Пошук

02.11.2012 07:55   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, і смерць — гэта набытак» (Флп 1, 21). «Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём» (2 Цім 2, 11). На працягу многіх гадоў у нас у касцёлах я назіраю цікавую з’яву. У кастрычніку ў нашых парафіях асабліва ажыўляюцца парафіяне, нават тыя, якіх я называю святочнымі (яны прыходзяць у касцёл толькі па вялікіх святах).

У сакрыстыю з раніцы і вечарам выстройваюцца доўгія маўклівыя чэргі, каб запісаць імёны памерлых. Кожны парафіянін хоча, каб святары памаліліся за роднага і блізкага ім чалавека. Гляджу на чэргі, уважліва ўглядаюся ў твары людзей і разумею, як жа мы ўсё-такі любім нашых памерлых. Гэтая думка радуе мяне. Любоў, якую мы адчуваем, застаецца светлай памяццю ў нас. У малітве мы маем зносіны з памерлымі.

У апошні час я сумую па адной вялікай, простай і светлай жанчыне, яе завуць Ірэна. Пан паклікаў яе мінулай вясной. Бывае так, што хочацца прыходзіць на могілкі да памерлых, а здараецца і такое, што ты прыходзіш і разумееш, што яго тут няма. Такія пачуцці нараджаюцца ўва мне, калі я думаю пра Ірэну. Яе там няма, амаль што пусты гроб…

Люблю прыбіраць на могілках. Асабліва старыя закінутыя, забытыя людзьмі могілкі. З аднаго боку, такім чынам я выяўляю сваю павагу да спачылых, якіх я не ведаю, аддаю ім доўг чалавечнасці. З іншага боку, прыбіраючы на могілках, дакранаючыся да помнікаў, я нібыта ўваходжу ў зносіны з памерлымі, якія, нягледзячы ні на што, застаюцца заўсёды жывымі для мяне. У зносінах з памерлымі ёсць штосьці таямнічае, боскае, яны схаваны ў Богу. Часам наведвае думка: а ці ў Богу яны ўтоеныя? І тады жаль накатвае, камяк стаіць у горле, і цяжка дыхаць. А можа быць, гэта не выражаная любоў, словы, якія мы так і не асмеліліся прамовіць? Як добра, што ўсё-такі яшчэ ёсць час. Божа мой, дай мне мужнасць праяўляць сваю любоў. Няхай нерашучасць, крыўды і страх быць незразуметым не скоўваюць нашай любові. Любоў трэба праяўляць, інакш яна адгукнецца болем у сэрцы. Няхай кожны спытае ў сябе: чаго ж я баюся?.. Раскрыцца перад кімсьці ў сваёй любові і прывязанасці для нас усё роўна, што здацца? Так, Пан даўно здаўся чалавеку, Ён раскрыў, не, хутчэй Ён дазволіў прабіць сваё сэрца, з якога вылілася любоў на раны свету. А нам хочацца інтрыг, улады і барацьбы, таму лічым за лепшае трымаць у «тонусе» нашых бліжніх. Што мы ў выніку маем? Мора нявыказаных словаў, якія мы, як сапсаваную пласцінку, пастаянна пракручваем у нашай свядомасці, пераконваючы сябе ў тым, што мы — любім, а праявіць сваю любоў у жыцці баімся: а раптам не зразумеюць, не ацэняць, выкарыстаюць, адвергнуць, і што тады, як жыць? Працягваць любіць, таму што ў гэтым — сэнс нашага быцця.

Нядаўна я рыхтавала для дзяцей прэзентацыю пра першародны грэх і яго наступствы і выпадкова сутыкнулася з фатаграфіяй, якая да глыбіні душы ўзрушыла мяне. Могілкі загінуўшых у Афганістане амерыканскіх салдат. Мноства крыжоў з гонарам узвышаюцца над зямлёй, указваючы месца пахавання загінуўшага салдата, а на магілцы, выцягнуўшыся ў струну, ляжыць маладая дзяўчына, яна плача і сумуе па каханым. Яна хоча выявіць сваё каханне, хоча дакрануцца і пераканацца ў тым, што паміж імі ўсё па-ранейшаму, што нічога не змянілася, што яна — тая ж у яго сэрцы і ў яго вачах… Бо адносіны не паміраюць, яны бессмяротныя, таму што зараджаюцца ў глыбіні бессмяротнай душы. Згадзіцеся, цяжкае выпала ёй выпрабаванне. Яна не можа з ім змірыцца, усё яшчэ не навучылася жыць без каханага. Усёй сваёй істотай яна не кажа, а адчайна крычыць аб сваёй адзіноце і няспраўджаным каханні. У мяне ўзнікла моцнае жаданне ўваскрасіць яе каханага.

Цяпер я разумею Езуса… Пана жыватворчага і ўваскрашаючага з памерлых.

Езус ішоў са сваімі вучнямі і з натоўпам людзей, якія былі пад уражаннем цуду, які адбыўся: Хрыстус вылечыў слугу сотніка. «Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: „Не плач!“» (Лк 7, 12–13).

На сузіранні я часта пытаюся ў сябе: што ўбачыў Езус? Бо бедная ўдава не прамовіла ні адзінага слова, яна Яго ні аб чым не прасіла, ніхто за яе не заступіўся. Бо яе выгляд выражаў маленне, маўклівы крык маці звяртаўся да неба, ёй не патрэбны былі словы, уся яе натура выражала тое, што яна адчувала і чаго яна так моцна жадала. Паглядзеўшы на яе, Езус усё зразумеў. Ён спачуваў ёй, спачуваў яе гору. Які ж у нас вялікі Бог, наколькі Ён чулы і чалавечны. Езус злітаваўся над ёю, над беднай удавой з Наіна.

«І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: „Хлопча, кажу табе, устань!“ Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: „Вялікі прарок паўстаў сярод нас“ і: „Бог наведаў свой народ“» (Лк 7, 14–16).

Пан Бог не ствараў смерці, ён перасцерагаў чалавека ад яе. Калі ж мы ўсё-такі ўпусцілі яе ў свой свет, Езус уступіў у змаганне з ёю і перамог яе на Крыжы, вырваў яе джала, якое смяротна джаліла нас. Сваім уваскрасеннем Езус надзяліў яе новым сэнсам, цяпер смерць нам не вораг, а саюзніца, у Хрысце яна стала нам сястрой, парогам да дому Айца, які мы пераступаем, каб атрымаць вечнае жыццё. «Я хачу бачыць Бога, а каб Яго ўбачыць, трэба памерці», — пісала святая Тэрэза ад Езуса.

У гэтым годзе, прысвечаным нашай веры, задумаемся над сэнсам хрысціянскай смерці:

— якія пачуцці выклікаюць у нас словы: «Веру ва ўваскрасенне цела. Веру ў жыццё вечнае»?
— ці разумею я глыбіню гэтых словаў, ці ўсведамляю праўду, якую публічна вызнаю кожную нядзелю?
— ці жыву я гэтай праўдай?

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа