Пошук

18.01.2013 09:58   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

У сучасным свеце 75% выпадкаў усіх ганенняў на рэлігійнай глебе — гэта ганенні на хрысціян. Кожныя пяць хвілін гіне за веру адзін хрысціянін. За год такіх навамучанікаў набіраецца 105 тысяч. Чаму баяцца нас, хрысціян? Няўжо мы настолькі небяспечныя? Або наша вера нясе ў сабе схаваную пагрозу?

«Людзі няздольныя жыць разам» — так сцвярджаюць тыя, якія вядуць нас да разладаў, экстрэмізму і ў выніку да тэрарызму. Гэта ж, бачыце, не хопіць хлеба, вады, паветра і да т.п. Скажоную страхам, галодную свядомасць лёгка начыніць рэлігійнай узрыўчаткай, і вось апакаліпсіс мясцовага значэння, галоўнае адключыць свядомасць чалавека. «Вока за вока» — і ўсе застаюцца сляпымі. Каму гэта выгодна? Тым, хто імкнецца да ўлады і нажывы. Гэта логіка злога духа. Падзяляй і валадар. Бліжні — пагроза. Бліжні — канкурэнт, бліжні — фон, на якім можна вылучыцца. Бліжні — пешка ў гульні, проста манекен, і ў выніку ён становіцца таварам. Нічога асабістага, проста бізнес — так яны кажуць.

Сучаснаму свету не па душы нашы хрысціянскія погляды. На Захадзе наша веравучэнне прыціскае інтарэсы «абраных», «недатыкальных». Абмяжоўвае іх так званую «прыватную свабоду». «Якая мараль, усё ў далёкім і цёмным мінулым». На Усходзе баяцца найменшага праяўлення нашай веры, таму што яна вее навізной чалавекалюбства і дае расколіну ў сістэме, пабудаванай на фундаменталізме і страху. Час глабальных зменаў. Ён дакранецца да ўсіх, кануць у бездань фанатычна настроеныя групоўкі і так званыя хрысціяне з «метрыкай аб хросце» — «ні халодныя, ні гарачыя», ніякія. Гэта ўсяго толькі пытанне часу. Чаму менавіта яны? Таму што першыя хочуць шляхам тэрору, запалохвання і насілля даказаць усяму свету, што яны адзінаўладныя валадары праўды. Усіх не запалохаеш. Забіваць для таго, каб даказаць сваю правату, — гэта шлях у бездань. Неаднаразова вучыла нас гэтаму гісторыя чалавецтва. Людзі, пазбаўленыя будучыні, стараюцца пазбавіць будучыні ўсіх навокал, і гэта ў імя праўды. Праўда — гэта жыццё, а для хрысціян — гэта яшчэ і любоў. Другія — «ні халодныя, ні гарачыя», яны не ведаюць, хто яны такія, у іх няма арыенціраў і зместу. Ёсць нейкая разбураючая знутры неадпаведнасць — супярэчнасць, быццам бы ахрышчаны хрысціянін, а па стылі жыцця варвар — язычнік. Язычніцтва сярод хрысціян спакушае ўсіх тых, якія яшчэ не паверылі.

Сапраўднае хрысціянства было і застаецца заўсёды выклікам для чалавецтва, таму што наша імкненне да дабра, любові і святасці ўспрымаецца варожа тымі, хто не імкнецца да супольнага дабра. Мы, хрысціяне, адмаўляемся ад прымянення насілля, але гэта не кажа аб тым, што мы будзем мірыцца са злом. У нас не супрацоўніцтва са злом. Нельга мірыцца з несправядлівасцю, якую чыніць хто б там ні было і дзе б ні было. Важна адкрываць на гэта людзям вочы і ў гэтай барацьбе быць гатовымі да болю, адзіноты, прыніжэння, стратаў і нават смерці — гэтаму вучыць нас Езус. Ён не казаў, што будзе лёгка. Езус вучыць нас быць мужнымі, умець пераносіць удары, не наносячы ўдараў у адказ, але пры гэтым не адступаць ад сваёй веры ні на крок. Калі мы паступаем менавіта так, у душы пераследніка ўзнікае новае пачуццё. Нянавісць змяняецца павагай. Мужнасць і трываласць ва ўсе часы выклікалі павагу. А калі мы будзем адказваць злом на зло, помста аслепіць нас, мы страцім павагу да сябе, таму што перастанем быць тым, кім мы ёсць. Праз варожасць і насілле мы станем падобнымі да нашых ганіцеляў. Супрацьстаяць іх гневу, а не правакаваць гнеў — у гэтым сэнс хрысціянскага супрацьстаяння. Хрысціянскіх мучанікаў пазбаўляюць жыцця, але ў ганіцеляў няма іх пакорнасці, яны не пакланіліся, не падначаліліся і не саступілі злу.

Да Махатмы Гандзі, які аб’явіў галадоўку ў сувязі з бамбейскімі непарадкамі, прыйшоў індус, бацька, чыйго сына забілі мусульмане. Ён прыйшоў разам з іншымі індусамі да Гандзі, каб сказаць яму аб тым, што індусы спыняюць насілле над мусульманамі, і папрасіў Гандзі, каб ён спыніў галадоўку і пачаў есці. Ён сказаў Гандзі: «Я ўсё роўна траплю ў пекла, таму што я забіў маленькага мусульманскага хлопчыка. Я ўдарыў яго галавой аб сценку. Я не хачу, каб і твая смерць была на маім сумленні». Гандзі адказаў яму: «Я ведаю выйсце з твайго пекла. Знайдзі маленькага хлопчыка, у якога забілі бацькоў, і выхавай яго як сына, але май на ўвазе, ён павінен стаць добрым мусульманінам». Такое выйсце з фанатычнага шаленства хацелася б параіць усім нецярпімым, непрымірымым «праведнікам» усіх рэлігійных канфесій, якія пакладаюць надзею ў насіллі і свята ўпэўнены ў сваёй праваце.

Важна ведаць, што мы хочам — змяніць становішча або пакараць вінаватых. Суд пакінем Пану Богу, а змяніць становішча — гэта прысарамаціць, прымусіць пачырванець кожнага, хто ставіцца да іншага чалавека не як да сябе. Залатое правіла кажа: «Стаўся да іншых людзей так, як ты хочаш, каб ставіліся да цябе». Усе мы дзеці Божыя. Жыццё кожнага чалавека святое, незалежна ад нацыянальнасці і рэлігійных перакананняў. Усе мы ў дарозе і кожнаму хопіць месца на гэтай зямлі. Імкненне да адзінства і міру мы можам выявіць у сумеснай міжканфесійнай малітве і посце дзеля міру ва ўсім свеце.

Дарагі чытач, прапаную табе задумацца і пісьмова адказаць на пытанні:

— Як ты хочаш, каб людзі (можаш пералічыць іх пайменна) ставіліся да цябе?
— Што ты хочаш, каб людзі (можаш пералічыць іх пайменна) зрабілі для цябе?
— Як ты ставішся да людзей (канкрэтныя людзі і рэальныя факты, не нашы ілюзіі і мары)?
— Што ты робіш для бліжніх? Рэальныя факты…

«Там, дзе няма любові, унясі любоў і знойдзеш любоў».

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.