Пошук

27.10.2016 00:00   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Ці можа чалавек загарнуць агонь сабе за пазуху і не спаліць вопраткі сваёй? І калі пойдзе па распаленым вуголлі, ці не папячэ ног сваіх? Таксама і той, хто прыходзіць да жонкі бліжняга свайго. Не пазбегне кары кожны, хто дакранецца да яе».

Гэтыя два рытарычныя пытанні і выснова (так бывае і з тымі, хто не падпарадкоўваецца Запаведзям Божым) знаходзім у адной з вучыцельных кніг Бібліі — Кнігі Прыпавесцяў Саламонавых (Прып 6, 27-29). У ёй ёсць вельмі карысная перасцярога, якая датычыць нашай сённяшняй тэмы, якая так і гучыць: «Перасцярога ад пралюбадзейства».

Мне здалося, што яна адрасавана нам, якія жывуць сёння...

Выпадак з практыкі катэхета

Днямі мае дванаццацігадовыя вучні нясмела спыталі: «Сястра, можна Вам задаць нясціплае пытанне?» А размаўлялі мы з імі пра тое, як сустрэча з Езусам Хрыстом і вера ў Яго паўплывалі на нашае жыццё, чаму мы навучыліся ад Езуса і як вера ў Бога фарміруе і ўплывае на наш характар.

Я чакала нейкага складанафіласофскага пытання, яны ў мяне такія — філосафы-хрысціяне. Часам дзіўлюся, наколькі глыбокім можа быць сэрца дзіцяці. Дык вось, яны спыталі мяне, ці была я калі закаханай. Мяне парадавала іх пытанне, таму што Бога і веру яны спрабуюць перанесці на сексуальную сферу свайго жыцця, чаго многія дарослыя хрысціяне асцерагаюцца.

Сексуальная сфера ўжо даўно не з’яўляецца тэмай табу, але мы спрабуем адчайна спіхнуць яе на абочыну жыцця, пры гэтым яна становіцца джалам, якое жаліць нашае грамадства, асабліва моладзь. Залатая сярэдзіна патрэбна заўсёды і ва ўсім — гэта адназначна.

Але як знайсці і вызначыць залатую сярэдзіну нам, пакаленню, якое жыве ў свеце, дзе гомасексуальныя шлюбы валодаюць дзяржаўным статусам і лічацца сям’ёй?.. Калі банальнае сужыцельства называюць грамадзянскім шлюбам?..

Пазбаўленне цнатлівасці ў падлеткавым узросце лічаць чымсьці нармальным і звычайным?..

Хрысціянскія каштоўнасці заўсёды былі выклікам для сучаснікаў. Як дапамагчы моладзі і дзецям стала карыстацца Божым дарам, якім з’яўляецца наша сексуальнасць? Па-першае, не трэба баяцца размаўляць з імі на гэту тэму. Многія бацькі паціскаюць плячыма і апраўдваюцца тым, што з імі пра гэта ніхто не размаўляў, і яны не ведаюць, як і з чаго пачаць размову.

«Сястра Нунэ, я закахаўся...»

З маёй шматгадовай практыкі катэхізатара магу сказаць, што нам, дарослым, не трэба перажываць аб гэтым, таму што дзеці звычайна самі пачынаюць размову, нам трэба толькі яе падтрымаць і накіраваць у правільнае рэчышча.

А дзе ж яно, гэта правільнае рэчышча, калі мы самі, дарослыя, заблыталіся ў сваіх шуканнях. Данііл на ўроку падняў руку і перад усім класам з гонарам і радасцю сказаў: «Сястра Нунэ, я закахаўся». Я шчыра парадавалася за яго, а дзеці адрэагавалі па-рознаму: адны заківалі, выказваючы сваю падтрымку, іншыя па-дзіцячы заўсміхаліся, а некалькі дзяцей сядзелі з каменнымі тварамі — ніякай рэакцыі.

Потым мы пачалі з імі размаўляць пра закаханасць, расчараванні і ўзаемнасць, шукалі, што агульнага і чым адрозніваюцца закаханасць і любоў. Мы пагутарылі пра гэта літаральна пяць хвілін, і гэтага было дастаткова, яны самі пераключаліся на іншую тэму.

Калі мы з дзецьмі, якія прыступаюць да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, праходзім шостую Божую запаведзь, звычайна яны расказваюць пра сітуацыі, з якімі не ведаюць, як справіцца. Я пытаюся ў дзяцей, ці размаўляюць яны пра гэта са сваімі бацькамі ці настаўнікамі.

Дзеці адказваюць, што з бацькамі пра гэта гаварыць баяцца, таму што ў выніку дзеці ўсё роўна застануцца вінаватымі, а з настаўнікамі, калі падымаюць гэтыя тэмы... Настаўнікі ў такіх выпадках таксама «сыходзяць» убок, маўляў, так было паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі заўсёды, і так будзе.

Пра парадак у сексуальнай сферы

Я да гэтай пары адчуваю пачуццё гонару за свайго вучня — адзінаццацігадовага Арцёма. Ён пабачыў, як старшакласнікі здзекваліся з яго аднакласніцы, задзіралі ёй спадніцу і смяяліся. Арцём разумеў, што яму не здужаць старшакласнікаў, і таму ён засланіў яе, напужаную, у слязах, сабой — ён засланіў сабою яе галізну.

Для мяне ён герой, і для сканфужаных старшакласнікаў таксама, таму што пасля такога яго ўчынку яны развярнуліся і сышлі.

На катэхезе дзеці малявалі малюнкі на тэму Божых запаведзяў. Калі справа дайшла да шостай Божай запаведзі, яны намалявалі малюнкі, у якіх не адабралі вульгарна апранутых дзяўчат, дзяцей, якія глядзяць часопісы з непрыстойнымі карцінкамі, і тых, якія задзірліва і вульгарна сябе паводзяць.

Але часцей за ўсё яны малявалі малюнак, сэнс якога выражаўся выразам: «Толькі дакраніся да мяне, і пра гэта даведаюцца ўсе».

Я рада таму, што ўдалося пераканаць дзяцей не маўчаць, калі з імі непрыстойна абыходзяцца, не баяцца пастаяць за сябе і прасіць дапамогі ў дарослых.

Усё ў нашым жыцці патрабуе парадку, у тым ліку і сфера сексуальная. Калі мы выкарыстоўваем яе насуперак Божай задуме — губім не толькі сябе, але і сваіх бліжніх. Самае страшнае, калі іншы чалавек успрымаецца намі як прадмет, які дае нам задавальненне. У сучасных маладых людзей, якія выбралі распусны лад жыцця, я бачу пачуццё адчаю.

Сексуальная распуста цесна звязана з адчуваннем адчаю... Я сама была глыбока здзіўленая гэтым адкрыццём. Але чым даўжэй назіраю за моладдзю, тым больш пераконваюся ў правільнасці фармулёўкі аб тым, што распустай рухае адчай.

Адчай заўсёды з’яўляецца вынікам многіх прычын, вынікам ранаў нашай чалавечнасці — адсутнасці духоўнага жыцця, недахопу ўвагі і любові ў сям’і, непрыняцця сябе, адчування непатрэбнасці і нікчэмнасці, якія нам унушылі і ў якія мы паверылі, не ўмеючы будаваць сталыя адносіны на роўных з бліжнімі.

Так, маладыя людзі насамрэч не вераць у тое, што яны могуць пабудаваць нармальныя, паўнавартасныя адносіны з супрацьлеглым полам. Вакол сябе яны бачаць непераканаўчасць сваіх бацькоў і знаёмых у гэтым пытанні і таму адчайваюцца.

Нявіннасць — праўдзівая каштоўнасць

Калі я працавала ў сферы дабрачыннасці, засвоіла вельмі шмат жыццёва важных урокаў, маімі настаўнікамі былі людзі, якім я дапамагала. У мяне, можна сказаць, менталітэт армянскай жанчыны. З дзяцінства я дапамагала і цаніла сваю жаночую годнасць, цаніла цнатлівасць і не ведала, што гэта — маё багацце і залог маёй будучай сям’і.

Спакусаў было шмат, спакуснікаў хапала... Але я ведала сябе, ведала, да чаго я імкнуся і чаго хачу ад жыцця, таму мне было няцяжка выстаяць супраць спакусаў. Жыццё манаскімі абяцаннямі, асабліва нявіннасць, з’яўляецца для мяне праўдзівай каштоўнасцю. Але сустрэча з распуснымі жанчынамі, якім я дапамагала, таксама адкрыла мне вочы на многае. Замест пачуцця асцярогі, гідлівасці і асуджэння ў мяне з’явілася пачуццё разумення і прыняцця іх.

Я ніколі не апраўдваю распуснасць і разбэшчанасць, але я не хачу губляць з поля зроку годнасць, якой надзелены кожны чалавек. Прыкладна ва ўзросце дзесяці гадоў, памятаю, упершыню даведалася, што прастытуткі — гэта жанчыны, якія маюць блізкасць з мужчынамі за грошы.

Я да гэтай пары памятаю сваё дзіцячае пытанне: чаму мужчыны не дадуць гэтым жанчынам грошай проста так, бо яны ў іх ёсць, і ў выніку яны ўсё роўна ім аддаюць свае грошы — навошта тады жанчын прыніжаць? Сёння, у перспектыве, разумею, што я не ўспрымала жанчын як прадмет, які дае задавальненне, а бачыла ў іх людзей, дзяўчат, якія страцілі надзею ў сваім імкненні і жаданні быць любімай, прынятай і абароненай...

І яшчэ. Часта сутыкаюся з такім мысленнем, што мы, хрысціяне, — ахвяры ўстрымання. «Сястра, Вам нельга сустракацца з мужчынамі, Вы па пятніцах не можаце есці мяса, Вам нельга піць алкагольныя напоі, хадзіць на дыскатэкі, паліць цыгарэты, па нядзелях Вы не можаце працаваць, Вам нельга прапускаць святую Імшу...»

І ўсё ў стылі «Вам нельга, Вы не можаце, Вы павінны...». Калі я ўяўляю гэты стыль жыцця, які «малююць» сучаснікі нам, хрысціянам, мне становіцца страшна ад невуцтва і скажонага разумення хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Але вось пра што падумала: можа быць, гэта не толькі праблема нашых сучаснікаў? Можа быць, мы самі паводзім сябе, як «няшчасныя ахвяры ўстрымання»? Можа быць, мы яшчэ не прайшлі гэты шлях развіцця ад «нам нельга» да «я па-іншаму не хачу, не магу і не буду»?

Няхай кожны з нас задумаецца над тым вобразам хрысціяніна, якім мы спрабуем сцвярджаць сваім жыццём і ўчынкамі, — ці пераканаўчы ён для нашых сучаснікаў? Бо мы, хрысціяне, якія цэнім і захоўваем нявіннасць, павінны быць радаснымі сведкамі, а не ахвярамі ўстрымання.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа