Пошук

19.05.2018 16:00   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

Дух Святы — самая таямнічая асоба Найсвяцейшай Тройцы. Мы менш за ўсё ведаем пра Яго, хоць Ён знаходзіцца ў цэнтры ўсіх самых важных падзей, звязаных з гісторыяй нашага збаўлення. «Дух нябачны, але мы Яго ведаем дзякуючы Яго дзеянню, калі Ён нам адкрывае Слова і калі дзейнічае ў Касцёле».

Нябачныя сляды дзеяння Духа Святога хочацца прасачыць на прыкладзе жыцця святога Пятра. Жыццё святога апостала Пятра можна падзяліць на два перыяды — «да» і «пасля» Пяцідзясятніцы. Дух Святы з Сымона, сына Ёны, учыніў Пятра — скалу, на якой Хрыстус стварыў Касцёл, і брамы пекла не перамогуць яго…

Прыйдзі, Духу мудрасці, і асвяці недасведчанасць і цемру нашых сэрцаў, каб мы спасціглі Святло Праўдзівае.

Пётр першым сярод апосталаў вызнаў веру ў Езуса: «…Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога» (пар. Мц 16, 16). І ён жа, Пётр, пачаў пярэчыць Езусу, калі «… пачаў Езус адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: „Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца“» (пар. Мц 16, 21–22). Недасведчанасць, страх перад пакутамі і смерцю заўсёды скоўвалі чалавечы розум і прыкоўвалі яго да зямнога, цялеснага і матэрыяльнага. Які ж блізкі нам Пётр, які пярэчыць Езусу! З аднаго боку, мы вызнаём сваю веру ў Езуса Хрыста, а з другога боку думаем не пра тое, што Божае, але што чалавечае. Пасля сашэсця Духа Святога Пётр зразумеў, што Езус — Сын Божы, які памёр за нашы грахі. Такая перамена ва ўсведамленні магчыма толькі пры спрыянні Духа Святога.

«Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе» (пар. Ян 16, 13).


Прыйдзі, Духу розуму, і напоўні наш розум усведамленнем Бога.

Апосталы былі блізка Езуса, слухалі Яго словы, але многага не разумелі, а спытаць Яго — баяліся. Як жа нам гэта знаёма і блізка: слухаем словы Евангелля, быццам бы знаёмы фрагмент з жыцця Езуса, але ўсё-такі нейкі далёкі, непраўдападобны, чагосьці не хапае…

Пасля таго, як Пётр і апосталы прынялі Духа Святога, яны не толькі зразумелі сутнасць вучэння Езуса Хрыста, але і самі прапаведавалі, тлумачылі сутнасць вучэння ўсім людзям. Каб здолець перадаць ісціну, трэба самому яе зразумець і прыняць, дазволіць Ісціне перамяніць сябе. Дазволіць Духу Святому пераканаць сябе…

«Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне» (пар. Ян 15, 26).

Прыйдзі, Духу рады, і настаў нас на шлях збаўлення.

Дар рады — гэта вялізнае багацце, якім мы можам служыць нашым бліжнім. Разважаючы над справай міласэрнасці для душы бліжняга — «параіць таму, хто сумняецца», — мы з дзецьмі прыйшлі да высновы, што можна было б пазбегнуць многіх грахоў і зла, калі б мы ўмелі даваць і прымаць добрыя парады. Што прапанаваў дэзарыентаваны Пётр спалоханым апосталам пасля Уваскрасення Езуса Хрыста? Ён прапанаваў ім вярнуцца і лавіць рыбу. Вы толькі ўдумайцеся… Як пасля таго, што яны бачылі і перажылі, можна вярнуцца і лавіць рыбу?

А што прапанаваў Пётр пасля сашэсця Духа Святога? «…і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога» (пар. Дз 2, 38).

«Езус адказаў: „Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства» (пар. Ян 3, 5).

Прыйдзі, Духу моцы, і дай нам мужна вызнаваць нашу веру.


Сымон па-свойму любіў Езуса Хрыста. Ён абяцаў Езусу, што ніколі не адрачэцца ад Яго. Але мы ведаем пра тое, што ён тры разы адрокся ад Езуса Хрыста.

У пачатку свайго манаскага жыцця я засвоіла вельмі важную для сябе праўду, якой я жыву да гэтага часу: «Без Духа Святога я не здольная любіць Бога. Толькі Дух Святы можа навучыць мяне сапраўднай любові. Ён Дух Божы любіць ува мне…»

Пасля сашэсця Духа Святога Пятра ўкрыжавалі ўверх нагамі за веру ў Езуса Хрыста.

«Народжанае з цела ёсць целам, а народжанае з Духа ёсць духам» (пар. Ян 3, 6).

Прыйдзі, Духу ўмеласці, і ствары ўва мне новага чалавека.


Пасля заняткаў па падрыхтоўцы да сакрамэнту канфірмацыі адзін з маіх вучняў спытаў мяне: «Сястра, пасля таго, як мы прымем сакрамэнт канфірмацыі, мы таксама зменімся і станем, як Пётр, апосталамі?» Рыбак стаў лаўцом людзей… Хто мы для свету? Хто мы ў свеце? А хто мы для Бога? Хто мы ў Валадарстве нашага Нябеснага Айца? Прайсці шлях ад рыбака да апостала… Шлях ад Сымона да святога Пятра, ад старога чалавека да новага — гэта магчыма толькі ў Духу Святым.

«Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа» (пар. Ян 3, 8).

Прыйдзі, Духу пабожнасці, і ўчыні, каб хрысціянская праведнасць стала сэрцам нашай веры.


У Гетсіманскім садзе Езус прасіў сваіх вучняў чуваць і маліцца з Ім, а мы ведаем, што яны, у тым ліку і Пётр, спалі ад смутку, не маліліся. Хрысціянская пабожнасць — гэта не толькі жаданне маліцца, але і жыццё ў праведнасці. Мы з вамі спынімся на малітве. Ці з’яўляецца малітва нашым любімым заняткам? Што для нас малітва? Мне здаецца, колькі людзей у свеце, столькі і спосабаў малітвы. Ці верым мы з вамі ў сілу малітвы?

Пасля прыняцця Духа Святога Пётр праслаўляў Бога, маліўся і пасціўся.

«Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (пар. Рым 8, 26).

Прыйдзі, Духу боязі Божай, і навучы нас сапраўднаму пакланенню Богу Адзінаму.

З сямі дароў Духа Святога дар боязі Божай для мяне — самы важны. Дзеці не разумеюць сэнс гэтага дару. Яны кажуць мне: «Сястра, Вы вучыце нас любіць, а не баяцца Бога, навошта ж нам гэты дар?»

Сэнс гэтага дару я разумею такім чынам: я настолькі моцна люблю Бога, што баюся Яго пакрыўдзіць хаця б самым малым грахом. Ён — самы галоўны ў маім жыцці, Ён — мой скарб, мая святасць, Той, дзеля якога я магу аддаць сваё жыццё. Няма нікога і нічога важней і каштоўней Бога.

Такім стаў у жыцці святога Пятра Езус з Назарэта.

Прыміце Духа Святога ўсе тыя, хто гатовы да пераменаў.

Прыміце Духа Святога ўсе тыя, хто імкнецца да адзінства і брацкай любові.

Прыміце Духа Святога ўсе тыя, хто хоча любіць Бога ўсёй сваёй істотай.

Абноўлена 20.05.2018 19:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа