У Катэхізісе запісана, што верніку трэба «суцяшаць вязняў». А святару? Ці патрэбная святарская паслуга ў сучаснай турме альбо папраўчай калоніі? Інтэрв’ю з а. Аляксандрам Жарнасекам MIC, які нясе служэнне турэмнага капелана ў Оршы.
— Калі я распачынаў сваю службу ў Оршы, то не быў моцна загружаны душпастырскай працай — наша парафія невялікая, а іншыя служэнні (сустрэчы «Вінаградніку», розныя рэкалекцыі) мы тады яшчэ не наладжвалі.
Я сам не зашмат меў адвагі распачынаць гэтае нязвыклае служэнне хоць бы і таму, што трэба было ісці ў калонію для хворых на туберкулёз, а перспектыва захварэць пасля і самому, зразумела, не вельмі вабіла. Апроч таго, не было ўпэўненасці, што я знайду з вязнямі агульную мову, што патрэбны я ім увогуле.
Я адгаворваў сам сябе, спрабаваў знайсці нейкія аргументы, апраўданні, маліўся, пытаўся ў Пана Бога, што азначае для мяне гэтая прапанова біскупа.
І праз нейкі час мне прыйшла простая такая думка, што, напэўна, у гэтай турме, куды мне так не хочацца ісці, ёсць людзі, якія гадамі не маюць магчымасці пакаяцца, паяднацца з Панам Богам. Такая вось простая і канкрэтная думка, якая ўсё паставіла на свае месцы…
— І страх адразу знік?
— Не адразу. Але калі прыходзіць перакананне, што справа, якую ты пачынаеш, патрэбная, тады можна перамагчы ўсялякія свае слабасці, а да таго ж у памяці ўсплыло сведчанне адной маладой пары сужэнцаў на Кангрэсе Адновы ў Святым Духу ў Чэнстахове, у якім мне пашчасціла ўдзельнічаць, калі я яшчэ вучыўся ў семінарыі.
Мужчына, увесь у татуіроўках, распавядаў, як ён сядзеў у турме за цяжкое злачынства, сядзеў ужо не першы раз, і туды прыйшлі служыць маладыя людзі з руху Адновы (у Польшчы па заканадаўстве такое магчыма).
Вынікам гэтых сустрэчаў для мужчыны стала тое, што ягонае жыццё павярнулася на 180 градусаў. Ён не толькі знайшоў Бога, пачаў жыць па Яго запаведзях, але і закахаўся ў дзяўчыну, якая прыходзіла ў турму. Праз нейкі час яны стварылі сям’ю, у іх цяпер некалькі дзяцей...
— Вы служыце ў калоніі ўжо пяты год і цяпер, азірнуўшыся на пройдзенае, таксама можаце парадавацца за кагосьці з тых, дзеля каго распачалі гэтую працу?
— Па-першае, я не сумняюся, што былі і ёсць там людзі, якім гэта патрэбна. Чымсьці гучным, накшталт той гісторыі з Польшчы, я не пахвалюся, але, дзякуй Богу, некалькі былых вязняў ужо стварылі свае сем’і, уладкаваліся на працу.
Ды толькі не варта настройвацца выключна на цудоўныя гісторыі. Яны здараюцца, але ўсё ж вельмі рэдка...
(...) Але варта разумець яшчэ і тое, што нярэдка ў турме сядзяць не закаранелыя злачынцы, а і выпадковыя людзі.
— Што гэта азначае? Іх несправядліва асудзілі?
— Асудзілі можа й справядліва, але… Там мора гісторый, калі, напрыклад, мужчыны альбо маладыя хлопцы біліся на вуліцы, а потым хтосьці з іх схапіўся за камень, кавалак арматуры альбо за нож.
Служэнне ў калоніі рэальна вучыць мяне не асуджаць іншага чалавека, але бачыць у ім найперш добрыя рысы, якія вылучаюць яго сярод іншых.
Часам нават смешна слухаць іх гаворку, калі яны адзін да аднаго звяртаюцца мянушкамі, нібы падлеткі ў двары. Чым больш прыглядаешся да іх, слухаеш пра тое, як яны жылі ў сваіх сем’ях, у сваім ранейшым асяроддзі, тым выразней пачынаеш разумець карані зла.
Бо кім мог вырасці чалавек, калі ў яго бацькі — алкаголікі, браты — злодзеі, а сёстры — прастытуткі? Як ты будзеш размаўляць з іншымі людзьмі, калі з дзяцінства ты чуў у сваім атачэнні гаворку, усцяж перасыпаную мацюкамі?