Пошук

20.03.2024 12:20   Тэкст: Раман Ярмош / Фота: Catholic.by, Grodnensis.by, з архіву парафіі ў Іўі / Catholic.by

20 сакавіка прыпадае 30 дзён пасля адыходу ў вечнасць шматгадовага пробашча парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дэкана Івейскага (Гродзенская дыяцэзія) ксяндза Яна Гавэцкага. Малады парафіянін Раман Ярмош у сваім допісе на Catholic.by апавядае пра спачылага святара.

Падчас свайго працяглага служэння на Івейшчыне ксёндз Ян быў ініцыятарам розных мерапрыемстваў, конкурсаў і акцый. Ён ўмеў падысці да справы з любоўю і душою, нягледзячы на тое, ці гэта былі сціплыя сустрэчы, ці маштабныя мерапрыемствы, такія, як вядомы ўсім фестываль.

За амаль 30-гадовае служэнне ў адной з самых вялікіх у Беларусі парафій святар пазнаў душу мясцовых вернікаў, традыцыйны лад жыцця тутэйшых людзей і зрабіў усё, каб пашырыць яго, скіраваць у больш сучаснае і прадуктыўнае рэчышча.

Па прыкладзе святога Яна Паўла ІІ, які быў для ксяндза Яна настаўнікам у служэнні Богу і людзям (а гэта вельмі адчувалася), заўсёды вялікае значэнне надавалася малітве, выхаванню ў кожнага парафіяніна любові да бліжняга, актыўнасці ў жыцці Касцёла.

Дыялог культур і рэлігій

Івейшчына — гэта месца, дзе здаўна пераплятаюцца розныя кульуры, канфесіі і народы, прычым, усе яны жывуць у згодзе.

Прыклад адкрытасці для дыялогу Вялікага Папы стаў натхненнем для ксяндза Яна ў тым, каб працягнуць руку сяброўства праваслаўным, мусульманам і юдэям.

Усё пачыналася з самага простага, і гэтае «простае» перарасло ў цудоўную і добрую традыцыю для ўсіх. Такія ўрачыстасці, як Каляды і Вялікдзень, ніколі не праходзілі без цёплых і душэўных словаў бацюшкі, імама і пісьмовага віншавання зямлячкі-яўрэйкі з Ізраіля.

Сапраўднай жамчужынай Іўя з’яўляецца памятны знак «У гонар сяброўства і згоды канфесій Івейшчыны». Па ініцыятыве ксяндза Яна на каталіцкім баку стэлы размешчаны барэльеф святога Яна Паўла ІІ з надпісам «Адчыніце дзверы Хрысту». Гэты помнік як унікальны архітэктурны элемент горада з’явіўся дзякуючы дыялогу як паміж рэлігійнымі суполкамі, так і з мясцовай уладай на чале з тагачаснам старшынёй райвыканкама Міхаілам Валчэцкім. Канструктыўны дыялог паміж святарамі і мясцовай уладай, пераўтварыўшыся ў сяброўскія адносіны, пакінуў добры след у летапісу Іўя і парафіі.

Так сталася, што двое з самых актыўных прыхільнікаў міжканфесійнага сяброўства на івейскай зямлі, ксёндз Ян Гавэцкі і Міхаіл Валчэцкі, адышлі ў вечнасць з розніцай у два дні.

Пацвярджэннем павагі да іншай канфесіі і асабістага сяброўства стала прысутнасць настаяцеля праваслаўнага храма святога Гаўрыіла Беластоцкага ў Іўі протаіерэя Вячаслава Пашкевіча на жалобнай Імшы ў дзень пахавання ксяндза Яна, а таксама выразы спачування, якія пакінулі Заслужаны работнік культуры, Ганаровы грамадзянін горада Іўе Ядвіга Юферава і каардынатар Міжнароднага цэнтра «Ізраіль–Беларусь» Тамара Барадач.

Пілігрымкі

З асаблівай пашанай ксёндз Ян адносіўся да Маці Божай Тракельскай, усімі сіламі падтрымліваючы і развіваючы Яе культ.

Пачынаючы з 1997 года, пешая пілігрымка вернікаў Івейскага дэканату кіруецца ў санктуарый у Тракелі, што ў суседнім Радунскім дэканаце, наведваючы пры гэтым (не) па дарозе ўсе святыні Івейшчыны.

Правядзенне гэтай пілігрымкі ў незвычайным фармаце сфармавала своеасаблівыя традыцыі ў мясцовай супольнасці. Працягваў пробашч і яшчэ адну старадаўнюю традыцыю — пілігрымку да Маці Божай у Дуды. На працягу служэння ў Іўі ксяндза Яна адбываліся пілігрымкі мясцовых вернікаў па святынях Беларусі, Польшчы, Літвы і іншых краін.

Дапамога патрабуючым

Больш за 20 гадоў пры івейскай парафіі дзейнічае дабрачыннае таварыства Caritas. Колькасць людзей, якім яно дапамагло, цяжка падлічыць.

Але ксёндз Ян ніколі не абмяжоўваўся толькі выдачай матэрыяльных рэчаў: кожны атрымліваў ад святара і духоўную дапамогу, падтрымку.

Штогод ён ініцыяваў сустрэчы для людзей пажылога ўзросту, інвалідаў, не абмінаў увагай і дамы для састарэлых.

Творчы марафон

Бог надзяліў ксяндза Яна асаблівай назіральнасцю і ўвагай да кожнага чалавека, дзякуючы чаму святар заўважаў таленты і здольнасці вернікаў. Заахвочваў да чытання вершаў, выканання песняў, ігры на музычных інструментах. Арганізоўваў выступленне музычных калектываў з іншых парафій і мясцовасцяў не толькі для ўпрыгожвання літургіі. Неаднаразова пасля Імшы парафіяне мелі магчымасць паслухаць спевы розных калектываў, пачуць гучанне музычных інструментаў і нават паглядзець танцы. Музычны гурт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сваім выступленнем у мясцовым доме культуры віншаваў настаўнікаў Іўя з іх прафісійным святам. Ксёндз Ян арганізоўваў выезды івейскіх музычных гуртоў у іншыя парафіі і нават за мяжу.

Сапраўдным гонарам і візітнай карткай парафіі з’яўляецца штогадовы фестываль калядных песень Gloria in excelsis Deo. Ксёндз Ян, стаўшы духоўным кіраўніком фестывалю, правёў яго па дарозе ад сціплага парафіяльнага мерапрыемства да маштабнага творчага форуму, пра які ведае ўся краіна.

Сапраўднай марай для святара было мець пры касцёле парафіялны хор. Дзякуючы яго падтрымцы і энтузіязму маладога верніка Антона быў створаны хор Canticum Sacrum, які ўжо каля пяці гадоў праслаўляе Бога сваім спевам і ўпрыгожвае галоўныя літургічныя цэлебрацыі не толькі ў Іўі, але і ў Тракелях, і ў Барунах.

За час свайго служэння святар быў адкрыты на самыя розныя ініцыятывы і падтрымліваў іх. Ён паказаў прыклад канструктыўнага дыялогу ў духу ўзаемнай павагі, даў працяг і заклаў новыя традыцыі, якія і пасля яго адыходу з гэтага свету будуць жыць.

Такім чынам, служэнне ксяндза Яна Гавэцкага Богу і людзям пакінула глыбокі адбітак як у гісторыі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла, так і ўсёй Івейшчыны.

 

Абноўлена 22.03.2024 10:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.