Любіць Радзіму можна толькі праз любоў да Хрыста, праз бескампрамісную любоў да праўды — вучыць нас прыклад нямецкага іерарха, якога Касцёл ушаноўвае ў канцы сакавіка.
У канцы сакавіка Касцёл згадвае благаслаўлёнага кардынала Клеменса фон Галена, у якім любоў да Хрыста і да ягонай Радзімы — Германіі — арганічна спалучаліся, патрабуючы адкрыта казаць праўду пра злачынствы нацызму ў часы найбольшай улады Гітлера.
Клеменс Аўгуст фон Гален нарадзіўся ў 1878 годзе ў нямецкай арыстакратычнай сям'і — ён быў не проста шляхцічам, але меў тытул графа, а ягонае прозвішча было вядомае ў Германіі з ХІІ стагоддзя.
Шматлікія фон Галены пакаленнямі ваявалі, служылі ўрадоўцамі ці адчувалі пакліканне да святарства, але найбольшую славу заслужыў той з іх, які быў сучаснікам нашых прадзедаў і дзядоў.
Юны Клеменс пасля палявання.
Клеменс Аўгуст быў 12-м з 13 дзяцей у сям'і ў нямецкай зямлі Вестфалія, атрымліваў адукацыю ў школе пад кіраўніцтвам езуітаў. І ўжо там праявіў здольнасць да апошняга спрачацца з настаўнікамі за тое, што лічыў праўдай — ягоны класны кіраўнік нават пісаў пра гэта бацькам хлопца.
Каб настаўнікі ведалі, што гэтая «адмоўная» рыса будучага іерарха праз некалькі дзесяцігоддзяў так спатрэбіцца Касцёлу!
Пасля вучобы ў Каталіцкім універсітэце Фрайбурга малады Клеменс Аўгуст, які захапляўся гісторыяй, літаратурай і філасофіяй, наведаў Рым, дзе ўпершыню сказаў свайму брату Фрыдрыху, што вырашыў стаць святаром.
У 1899 годзе будучы кардынал сустрэўся з Папам Львом ХІІІ на прыватнай аўдыенцыі і пачаў вучыцца на факультэце тэалогіі езуіцкага кляштара ў Інсбруку, а ў 1903 годзе — у семінарыі ў горадзе Мюнстар. У 1904 годзе, у 26 гадоў, атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Малады ксёндз Клеменс фон Гален (у цэнтры, самы высокі) у коле сям'і.
Вельмі хутка адукаванага і энергічнага святара накіравалі ў Берлін — эканамічнае і палітычнае сэрца Германіі. Там кс. Клеменс адзначыўся вялікай блізкасцю да звычайных людзей, рабочых на шматлікіх заводах і фабрыках, працай з моладдзю, дзецьмі і падлеткамі.
За гэта парафіяне з любоўю назвалі моцнага і высокага — 2,01 м — пробашча «тата Гален».
Берліну святар аддаў 23 гады. За гэты час Германія прайграла Першую сусветную вайну, адбылася рэвалюцыя, пала манархія. Краіна адчувала сябе пакрыўджанай, пачаўся эканамічны крызіс, на гэтым фоне сталі пашырацца радыкальныя палітычныя ідэі камунізму і нацыянал-сацыялізму (нацызму).
У 1933 годзе, адначасова з прыходам Гітлера да ўлады, Клеменс фон Гален стаў біскупам Мюнстэра. І спачатку гэта не падалося нацыстам чымсьці адмоўным — хоць новы іерарх быў адданым хрысціянінам, ён адначасова не хаваў свой моцны нямецкі нацыяналізм і яшчэ не крытыкаваў нацыстаў адкрыта. Нацысцкія штурмавікі нават прысутнічалі на цырымоніі пасвячэння новага біскупа са сваімі сцягамі са свастыкай.
Аднак амаль адразу 55-гадовы біскуп стаў адстойваць правы Касцёла і сваіх духоўных дзяцей перад нацысцкім прыгнётам. Перш за ўсё іерарх стаў бараніць душы маладых — ён змагаўся за каталіцкую адукацыю ў каталіцкіх школах, адмовіў нацыстам у тым, каб пашыраць антысеміцкую прапаганду ў іх.
Такая прапаганда будзе перашкаджаць дзецям «у іх абавязку ставіцца з любоўю да ўсіх людзей», а таксама не дасць ім зразумець гістарычную місію народа Ізраіля, адкрыта заявіў біскуп Мюнстэрскі.
У 1936 годзе, калі нацысты загадалі прыбраць укрыжаванні са школ, пратэст іерарха быў спалучаны з вялікай дэманстрацыяй вернікаў, каб паказаць, што мясцовыя католікі супрацьстаяць нацысцкім ідэям. Паліцыя спрабавала закрыць пляц перад катэдральным касцёлам, каб не даць людзям збірацца. На гэта іерарх адказаў з амбоны:
«Ці можна пастыра аддзяліць ад статку? Ці можа паліцыя аддзяліць католікаў ад іх біскупа вяроўкамі і загароджамі? Іх нельга раздзяліць... Сумныя часы надышлі, мае дарагія людзі Мюнстэра, аднак я ведаю, што трываласць пераможа».
У 1937 годзе біскуп фон Гален удзельнічаў у падрыхтоўцы знакамітай антынацысцкай энцыклікі Папы Пія ХІ «Mit brennender Sorge» («З палаючай занепакоенасцю»). У дакуменце гаварылася:
«Клапаціцеся, шаноўныя браты, пра захаванне ў Германіі веры ў Бога, чыстай і незаплямленай... Хто ўзводзіць расу, ці народ, ці дзяржаву, ці нейкую форму дзяржавы, ці маючых уладу... вышэй належачай ім вартасці і абагаўляе іх да ступені ідалапаклонства, той скажае і перакручвае сусветны парадак, задуманы і ўтвораны Богам».
Аднойчы біскупа наведалі высокапастаўленыя афіцэры СС, пагражаючы канфіскацыяй дыяцэзіяльнай маёмасці і пашырэннем антыкаталіцкай прапаганды, калі ён не адмовіцца публічна ад крытыкі нацысцкай ідэалогіі.
Біскуп знашоў для эсэсаўцаў належны адказ — ён пры іх стаў асуджаць нацызм, смяяцца з нацысцкага неапаганства і расавых тэорый. Пагрозы і рэпрэсіі не маглі зламаць мужнага пастыра.
Калі гучнымі нямецкімі перамогамі пачалася вайна Германіі супраць СССР, іерарх адкрыта і прароча ў гаміліі сказаў, што пагражае ягонай Радзіме:
«Мы павінны выконваць свой абавязак у паслухмянасці Божай волі з любові да нашага народа і нашай краіне. Нашы салдаты будуць працягваць змагацца і паміраць за Радзіму, але не за тых, хто сваімі мярзотнымі, скіраванымі супраць нашай веры справамі разбівае нашы сэрцы і ганьбіць добрае імя Германіі перад Богам і людзьмі...
Як немец, як сумленны грамадзянін, я патрабую справядлівасці! Калі гэты заклік застанецца непачутым і безадказным, калі праўленне справядлівасці не будзе адноўлена, тады наш нямецкі народ і наша краіна — нягледзячы на гераізм нашых салдат і слаўныя перамогі — загінуць з-за ўнутранай гнілі і заняпаду».
Біскуп Клеменс фон Гален зацята змагаўся за права на жыццё, ворагамі якога тады былі нацысты, а зараз з'яўляюцца прапагандысты абортаў і эўтаназіі.
Пастыр казаў з амбоны: «"Не забі". Бог выбіў гэтую запаведзь у душах людзей задоўга да любога крымінальнага кодэкса... Дзе ў Германіі паслухмянасць Божым запаведзям?»
Галоўныя ўдзельнікі нямецкай экуменічнай антынацысцкай падпольнай групы «Белая ружа», якая пашырала гаміліі біскупа фон Галена. Софі Шоль, яе брат Ганс (справа), унтэр-афіцэр Вільгельм Граф (злева), усе былі пакараны смерцю за «антыўрадавую дзейнасць».
За мужнасць і шчырасць біскупа сталі называць «мюнстэрскім львом». Ягоныя гаміліі з выступамі супраць эўтаназіі (забойстваў хворых і інвалідаў), супраць тэрору спецслужбаў, прымусовай стэрылізацыі і канцэнтрацыйных лагераў сталі друкаваць і нелегальна распаўсюджваць тысячнымі накладамі.
Гітлер хацеў зняць непакорнага іерарха з пасады, аднак яго пераканалі, што гэта прывядзе да антынацысцкіх выступаў у Вестфаліі.
З 1941 года і да канца вайны пастыр знаходзіўся фактычна пад хатнім арыштам. Словы дыктатара сведчаць, што ён збіраўся забіць біскупа пасля вайны:
«Такія людзі, як біскуп фон Гален, я ўпэўнены, ведаюць, што пасля вайны яны мне заплацяць да апошняга пфеніга» (адна сотая нямецкай маркі).
Генерал-маёр нямецкай арміі пратэстант Ганс Остэр (на фота злева), які быў забіты за ўдзел у антыгітлераўскай змове пісаў пра біскупа-«льва»:
«Гэта мужны і перакананы чалавек. Якая рашучасць у ягоных гаміліях! Напэўна, у нашых цэрквах такіх людзей адна жменя, ды пара жменяў у арміі. Каб было болей такіх людзей, Германія была б іншай!»
Якой магла б быць гісторыя Еўропы ў ХХ стагоддзі, каб сапраўды было болей такіх людзей, і не толькі ў Германіі!
У 1946 годзе Папа надаў іерарху годнасць кардынала са словамі: «Благаславі Бог цябе, благаславі Бог Германію».
Вайна скончылася, аднак, верагодна, сілы 67-гадовага біскупа былі падарваны як праўдай пра злачынствы шматлікіх суайчыннікаў супраць іншых народаў, гэтак і трагедыяй, якую ўчыніў нацызм самім немцам.
Мужны, моцны і вялікі чалавек памёр вельмі хутка. Ягонымі апошнімі словамі былі: «Так, так, як пажадае Бог. Няхай Бог абароніць дарагую Бацькаўшчыну. Ідзіце і працуйце для Яго... О, дарагі Збаўца!»
Нацызм сваімі злачынствамі і дэмагогіяй прывёў да маральнага заняпаду Германіі і ў значнай ступені дыскрэдытаваў у Еўропе паняцці «нацыя», «нацыяналізм», «патрыятызм», «здаровыя каштоўнасці».
Аднак прыклад благаслаўлёнага кардынала Клеменса фон Галена заўсёды застанецца з Касцёлам як сведчанне любові, мужнасці і адданага служэння свайму народу і Богу.
Упартасць і смеласць героя былі адлюстраваны ў помніку кардыналу фон Галену ў Мюнстары.
Благаслаўлены Клеменс Аўгуст фон Гален паказвае нам, што сапраўдны патрыятызм не толькі магчымы, але і з'яўляецца лагічным працягам веры ў Хрыста.