24 снежня, у вігілію ўрачыстасці Нараджэння Пана, свае першыя калядныя віншаванні вернікам Гродзенскай дыяцэзіі ў якасці яе пастыра скіраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры,
дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!
У чарговы раз разам з усёй супольнасцю Касцёла мы з верай схіляем калені перад навароджаным Езусам — Божым Сынам, які з любові да нас стаў сапраўдным чалавекам.
Якая вялікая і дзіўная таямніца Божага Уцелаўлення! У ёй спаўняюцца найглыбейшыя чаканні і вечныя імкненні людскога сэрца.
У свет, пагружаны ў цемру зла і граху, сагнуты пад цяжарам пакут, напоўнены смуткам і страхам, раздзіраемы нянавісцю і гвалтам, прыходзіць Эмануэль — Бог з намі. Яго прыйсце асвятляе цемру тленнасці нязгасным святлом Божай любові, што нараджае ў нашых сэрцах надзею.
Я жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб сёлетнія святы Божага Нараджэння прайшлі ў атмасферы міру і любові, згоды і адзінства, дабрыні і зычлівасці. Няхай нашыя родныя дамы, супольнасці, да якіх належым, месцы вучобы і працы ўсё больш і больш становяцца падобнымі да дому Святой Сям’і ў Назарэце дзякуючы пануючай у іх сапраўднай радасці, узаемнай павагі, духу любові і служэння. Няхай сярод нас не будзе нястачы ў зычлівых і добрых, ахвярных і самаадданых людзях, дзякуючы якім святочнае пасланне дасягне таксама асобаў хворых і пакутуючых, адзінокіх і няшчасных, згубленых і духоўна зламаных, якія шукаюць разумення, спагады і падтрымкі.
На парозе новага года Пана, які па волі Святога Айца Папы Францішка будзем перажываць у Паўсюдным Касцёле як Юбілей надзеі, жадаю вам, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, каб кожны дзень вашага жыцця станавіўся пілігрымкай надзеі.
Няхай зямныя клопаты, паўсядзённыя праблемы і турботы, няўпэўненасць у заўтрашнім дні не засланяюць сапраўдную надзею, Даўцам і Крыніцай якой з’яўляецца сам Бог. Няхай штодзённы досвед ласкі і любові Нябеснага Айца, адкрыццё збаўчай блізкасці Езуса Хрыста, падпарадкаванне абнаўляючай моцы Святога Духа зробяць вас сведкамі евангельскай надзеі, якая «не асароміць» (Рым 5, 5).
Я памятаю пра вас, дарагія браты і сёстры, у сваіх малітвах ля ясляў навароджанага Збаўцы і аднаўляю сваю гарачую просьбу маліцца за мяне.
Ваш біскуп Уладзімір