Пошук

29.09.2016 14:04  

29 верасня Касцёл адзначае свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, а 2 кастрычніка — успамін святых Анёлаў Ахоўнікаў. Ці часта мы задумваемся над тым, якім вялікім дарам для нас з’яўляюцца анёлы, якія аберагаюць нас і спадарожнічаюць нам? У дзяцінстве многія з нас маліліся да сваіх Анёлаў Ахоўнікаў, але з узростам мы схільныя забываць, наколькі важная ў нашым жыцці гэтая моцная прысутнасць анёлаў.

Прыгадаем, што кажа каталіцкая традыцыя пра гэтых «службовых» духаў, «пасланых служыць тым, хто пакліканы наследаваць збаўленне» (пар. Гбр 1, 14).


1. Яны рэальныя


«Існаванне бесцялесных істот, якіх Святое Пісанне называе анёламі, — гэта праўда веры. Сведчанне Пісання тут цалкам супадае з Традыцыяй Касцёла» (пар. ККК, 328). У Бібліі мы знаходзім мноства прыкладаў анёльскіх умяшальніцтваў: яны служылі ўсім — патрыярхам, прарокам, а таксама самому Хрысту. «Калі надыходзяць спакусы, кліч свайго анёла. Ён хоча дапамагаць больш, чым ты прагнеш, каб табе дапамаглі! Не зважай на сатану, не бойся яго; ён дрыжыць і ўцякае ад твайго Анёла Ахоўніка», — навучаў св. Ян Боско.


2. Кожны мае свайго анёла

Мы ні з кім не дзелімся нашым Анёлам Ахоўнікам. Яны настолькі важныя для нашага духоўнага дабрабыту, што Пан пасылае анёла да кожнага з нас. «Якой жа годнасцю надзелена душа чалавека, што кожны з нас ад першага моманту жыцця мае анёла, прызначанага, каб нас аберагаць» (св. Еранім).

3. Яны вядуць нас да нябёсаў, калі мы дазваляем гэта


Наш Анёл Ахоўнік абараняе нас ад злога, спадарожнічае нам у малітве, заахвочвае выбіраць дабро. Анёлы здольныя ўплываць на нашыя пачуцці і ўяўленне, аднак не маюць уплыву на нашу волю. Яны не могуць выбіраць за нас, хоць заахвочваюць нас усімі магчымымі спосабамі ісці за тым, што добрае, шчырае і прыгожае.

4. Яны ніколі нас не пакідаюць

«Дарагія сябры, Пан заўсёды блізка; Ён дзейнічае ў гісторыі чалавека і сцеражэ нас праз дапамогу ўнікальнай прысутнасці: анёлаў, якіх Касцёл сёння ўшаноўвае як ахоўнікаў. Іншымі словамі, яны — канкрэтныя прылады Божай апекі ў жыцці кожнага. Ад пачатку ажно да смерці чалавечае жыццё агорнута іх пастаянным клопатам» (Бэнэдыкт XVI). Няма прычын для роспачы: анёлы крочаць побач і будуць служыць людскім душам заўсёды. Нават смерць не аддзеліць чалавека ад іх: яны побач з намі тут, на зямлі, і будуць прабываць з намі ў небе.


5. Ваш Анёл Ахоўнік — гэта не ваш спачылы прадзед

Анёлы — гэта духоўныя істоты, якія маюць розум і свабодную волю. Яны створаны Богам, каб праслаўляць Яго і служыць Яму ў вечнасці.


6. Не чалавек прыдумвае імёны Анёлам Ахоўнікам

Папулярная пабожнасць і культ святых анёлаў па сваёй сутнасці добрыя, аднак яны могуць стаць прычынай адхіленняў, такіх, як напрыклад, надаванне анёлам імёнаў. Гэтага трэба пазбягаць. Паводле адной з інструкцый Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, гэта не датычыць толькі арханёлаў, чые імёны запісаны ў Святым Пісанні.


7. Гэта не пухленькія, салодкія дзеткі, якія лётаюць над аблокамі і граюць на арфах. Гэта магутныя духоўныя істоты, якія змагаюцца за душу чалавека

«Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры анёльскага свету. Анёлы Яму належаць: “Прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім” (пар. Мц 25, 31)» (ККК, 331). Анёлы нашмат больш дасканалыя за людзей. Яны пасланыя, каб нам служыць, пастаянна пры гэтым прабываючы ў Божай прысутнасці. Анёлы адораны вялікаю сілаю і духоўнымі здольнасцямі, якіх чалавек не мае. «Ты ўражаны, што твой анёл столькі для цябе робіць? Менавіта для гэтага Пан паставіў яго для цябе!» — пісаў св. Хасэмарыя Эскрыва.

Ты можаш, і нават павінен, прасіць свайго анёла аб заступніцтве і апецы. Многія людзі не ўсведамляюць, якую дапамогу могуць атрымаць ад яго. Наш Нябесны Айцец робіць усё, каб мы правялі з Ім вечнасць. Дазволь свайму анёлу ўвесці цябе ў глыбіню Божай міласэрнасці, любові і дабрыні.

Паводле CREDO
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця