Пошук


Няма сумніву, што Папа Францішак мае значны ўплыў на свет. Адначасова няма сумніву, што вядомы брытанскі пісьменнік Гілберт Кіт Чэстэртан значна паўплываў на Папу Францішка.

Гілберт Кіт Чэстэртан — англійскі хрысціянскі журналіст, пісьменнік, апалагет, які найбольш вядомы ў Беларусі сваімі апавяданнямі пра каталіцкага святара-дэтэктыва айца Браўна. Усе ягоныя працы, у тым ліку мастацкія творы, прасякнутыя хрысціянскім духам, добрай іроніяй і любоўю да чалавека. Акрамя мноства эсэ і артыкулаў ён таксама напісаў кнігі «Артадоксія» (пра каталіцкую веру), «Вечны чалавек» (пра Хрыста), жыццяпісы святога Францішка з Асізі і святога Тамаша Аквінскага.

Мяркую, можна з упэўненасцю сказаць, што гэтыя людзі, калі б яны сустрэліся, сталі б добрымі сябрамі.

Вось прыклады, якія паказваюць, як Папа Францішак цэніць творы Чэстэртана і тую радасць, якую праз іх пісьменнік прынёс свету:

1. Папа цытаваў у сваёй гаміліі Чэстэртана ў 2013 годзе.

Прарок Ісая кажа: Пакладайце надзею на Пана заўсёды, бо Пан Бог — скала вечная! Гэтай скалой з'яўляецца Езус Хрыстус! Гэтая скала — наш Пан! Слова моцнае, яно дае жыццё, яно ідзе наперад, яно можа супраціўляцца нападам, калі ягоны корань у Езусе Хрысце. Хрысціянскае слова, якое не мае такога кораня, — гэта слова без Хрыста, і яно падманвае. Англійскі пісьменнік, які аднойчы пісаў пра ерасі, сказаў, што ерась — гэта праўда, якая стала вар'яцтвам. Калі хрысціянскія словы адарваныя ад Хрыста, яны ідуць па дарозе вар'яцтва.

Чэстэртан звяртаўся да гэтай ідэі адразу ў некалькіх артыкулах і кнігах. Гэтак у сваёй знакамітай кнізе «Артадоксія» ён піша:

Галоўная прыкмета і элемент вар'яцтва: логіка без каранёў, логіка ў пустэчы. Той, хто пачынае думаць без адпаведных першапрынцыпаў, губляе розум. Той, хто пачынае думаць не з таго канца, — таксама.

У артыкуле «Чаму я католік» Чэстэртан таксама адзначае:

Кожная ерась бярэ маленькую ісціну, каб праз нейкі час ператварыць яе ў хлусню.

Ілюстрацыя да апавядання Чэстэртана «Сапфіравы крыж».

2. Святы Францішак з Асізі адыграў вельмі важную ролю ў жыцці Папы і ў жыцці Чэстэртана.

Папа адкрыта сказаў гэта, калі абраў імя святога Францішка, «чалавека беднага, чалавека міру, чалавека, які любіць і абараняе стварэнне».

Чэстэртан палюбіў святога Францішка яшчэ да свайго прыходу ў каталіцтва:

[Святы Францішак] атрымліваў асалоду ад птушкі, якая пралятала міма, і ад кроплі вады, якая падала з ягонага пальца — ён, магчыма, быў самым шчаслівым з людзей. У той жа час гэты чалавек пабудаваў сваю супольнасць на адмаўленні таго, што для нас ёсць самымі галоўнымі патрэбамі... Чаму самы шчыры і паэтычны дух таго часу знайшоў сябе ў гэтым жахлівым самаабмежаванні? Чаму ён, які любіў тое, што ўсе не заўважалі, прымусіў сябе не заўважаць тое, што ўсе любілі? Чаму ён быў манахам, а не трубадурам? Гэтыя пытанні занадта складаныя, каб цалкам адказаць на іх тут, аднак іх трэба задаць... Ёсць думка, што калі мы адкажам на іх, мы нечакана зразумеем, што знойдзем адказы на большасць цяжкіх пытанняў і нашага невясёлага часу.

Чэстэртан пражыў са сваёй жонкай Фрэнсіс у шчаслівым шлюбе ўсё жыццё. Калі яго запрасілі выступаць на Бі-Бі-Сі, яна сядзела побач з ім і патрымлівала яго.

3. У энцыкліцы «Laudato si'» Святы Айцец прыгадаў, што па прыкладзе святога Францішка з Асізі мы мусім лічыць Зямлю сястрой, якая корміць нас і ўпрыгожвае наша жыццё, аднак зараз яна плача з-за той шкоды, якую мы ёй робім праз безадказнае выкарыстанне тых дабротаў, якімі надзяліў яе Бог.

Вельмі падобна піша Чэстэртан:

Любы пантэізм, эвалюцыянізм ці новаствораная рэлігія пабудаваныя на тым, што прырода — наша маці. Але, калі вы так палічыце, хутка зразумееце, што яна толькі мачаха. Хрысціянства кажа, што прырода не маці нам, а сястра. Мы можам ганарыцца яе прыгажосцю, таму што маем таго ж Айца, аднак яна не мае ўлады над намі, мы можам захапляцца ёй, а не імітаваць яе. Гэта дае хрысціяніну дзіўную магчымасць свабодна, амаль легкадумна, атрымліваць асалоду ад кантакту з прыродай... Для святога Францішка прырода ёсць сястрой, нават малодшай сястрой — малой сястрычкай, з якой можна смяяцца і якую можна любіць.

4. Да абрання на Святы Пасад Папа Францішак удзельнічаў у жыцці аргенцінскага Чэстэртанаўскага таварыства, быў ганаровым старшынёй на адной з канференцый, прысвечаных Чэстэртану, а таксама спрыяў дзейнасці гэтага таварыства ў сваёй краіне.

Тэлеграма ад Папы Пія XI, у якой той перадае спачуванні народу Англіі ў сувязі з смерцю Гілберта Чэстэртана, «адданага сына Святога Касцёла і таленавітага абаронцы каталіцкай веры».

5. Папа Францішак падтрымлівае ідэю кананізацыі Гілберта Чэстэртана. У адным з лістоў прэзідэнт Чэстэртанаўскага таварыства Аргенціны Мігель Анхель Эспечэ напісаў: «Наш кардынал толькі што зацвердзіў малітву аб кананізацыі Чэстэртана».

Аляксандр Гелагаеў паводле reasonablecatholic.com.

Абноўлена 05.06.2017 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа