Пошук


На працягу дзевяці дзён, з 4 па 13 кастрычніка, на нашым сайце будуць публікавацца невялікія разважанні як падрыхтоўка да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Фігура фацімскай Панны, перэгрынацыя якой адбудзецца ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў, будзе асвячона 4 кастрычніка ў Фаціме Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і дастаўлена ў Беларусь. Пасля заканчэння перэгрынацыі фігура будзе змешчана ў мінскай архікатэдры ў бочным алтары.

Дзень першы. Пачатак фацімскіх аб’яўленняў
Дзень другі. Благаслаўлёныя Францішак і Жасінта

Дзень трэці. Першая таямніца

13 ліпеня 1917 года адбылося трэцяе фацімскае аб’яўленне. Маці Божая аб’явіла таямніцу. Таямніца гэтая складаецца з трох частак, таму часам кажуць пра тры фацімскія таямніцы. Дзве таямніцы былі апублікаваны 31 жніўня 1941 г. у дакуменце «Трэці мемуар» («Third Memoir»), напісаным Люцыяй па просьбе Жазэ да Сільва, біскупа горада Лейрыя.

Першая частка фацімскай таямніцы датычыць цярпенняў у пекле: «Мы ўбачылі мора агню. У гэты агонь былі акунутыя дэманы і душы, нібы раскаленыя да чырвані вуглі, празрыстыя, чорныя ці карычневыя языкі полымя, якія мелі чалавечыя абрысы. Яны ўзносіліся ў пажары, полымя агню распаўзалася навокал разам з клубамі дыму, потым разляталіся, нібы лёгкія іскры. Усё гэта было сярод стогнаў адчаю і крыкаў, якія жахалі і прымушалі чалавека ўздрыгваць ад страху і жудасці. Д'яблы адрозніваліся адзін ад аднаго жахлівымі і агіднымі абрысамі жудасных і невядомых звяроў, якія былі празрыстыя, як раскаленыя да чырвані вуглі».

Бачанне пекла паказвае, што чалавечыя выбары маюць канчатковыя наступствы, аднак Бог урэшце хоча сустрэцца з чалавекам. Бог шануе свабоду чалавека, але чалавек можа няправільна яе выкарыстаць. Бог прагне адарыць нас сваёю любоўю.

Пекла, свядома або несвядома, выбіраюць тыя, хто супраціўляецца любові. Вось таму Фаціма спачатку кажа пра грэх. Аб’яўляючыся там, Маці Божая перасцерагае ад наступстваў нашых грахоў. І адразу звяртае ўвагу на хлусню сатаны, які падмяніў нашае ўспрыняцце граху. Мы баімся не граху, а яго наступстваў.

Грэх зневажае Бога, забівае ў нас жыццё. Але мы пра гэта не думаем. Самае большае — прывязваем увагу да кары за грахі. Мы баімся не граху, а пакарання за грахі. Фаціма ж перасцерагае нас ад самога граху.

Аб’яўленні падкрэсліваюць значэнне свабоды чалавека. А менавіта тое, што яго будучыня не з’яўляецца нязменна прадвызначанаю, а, наадварот, залежыць ад яго самога. Мэта аб’яўлення не ў тым, каб паказаць «фільм» пра нязменна наканаваную будучыню, а ў тым, каб мабілізаваць чалавека да перамены, каб станавіцца лепшым.

Такім чынам, у аб’яўленні Маці Божай мы чуем як пра небяспекі, так і пра тое, якім чынам іх можна пазбегнуць. Кардынал Ёзаф Ратцынгер, будучы Папа Бэнэдыкт XVІ, узгадваў, што с. Люцыя падчас адной размовы з ёю выразна ўказала на мэту фацімскіх аб’яўленняў — гэта быў заклік да ўзрастання ў веры, надзеі і любові.

У тэксце выкарыстаны матэрыялы catholic-zhodzina.by,
fatimskayanavenna.blogspot.com.by

Кс. Кірыл Бардонаў

Абноўлена 14.06.2017 17:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.