На працягу дзевяці дзён, з 4 па 13 кастрычніка, на нашым сайце будуць публікавацца невялікія разважанні як падрыхтоўка да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Фігура фацімскай Панны, перэгрынацыя якой адбудзецца ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў, будзе асвячона 4 кастрычніка ў Фаціме Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і дастаўлена ў Беларусь. Пасля заканчэння перэгрынацыі фігура будзе змешчана ў мінскай архікатэдры ў бочным алтары.
Дзень першы. Пачатак фацімскіх аб’яўленняў
Дзень другі. Благаслаўлёныя Францішак і Жасінта
Дзень трэці. Першая таямніца
Дзень чацвёрты. Другая таямніца
Дзень пяты. Першыя суботы месяца
Дзень шосты. Лісты сястры Люцыі
Дзень сёмы. Трэцяя таямніца
Дзень восьмы. Новае пакаленне — новая перэгрынацыя
Дзень дзявяты. Тэалагічная інтэрпрэтацыя фацімскіх аб’яўленняў
Перш за ўсё неабходна памятаць аб тым, што фацімскія візіі — гэта прыватныя аб’яўленні. Таму яны не з’яўляюцца і не могуць быць прадметам веры. Аднак у той жа час яны даволі карысныя і спрыяюць умацаванню і развіццю нашай веры, што асабліва важна перад абліччам пагрозлівых выклікаў сучаснасці. Таму іх нельга ігнараваць. Сучасны свет прапануе мноства разнастайных сродкаў, забываючы пра істотнае, а менавіта, калі можна так сказаць, пра «вератэрапію», якая з’яўляецца лекамі для душы.
Фацімскія візіі варта чытаць як сімвалічныя, якія ўпісаліся ў гісторыю свету і асабліва Расіі ў ХХ ст., якое нядаўна завяршылася.
Аб’яўленні найперш датычаць барацьбы атэістычнай сістэмы з Касцёлам і апісваюць пакуты сведкаў веры ў ХХ стагоддзі. Гэта не што іншае, як Крыжовы шлях Касцёла, шлях, які ўзначалілі Папы мінулага стагоддзя, у тым ліку Ян Павел ІІ, які ў тэксце трэцяй часткі фацімскай таямніцы пазнаў правобраз замаху на сваё жыццё.
Фацімскія аб’яўленні і іх таямніца, з аднаго боку, як здаецца, належаць мінуламу, хоць цяжка казаць, напрыклад, пра навяртанне Расіі як пра завершаную адзіначасную падзею, бо гэта працяглы, цяжкі і ўсцяж актуальны працэс. З іншага боку, яны датычаць заўсёды актуальнага закліку да пакаяння і навяртання, як гэта падкрэслівае кардынал Анджэло Садана.
Сёння выключна важная перасцярога Марыі аб тым, што людзі могуць спадзявацца на мірнае і шчаслівае жыццё, калі будуць каяцца і звяртацца да Бога. Калі ж не, то варта чакаць небяспек. Прычым тут няма ў чым папракнуць Бога. Ён перасцерагае і заклікае вярнуцца на ўказаны Ім шлях, паважаючы свабоду чалавека, якою Ён яго адарыў. Таму толькі чалавек нясе адказнасць за сваю будучыню. Чалавецтва не павінна забыць урокаў трагічнай гісторыі ХХ ст.
Выключна важным з’яўляецца сцвярджэнне Марыі аб успаміне Яе Беззаганнага Сэрца і Яго ўшанаванні. Гэта заклік да кожнага чалавека — мець чыстае і адданае Богу сэрца. Сучаснаму свету, поўнаму супярэчнасцяў і выклікаў, Марыя дае новую надзею ў чыстым сэрцы, скіраваным да Хрыста і адданым Яму.
Фацімская таямніца — гэта не што іншае, як заклік да малітвы, якая з’яўляецца шляхам да збаўлення, і заклік да пакаяння і навяртання. З таго моманту, калі Бог стаўся чалавекам, г.зн. атрымаў чалавечае сэрца, магчымаць чыніць зло ўжо не мае апошняга слова, бо Хрыстус скарыў свет (пар. Ян 16, 33)
Такім чынам, Фаціма — гэта знак Божай міласэрнасці, які праз Марыю быў аказаны Расіі і ўсяму чалавецтву 99 гадоў таму. Вялікі сябра Фацімскай Божай Маці святы Ян Павел ІІ кажа, што менавіта міласэрнасць Божая — адзіная надзея сучаснага свету.
І, урэшце, фацімскія аб’яўленні і іх таямніца заклікаюць нас даць на выклікі часу хрысціянскі, змешчаны ў Святым Пісанні, адказ: «Усё, што народжана ад Бога, перамагае свет» (1 Ян 5, 4).
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч