Дзеткі – жыцця кветкі. Але лепш, калі яны растуць у садзе ў суседзяў (беларуская народная прыказка).
У пятніцу ў магілёўскі абартарый прыйшлі дзве жанчыны, вельмі розныя. Адна з іх – зусім яшчэ дзяўчынка, ёй 14 гадоў, а другая магла б быць яе бабуляй, ёй ужо 50. Адна толькі пачынае дарослае жыццё, другая – ужо стамілася ад яго. Першая прыйшла забіваць сваё першае дзіця, а другая – сёмае ці восьмае, яна ўжо сама не памятае, колькі ў яе было абортаў. Адной – яшчэ рана нараджаць, другой – ужо позна. Аднак гэтых жанчын паклалі ў адну палату, бо іх аб’ядноўвае адно – яны ненавідзяць сваіх дзяцей, а па беларускіх законах, калі той, каго мы ненавідзім, яшчэ не нарадзіўся, то яго можна забіць. Няма чалавека – няма праблемы.
Я паспрабаваў паразмаўляць з дзяўчынкай, у мяне ж сыну 13 гадоў. Здаецца, я павінен умець знаходзіць агульную мову з падлеткамі. Але дзяўчынка паглядзела на мяне з такім раздражненнем, што яе словы: «Не трэба мне паласкаць мазгі», – мяне зусім не здзівілі.
На самой справе, чаму тут здзіўляцца, калі яна ўсяго толькі працягвае сямейную традыцыю: яе прывяла на аборт мама, якая зацяжарыла ў падлеткавым узросце і таксама зрабіла аборт.
Ні дзяўчынка, ні яе маці нават не разглядаюць варыянт нарадзіць гэтае дзіця, бо нянавісць да дзяцей у іх у крыві, калі так можна выказацца.
Гэта нават не нянавісць, гэта хутчэй татальная абыякавасць да ўсяго, акрамя ўласнага «я». Дзяўчынка засталася чакаць свайго аборту, уткнуўшыся ў смартфон.
У яе калегі па няшчасці не было смартфона, але нянавісць перапаўняла і яе таксама. Дарослыя дзеці, муж п’е. Сорамна нараджаць у 50 гадоў, тым больш, што аборты ўжо рабіла раней. Так, яна ведае, што гэта дрэнна, але што рабіць, жыццё такое.
Так, сапраўды, жыццё цяпер такое, што мы заўсёды імкнемся вырашыць свае праблемы за чужы кошт. Вядома ж, нечаканыя цяжарнасці сустракаліся і сто, і дзвесце гадоў таму, аднак за аборт пагражала пакаранне і гэта было смяротна небяспечным. Сёння ж ён легальны і часцей за ўсё не смяротны.
Абедзве жанчыны, якія прыйшлі ў пятніцу ў абартарый, разумелі, што забіваюць сваё дзіця, але абедзве паводзілі сябе так, як быццам гаворка ідзе пра нейкага паразіта, які раптоўна завёўся ў арганізме і якога трэба выдаліць, пакуль не позна.
Такія жанчыны ўсюды вакол нас, бо больш за палову беларускіх жанчын хоць бы раз у сваім жыцці здзяйснялі аборт, асабліва старэйшае пакаленне.
Гэта чыесьці мамы, бабулі, сёстры, сяброўкі, суседзі. Як будзе паводзіць сябе суседка з постабортным сіндромам і дарослымі дзецьмі, над якой жыве шматдзетная сям’я з малымі, якія пастаянна шумяць? У лепшым выпадку яна будзе выклікаць міліцыю.
А як будзе паводзіць сябе бабуля, што нарадзіла адно дзіця, якое раптам вырашыла ашчаслівіць яе пяццю ўнукамі? Вядома ж, яна будзе праўдамі і няпраўдамі імкнуцца быць далей ад гэтых унукаў. Хіба што зрэдку, для забавы, пагодзіцца прысвяціць ім трохі часу, адарваўшыся ад сваіх серыялаў і ток-шоў.
З мужчынамі сітуацыя не лепш, бо ў іх няма мацярынскага інстынкту і яны з лёгкасцю накіроўваюць сваіх жонак на аборт. Адказныя паводзіны мужчын выклікаюць у навакольных як мінімум здзіўленне, а часам нават і падазрэнне – навошта ім гэта трэба?
Бясспрэчны факт – сапраўднага адказнага бацьку трэба шукаць днём з агнём, тым больш што, па статыстыцы, кожны трэці беларус гадуе не сваё дзіця. А цяперашнія дзядулі наогул баяцца ўнукаў, як заразнай хваробы. Ды і жывуць гэтыя дзядулі, як правіла, ужо з чужымі бабулямі, тут ужо не да ўнукаў.
Хто ж з нас можа па-сапраўднаму любіць дзяцей, калі навокал такі татальны дэфіцыт любові? Як нам даць тое, чаго мы самі не атрымалі? Нам складана не раздражняцца нават на сваіх дзяцей, не кажучы ўжо пра іншых блізкіх побач з намі.
На фоне таго патоку нянавісці, які залівае нашыя сем’і, нас ужо не здзіўляюць ні войны ва Украіне ці на Блізкім Усходзе, ні карцінкі з бежанцамі, якія гінуць у моры ля берагоў Грэцыі ці Італіі. Нам абыякавы экалагічны крызіс, абыякавыя лёсы, пакалечаныя ў эпідэміі разводаў, абыякавыя мільёны абортаў, якія яшчэ больш апускаюць свет у бездань нянавісці.
Бог ёсць любоў, кажа апостал Ян, гэта ключавыя біблейскія словы. Але наколькі ж цяжка нам, якія выраслі сярод дэфіцыту любові, паверыць, што гэта не пустая фраза! Бо ўсе мы прызвычаіліся да таварна-грашовых адносінаў: ты – мне, я – табе. Аднак менавіта ад прыняцця Божай любові залежыць нашае збаўленне, бо першая Хрыстова запаведзь датычыцца любові да Бога і бліжняга.
У тэорыі схема простая – спачатку прыняць і палюбіць сябе самога, потым самых блізкіх людзей, потым тых, хто нам абыякавы, потым тых, хто нас ненавідзіць, у рэшце рэшт, мы зможам дарасці да любові да Бога. Але на практыцы – гэта велізарная праца, без якой нам ніколі не пабудаваць цывілізацыю любові і жыцця пасярод акіяну нянавісці і смерці.
Уладзіслаў Валаховіч