«…хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго» (Лк 18, 17).
«…каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай» (Эф 3, 19).
Навяртацца і быць, як дзеці, і «напоўніцца ўсёю паўнатою Божай» — здаецца на першы погляд, такая дзіўная супрацьлегласць, і як жа яе ўвогуле зразумець? Але гэта супрацьлегласць толькі ўяўная.
Ці хочам мы вярнуцца да першаснага стану дзіцячай душы? Дасягнём мы гэтага толькі, калі будзем ісці наперад і духоўна развівацца. Дзяцінства і старасць — раніца і заход дня — шмат у чым падобныя. Прыгадаем сабе казанне Езуса, якое Ён прамовіў на гары да сваіх вучняў (Мц 5, 3-12): Збаўца называе шчаслівымі тых, хто мае дзіцячыя якасці. Пакора, лагоднасць, міласэрнасць, чысціня сэрца — гэта якасці душы дзіцяці. Але і дарослы чалавек можа дасягнуць такой жа мэты з паўнаты Божай ласкі.
Дзіця бывае «ўбогае духам» па прыроджанай несвядомай сціпласці, а дарослы чалавек з прычыны таго, што ўсведамляе сваю духоўную ўбогасць. Дзіця плача з-за таго, што згубілася; дарослы чалавек плача, таму што яму цесна ў вузкіх жыццёвых межах. Дзіця адчувае толькі адзін голад, калі яму не хапае цялеснай ежы; для дарослага чалавека больш важна задаволіць голад духоўны і прагненні свайго сэрца. У дзяцінстве мы прабачаем без аніякай прычыны і проста забываем ўсялякія крыўды бліжніх, а ў сталым узросце мы разумеем чалавечыя слабасці і прабачаем іх свядома з любові да бліжняга.
Дзіцячая нявіннасць бярэ пачатак з несвядомасці; у дарослага пазнанне сваёй заганы з усёй яе агідай падштурхоўвае чалавека шукаць чысціні душы, якая дасягаецца толькі на Галгоце. Сталы ўзрост таксама вяртае чалавеку ўсю прыгажосць дзіцячай нявіннасці, якая ўзбагачаецца жыццёвым вопытам. Гэта сапраўды магчыма. Як і ў прыродзе адбываюцца перамены надвор’я: пасля цёмных хмараў, пасля глыбокай начы — узнімаецца светлая ранішняя зара, узыходзіць сонца, асвятляе наваколле.
Нездарма ў Божым слове сказана: «Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго…» (Гал 4, 4). Таксама будзе і для нас. Калі мы дасягнем паўнаты духоўнага жыцця, Езус Хрыстус з’явіцца і нам; мы адродзімся нанова; ранішняя зара ўспыхне для нас; мы ўбачым узыходзячае Сонца на ўсходзе, мы пачуем песню пастухоў у Бэтлееме, і ў ёй прагучыць радасная надзея новага дня, хвала і праслаўленне Найвышэйшаму.
Але мы павінны зразумець, што самі па сабе без Божай дапамогі нічога ў жыцці не можам зрабіць. Нам неабходна ва ўсёй прастаце сэрца звяртацца да нашага Нябеснага Айца, просячы падтрымкі і дапамогі. Тым больш што прасіць аб дапамозе, усведамляючы сваю слабасць, зусім не сорамна.
Вось прыклад святой сястры Фаўстыны для нас. Яна з глыбіні сэрца звяртаецца да Езуса: «О Езу мой, утрымлівай мяне каля Сябе, глянь, якая я слабая, сама я ні кроку не зраблю наперад, таму Ты, Езу, павінен быць пастаянна са мною, як маці пры слабым дзіцяці, і нават больш за тое» (Дз. 264). «О мой Пане, мая ж душа — наймізэрнейшая з усіх, а Ты так ласкава схіляешся да яе. Я ясна бачу Тваю веліч і сваю нязначнасць, і таму я радуюся, што Ты такі магутны і бязмежны, і бясконца радуюся, што я такая маленькая» (Дз. 1417).
Сястра Фаўстына ўсведамляе, што яна — Божае дзіця, таму пра сябе кажа так: «Я іду па жыцці сярод вясёлак і бураў, але з горда ўзнятаю галавою, бо я — каралеўскае дзіця, бо я адчуваю, што кроў Езуса цячэ ў маіх жылах, а маё спадзяванне — на вялікую міласэрнасць Пана» (Дз. 992).
Аднойчы ў сваім духоўным Дзённіку яна запісала: «Прыняўшы святую Камунію, я атрымала больш глыбокае пазнанне нябеснага Айца і Яго айцоўства ў адносінах да душаў. Сёння я жыву праслаўленнем Святой Тройцы. Я дзякую Богу, што Ён праз ласку пажадаў учыніць нас сваімі дзецьмі» (Дз. 1819).
Святая Фаўстына сапраўды радуецца з-за таго, што адчувае сваю нязначнасць і мізэрнасць перад Богам, таму што сам Бог найбліжэй кантактуе з чыстай, ціхай і пакорнай душой. У малітве яна звяртаецца да Збаўцы: «Езу найміласэрнейшы, Ты сам сказаў: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам”, — прымі ў дом свайго найлітасцівейшага Сэрца душы ціхія і пакорныя, і душы малых дзяцей. Гэтыя душы прыводзяць у захапленне ўсё неба і з’яўляюцца асаблівым упадабаннем нябеснага Айца, і духмяным букетам перад Божым тронам, ад водару якога сам Бог мае асалоду. Гэтыя душы пастаянна знаходзяцца ў доме найлітасцівейшага Сэрца Езуса і нястомна спяваюць гімн любові і міласэрнасці навекі» (Дз. 1221).
Святая Фаўстына просіць Бога благаславіць увесь свет праз любоў да чыстых дзіцячых душаў: «Ойча міласэрнасці і ўсялякай дабрыні, прашу Цябе праз любоў і ўпадабанне, якія маеш у гэтых душах, благаславі ўвесь свет, каб усе душы разам спявалі пашану Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн» (Дз. 1223).
Таму, каб духоўна развівацца і ўзрастаць у цнотах хрысціянскай веры, надзеі і бязмежнай Божай любові, варта нам, хрысціянам XXІ стагоддзя, стаць як дзеці, а менавіта старацца наследаваць усе якасці дзіцячай душы, каб праз нашыя душы шчодрыя Божыя ласкі сплывалі на тых, хто яшчэ да гэтай пары не знайшоў Бога, хто шукае сапраўднага святла, праўды і спрадвечнай любові.