19 снежня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая суправаджалася традыцыйным дзяленнем аплаткамі.
У перадкалядная сустрэчы ў галоўным касцёле сталіцы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, а таксама больш за восем дзясяткаў святароў — дыяцэзіяльных і манаскіх, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай і Магілёўскай вобласцяў, і іх грэка-каталіцкія сабраты.
Сустрэча распачалася з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго духоўны айцец сятароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Далянскі з Касцюковічаў прамовіў аскетычную канферэнцыю, у якой засаяродзіўся на тэме святарскай святасці.
«Збіраемся, каб усвядоміць праўду аб тым, што святарства — гэта не толькі вялікі дар, але і адказнасць. Таму мы не можам гэтага дару змарнаваць, кінуць у балота.
З дарам святарства непарыўна звязаны дар святасці. Цяпер рыхтуемся да святаў Божага Нараджэня, а мы ведаем, што свята Божага Нараджэння асаблівым чынам звязана з Божай святасцю. Гэта святасць, якая не толькі сыходзіць на зямлю, але ахоплівае і захапляе ўсяго чалавека. Святарства моцна звязана са святасцю, бо, як кажа Святое Пісанне, „святымі будзьце, як святы Пан Бог наш“. Святар мае доступ да гэтай таямніцы святасці, і таму ён мае абавязак распаўсюджваць святасць па ўсім свеце», — адзначыў ксёндз Андрэй Далянскі.
Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўсе сабраныя святары ўзялі ўдзел у цэлебрацыі святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Напачатку арцыпастыр звярнулся да сабранага духавенства, нагадаўшы скіраваную да Езуса Хрыста просьбу апосталаў: «Пане, навучы нас маліцца».
«Падобны дыялог мае месца і сёння, ён мае свой працяг. Вучань Хрыста — той, што першы сярод роўных, наш брат Папа Францішак, — у ХХІ стагодзі дыялог узнавіў, вызначаючы гэты год 2024 годам малітвы. Мы як супольнасць вучняў Хрыстовых, што размясцілі свае шатры над блакітнымі азёрамі нашай сінявокай і ля багатых збожжавых раўнінаў беларускай зямлі, паўтараючы радкі малітвы з дзіцячых гадоў, цяпер як пакліканыя і выбраныя Пана узначалілі малітву ў нашых парафіяльных супольнасцях, у сем’ях, у Будславе, у Бялынічах. <…>
У год малітвы наша сувязь з Хрыстом стала больш моцнай», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Іерарх заўважыў, што пілігрымкі да месцаў малітвы, над якімі мае апеку Маці Божая, дапамагаюць у вернікам паглыбляць малітоўнае жыццё. Паводле арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, менавіта малітва павінна быць у цэнтры падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, якімі распачнецца Святы юбілейны год.
Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы і дзяленне аплаткамі.
У гэтым традыцыйным жэсце, перададзеным нашымі продкамі, сабраныя святары мелі магчымасць абмяняцца найлепшымі пажаданнямі і павіншаваць адзін аднаго з надыходзячым святам Божага Нараджэння.