Пошук

19.07.2013 12:27   Яўген Разэнблюм / Пераклад: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Мінуў час ганенняў, якія на працягу некалькіх стагоддзяў то спыняліся, то зноў успыхвалі на розных канцах Рымскай імперыі. Мінула апошняе жорсткае ганенне хрысціянаў, калі імператар Дыяклетыян y 303 годзе загадаў арыштаваць усё духавенства, а ў 304-м пад страхам смерці загадаў усім жыхарам імперыі прынесці ахвяры язычніцкім багам. Нарэшце хрысціянам дазвалялася без забароны практыкаваць сваю веру.

З турмаў выходзілі не зломленыя катаваннямі біскупы і святары, многія з іх — знявечаныя. З пустыняў і іншых глухіх месцаў вярталіся тыя, хто бег туды, каб не прыносіць ідальскіх ахвяраў. Вярталіся ў свае дамы тыя, хто хаваўся ў сяброў, знаёмых. А многія з тых, хто прынёс ахвяры, каб атрымаць libellum — даведку аб добранадзейнасці, і тых, хто атрымаў такую даведку за хабар, цяпер прыходзілі да біскупаў, каяліся і прасілі прыняць іх назад у лучнасць з Касцёлам.

Доўгі час гісторыкі не маглі зразумець, у чым прычына ганенняў на хрысціянаў у Рымскай імперыі. Бо язычнікі — і рымляне тут не выключэнне — звычайна адрозніваюцца рэлігійнай талерантнасцю. Рымлянам было ўсё адно, каму моляцца іх суграмадзяне — Юпітэру Капіталійскаму, Апалону, Серапісу, Мітры... ды хоць кракадзілу! Многія людзі, якія зрабілі бліскучую кар’еру, якія дасягнулі ў рымскім грамадстве ўплыву, багацця і высокіх пасадаў, пакланяліся іншаземным ці сваім радавым багам. У Рымскай імперыі гэта было звычайнай справай!

Разгадка крыецца ў тым, што ўдзел у імператарскім кульце і ў кульце багоў — заступнікаў Рыма быў тэстам на палітычную лаяльнасць. Зрабі абрад, і ніхто не спытае ў цябе, у каго ты верыш, каму і як молішся ў іншы час. У пратаколах суда над пакутнікамі часта можна ўбачыць, як суддзя, спачуваючы хрысціяніну, кажа яму: «Ды ніхто не перашкаджае табе верыць у гэтага твайго Хрыста! Давай, прынясі ахвяры Юпітэру, а потым, калі хочаш, я з табой разам памалюся Хрысту так, як гэта прынята ў вас». Антычны біёграф сведчыць, што імператар Аляксандр Север трымаў у сваёй хатняй малельні статуі Арфея, Апалонія Ціянскага, Абрагама і Хрыста. Удумаемся ў гэты парадокс: у Рымскай імперыі хрысціяне падвяргаліся ганенням не таму, што непамяркоўная большасць ненавідзела іх веру. А таму, што грамадства, памяркоўнае і абыякавае да ўсяго, патрабавала ад іх весці той жа лад жыцця.

Ці не з той жа спакусай сутыкаюцца хрысціяне і ў наш час? Як хрысціянін, можаш верыць у што хочаш, але як палітык, журналіст, грамадскі дзеяч, настаўнік, ды проста як чалавек — у сябе ў блогу або на фэйсбуку падтрымай аборты, гомасексуальныя шлюбы, эўтаназію, каб грамадства бачыла: ты прыхільнік правоў чалавека ў тым сэнсе, у якім яно іх разумее, ты лаяльны да наяўных парадкаў. Вер у што лічыш патрэбным, але як урач ты не маеш права адмаўляцца ад правядзення аборту, як супрацоўнік дзяржаўнай установы, які рэгіструе шлюбы, ты абавязаны зарэгістраваць гомасексуальную пару, як супрацоўнік агенцтва па ўсынаўленні — дапамагчы гэтай пары ўсынавіць дзіця. Так, у нашыя дні ў так званых цывілізаваных краінах хрысціянаў не ламаюць на прэнгу, не кідаюць на распаленыя краты, не аддаюць на разарванне ільвам. Але вось далёка не поўны спіс трывожных фактаў за апошнія гады: у Харватыі манахіню аштрафавалі за тое, што на ўроках катэхізісу яна сказала, што згодна з каталіцкім вучэннем гомасексуальныя адносіны — грэх; у Вялікабрытаніі медсястру звольнілі таму, што яна адмовілася зняць крыжык — крой медыцынскага халата не дазваляў схаваць яго пад адзеннем, а Еўрапейскі суд па правах чалавека не знайшоў у гэтым дыскрымінацыі; у Літве студэнтам-медыкам адмовіліся выдаваць дыпломы, калі яны на студэнцкай практыцы не правядуць аборт; у Францыі дэманстрацыю супраць законапраекта аб рэгістрацыі гомасексуальных шлюбаў разагналі слёзатачывым газам, а святара, які маліўся на каленях перад будынкам парламента, даставілі ў паліцыю. Ці забаронена ў гэтых краінах быць хрысціянінам? Падобна як і ў Рымскай імперыі да Міланскага эдыкта — вер у што хочаш, але паводзь сябе, як усе.

У Рымскай імперыі ў 313 г. па прыкладных ацэнках хрысціянаў было каля 10%. Іх была меншасць, але яны былі цвёрдыя ў сваёй веры і перамаглі. Дзяржава не змагла ні вынішчыць хрысціянства, ні пераплавіць яго ў «вялікім плавільным катле», у якім мноства культур і рэлігій ператвараліся ў адзіную сінкрэтычную культуру позняй антычнасці. Зрэшты, яна перастала забараняць хрысціянам практыкаваць сваю веру.

Яўген Разэнблюм, К-портал

Пераклад Віталія Палінеўскага

Абноўлена 12.06.2017 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця