У снежні святары распачалі душпастырскае наведванне сваіх парафіянаў па месцах іх жыхарства.
Такое наведванне яшчэ называюць «калядою», паколькі яно нагадвае даўнейшае калядаванне, калі ў перыяд Божага Нараджэння дамы вернікаў наведвалі групы людзей з малітваю і спевамі.
Навошта душпастырскае наведванне?
У Кодэксе кананічнага права змешчана такая норма: «Для таго, каб старанна выконваць абавязак пастыра, пробашч павінен імкнуцца пазнаёміцца з вернікамі, даручанымі яго апецы; таму ён павінен наведваць сем’і, удзельнічаць у клопатах вернікаў, асабліва ў іх смутках і турботах, умацоўваць іх у Пану, а таксама, калі яны маюць недахопы, разважліва іх папраўляць» (ККП 529 § 1).
Хоць месцаў выканання душпастырскай паслугі святарамі шмат, напрыклад, касцёл, шпіталь, могілкі, асаблівым месцам сустрэчы з’яўляюцца дамы вернікаў.
Гэтая сустрэча, якая адбываецца раз на год, мае вельмі асабісты характар, паколькі святар выступае тут не толькі як служыцель сакрамэнтаў або службовая асоба, якая адказвае за касцёльнае кіраванне, але перш за ўсё ён сустракаецца з вернікамі як іх уласны пастыр.
У нефармальнай атмасферы дому можна, напрыклад, задаць далікатныя пытанні, якія хвалююць верніка. Для святара гэта добрая магчымасць глыбей пазнаёміцца з парафіянамі і даведацца чым яны жывуць. «Каляда» спрыяе таму, каб вернікі не былі ананімным натоўпам, які ходзіць у касцёл. Пробашчы парафій наведваюць дамы вернікаў асабіста, часам карыстаючыся пры гэтым дапамогай іншых святароў.
Калі адбываецца «каляда»?
Практыка душпастырскіх візітаў вядомая з Сярэднявечча, хоць з цягам часу змяняліся яе формы і акцэнты. На нашых тэрыторыях звычайна душпастырскія наведванні распачынаюцца ў перыяд Божага Нараджэння. У розных парафіях могуць быць вызначаны розныя тэрміны і выкарыстоўвацца розныя метады арганізацыі візітаў духавенства. Таму важна ўважліва слухаць парафіяльныя аб’явы, якія прысвечаны такім наведванням.
У выпадку сумневу, асабліва калі людзі змянілі месца жыхарства і пераехалі жыць на тэрыторыю іншай парафіі, неабходна спытаць у святара, як у гэтай парафіі выглядаюць душпастырскія наведванні.
Што неабходна падрыхтаваць?
Перад прыходам святара ў адным з памяшканняў дома неабходна падрыхтаваць стол, накрыты белым абрусам, крыж і дзве або адну запаленую свечку, посуд з асвячонай вадой. Калі ёсць такая магчымасць, то можна падрыхтаваць крапіла, якім святар акропіць дом і яго жыхароў. Калі асвячонай вады няма, можна падрыхтаваць посуд са звычайнай вадой і папрасіць святара аб яе благаслаўленні.
Тэлевізар і іншыя электронныя прылады павінны быць выключаны.
Вельмі пажадана, каб у момант прыходу святара дома былі ўсе члены сям’і.
Асобы, якія не хочуць маліцца або няверуючыя, могуць проста прысутнічаць падчас душпастырскага візіту.
Як праходзіць каляда?
У кватэры ці доме святар і ўсе дамачадцы разам моляцца, просячы Божага благаслаўлення. Напрыканцы святар благаслаўляе жыхароў дома ці кватэры і акрапляе асвячонай вадой іх саміх, а таксама іх жыллё.
Можна папрасіць аб благаслаўленні рэлігійных рэчаў (абразоў, крыжоў, малітоўнікаў і інш.), калі ягы не былі блгасалаўлёныя раней. Пасля малітвы прадугледжаны час для душпастырскай размовы.
З нагоды душпастырскага візіту прынята перадаваць святару дабравольныя ахвяраванні ў адвольным памеры на патрэбы Касцёла.