаходзім крупінкі свайго сапраўднага “я”. Яны наш шанс у шырокім сэнсе гэтага слова. Кожны чалавек, у залежнасці ад свайго вопыту зносінаў з бліжнімі, можа напісаць сваё апавяданне, кім для яго з’яўляецца бліжні, як ён ставіцца да бліжніх і што яны ў сваю чаргу ўнеслі ў яго жыццё. Над гэтым перыядычна варта задумвацца, каб пазнаць праўду, а пазнаўшы яе, мы даем магчымасць праўдзе вызваліць нас.
Бліжні – ён нам як родны – брат, хаця не заўсёды аднадумец.
Ён наш прарок, які выкрывае нас.
Суддзя, які не заўсёды справядліва асуджае нас.
Роўны ў годнасці.
Хаця часам ставімся да яго, як да здабычы, і хочам заняволіць, як раба.
Бліжні аказваецца казлом адпушчэння, на якога мы без згрызотаў сумлення звальваем увесь цяжар нашага маладушша і граху і пасылаем яго на ўсе чатыры бакі.
Бліжні становіцца ахвярай, якую мы гатовы прынесці ва ўгоду ідалам нашых грахоўных жарсцяў: пысе, хцівасці, гневу, пажадлівасці, зайздрасці і ляноце.
Часам мы ўспрымаем бліжняга як п’едэстал, па якім мы стараемся ўзабрацца да вяршыняў уяўнай славы.
Ён фон, на якім мы ўдала выглядаем.
Гэтую літанію можна працягваць бясконца...
У гэтых ролях няма пераможцаў.
Знявольваючы бліжняга, ты сам становішся рабом.
Пагарджаючы ім, сам адчуваеш сябе адрынутым.
Ранячы яго, ты сам пакутуеш ад віны.
У гэтай братазабойчай барацьбе няма пераможцаў...
Спрыяльны час Вялікага посту, нам варта задумацца над пытаннямі:
- Хто яны такія – нашы бліжнія?
- Што яны ўносяць у наша жыццё?
- Як мы ставімся да бліжніх?
- Што мы ўносім у жыццё бліжніх?
С. Нунэ Цітаян MSF