Пошук

18.08.2012 10:28   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

У апошні час, размаўляючы са знаёмымі, вельмі часта чую ў іх голасе непакой і трывогу за лёсы сем’яў і выхаванне ў іх дзяцей. Афіцыйная статыстыка кажа пра тое, што на 90 заключаных шлюбаў прыпадае 61 развод у год. У чым прычына разводаў — няхай разбіраюцца эксперты. Я ж хачу звярнуць увагу на духоўны бок шлюбу.

Ужо даўно назіраю вельмі цікавую ўзаемасувязь паміж пачуццём святога ў маіх вучнях і цэласнасцю і якасцю іх сем’яў. Калі нават сям’я не рэлігійная, але ў ёй ёсць здаровыя маральныя прынцыпы сям’і, дзіця ўспрымальнае да святога. Але калі сям’я «рэлігійная», толькі на словах вызнае сваю веру, а на практыцы ўсё заканчваецца традыцыяй і фальклорам, вельмі цяжка прывіць пачуццё святога ў душу дзіцяці. Вось некалькі прыкладаў з жыцця маіх знаёмых і вучняў.

Хлопчык, яму 11 гадоў, яго адзінокая мама «рэлігійная», інтэнсіўна занятая наладжваннем свайго асабістага жыцця, пры гэтым яна ўсё робіць на вачах у сына і ў яго прысутнасці. На катэхезах ён вельмі актыўны, успрымальны, уцягвае ў сябе ўсе веды, задае шмат пытанняў… Але калі справа даходзіць да практыкі, ён губляецца і адступае, становіцца падобным да дрэва, у якога няма каранёў. На сходзе для бацькоў я прапанавала ім паразважаць над наступным сюжэтам: уявіце сабе лодку на сярэдзіне возера, у ёй — вы і ваша дзіця, якое вы хочаце пераправіць на другі бераг. У лодцы два вёслы. Калі карыстацца толькі адным вяслом, каб даплысці да берага, спатрэбіцца вельмі шмат намаганняў, працы і ўмення, каб утрымаць правільны курс і дайсці да мэты — бо з адным вяслом мы, як правіла, круцімся на адным месцы. А калі карыстацца двума вёсламі, нашмат прасцей утрымаць правільны курс, і мы зэканомім шмат сіл і часу і хутчэй даплывём да вызначанай мэты. Такім чынам, другое вясло ў выхаванні дзіцяці прапануе нам Касцёл, і часта гэтае другое вясло з’яўляецца вызначальным, накіроўваючым і самым важным у жыцці дзіцяці. Канешне, апрануць, абуць, накарміць дзіця, уладкаваць для яго годны побыт неабходна, але гэта яшчэ не ўсё. Самае галоўнае — выхаваць з яго паўнавартасную асобу, здольную адрозніваць дабро ад зла, абіраць дабро і адвяргаць зло. Паўнавартасная асоба — гэта не толькі адукаваны чалавек, гэта чалавек з духоўнымі прынцыпамі. Студэнцкая моладзь распавядае мне пра вар’яцтвы, якія чыніць будучая інтэлігенцыя. Распуста, разбэшчанасць, бессаромнасць, п’янства, лянота і да т. п. Мне, законніцы, не вядома столькі, колькі вядома вам. Я не займаюся сацыяльнымі даследаваннямі жыцця студэнтаў і не хачу прадстаўляць усё ў шэрых колерах, а толькі хачу папярэдзіць вас аб плёнах. Тое, што мы сеем сёння, будзем збіраць заўтра. Ці гатовыя мы да гэтага? Калі ў душы ў чалавека няма святога, тады гэты чалавек муціруе, становіцца здольным на ўсё ў прамым сэнсе гэтага слова. А што святое для нас? Для мяне, да таго як пазнаць Пана Бога і Яго Касцёл, святым было і ёсць мая мама, мой бацька, мае браты, мой народ, мая родная мова, мая Радзіма. Я не магу ўявіць сабе, як бы я ставілася да сваёй маці, калі б у яе спальні я бачыла розных мужчын. Што было б з маёй чысцінёй?.. Толькі Пан Бог святы, гэта — аксіёма. Але ў жыцці кожнага з нас павінна быць штосьці яшчэ — у вышэйшай ступені чыстае, пастаяннае, непахіснае. Многае, калі не ўсё, мы ўбіраем у сябе ў сям’і. Вы можаце сказаць, што, калі ў сям’і ўсё добра, гэта яшчэ не факт, што і з дзіцём будзе ўсё нармальна. Згодна. Але калі ў сям’і лад, дзіцяці будзе прасцей абраць дабро, а заблукаўшы, яму будзе прасцей знайсці шлях назад.

Мая знаёмая выйшла замуж, і я спытала ў яе: ці моляцца яны разам з мужам. Яна адказала: не. Тады я ёй параіла, каб яна прапанавала мужу перад сном памаліцца. Вы ведаеце, што яна мне адказала? Я не чакала такога адказу. Яна сказала: «Я саромеюся прапаноўваць яму маліцца». Цікава, хто ўнёс збой у нашу сістэму сораму? Мы нават дакладна не ведаем, калі і чаго мы павінны саромецца. Узгадваю рэкламу гумкі. Жанчына, якая целам нагадвае Мэрылін Манро, замест твару — губы, у пакой, дзе яна знаходзіцца, хочуць увайсці фотарэпарцёры, а яна кажа, што саромеецца, таму што ў яе налёт на зубах, але пасля ўдачна пражаванай адбельваючай гумкі яна нарэшце з’яўляецца на публіцы. І вось «інтрыга»: вецер падымае падол яе сукенкі, адкрываючы напаказ усё інтымнае, а яна какетліва ўсміхаецца і пазіруе. Вы можаце сказаць, што гэта — усяго толькі рэклама, а я вам адкажу: гэта спосаб мыслення, які становіцца стылем жыцця. Пачуццё сораму ўключаецца ад налёту на зубах, ад празмернай вагі, ад таго, што табе 14, а ты ўсё яшчэ не страціў цнатлівасць, ад таго, каб прапанаваць памаліцца… Куды мы так імкліва правальваемся?

Сям’я — гэта калыска святога для кожнага чалавека. Мой знаёмы з Тбілісі паехаў у Маскву і ў першы ж дзень увязаўся ў бойку. Я захацела даведацца аб прычыне, таму што я ведаю яго як вельмі высакароднага і добрага чалавека. Аказваецца, выпадак банальны і просты. Хлопец у метро вылаяўся на яго мацерным словам, а мой знаёмы ўдарыў яго так, што той страціў прытомнасць. Пасля таго, як пацярпелы апамятаўся, ён так і не змог зразумець, чаму мой знаёмы ўдарыў яго, бо мацерная лаянка ўжываецца для сувязі словаў… Май знаёмы паспрабаваў растлумачыць яму, што мама для яго — самае святое, і лаянку на маму ён успрымае як апаганьванне, прафанацыю святога. Я не раю біцца і сілай абараняць святое, але думаю, што за святое нам належыць пастаяць. Адстойваць святое ў сем’ях і ў нас.

Як выратаваць сям’ю сёння? У першую чаргу неабходна духоўна фарміраваць моладзь да прыняцця сакрамэнту шлюбу. Можна крытыкаваць сучасную моладзь, але я не думаю, што яна чымсьці адрозніваецца ад нас у маладосці. Толькі ёсць адно кардынальнае адрозненне: у сучаснай моладзі шмат магчымасцяў, але няма арыенціраў і накіраванасці, няма аўтарытэтаў, няма святога. Усе цягнуць моладзь на свой бок, усе хочуць атрымаць ад яе выгаду, выкарыстаць і зарабіць на ёй. Канешне ж, гэта не апраўдвае маладушнасць, цынізм, хамства і разбэшчанасць у асяродку самой моладзі, але ў нейкай ступені склаўшуюся сітуацыю праясняе. Многія думалі, што крызіс святасці, які перажывалі нашы сем’і, пройдзе бясследна, але ўжо не — плёны навідавоку. А цяпер, дарагія чытачы, уявіце сабе, якія плёны чакаюць нас у будучыні. Дзеці з гэтых скалечаных, зраненых, пазбаўленых святога сем’яў падрастаюць. Як яны будуць будаваць свае сем’і? Грамадзянскі шлюб, аборты, аднаполыя шлюбы, эўтаназія — усё гэта нараджаецца ў глыбінях сэрца, пазбаўленага святога, апаганенага грахом.

Дарагія чытачы, а зараз адкажыце, калі ласка, (для сябе) шчыра на пытанні:

— Што святое для вас?
— Як прывіць пачуццё святога нашаму сучасніку?
— Што вы робіце для таго, каб абараніць святое?
— Што вы хочаце і можаце зрабіць для таго, каб прывіваць святое ў сэрцы і душы падрастаючага пакалення?

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця