Пошук

07.09.2016 00:00  

Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, абвешчаны Айцом Святым Францішкам у Каталіцкім Касцёле, — гэта час асаблівай Божай ласкі, гэта перыяд вялікага трыумфу Божай любові, якая вынікае з Найсвяцейшага Сэрца Езуса і сплывае на ўсё чалавецтва, асабліва на бедных грэшнікаў, якія яшчэ не спазналі моц любові Уваскрослага Хрыста-Збаўцы.

Аднойчы сам Езус Хрыстус скіраваў да сястры Фаўстыны Кавальскай такія словы: «Я адкрыў сваё сэрца як жывую крыніцу міласэрнасці; няхай усе душы чэрпаюць з яе жыццё, няхай з вялікім даверам набліжаюцца да гэтага мора міласэрнасці. Грэшнікі атрымаюць апраўданне, а справядлівыя — умацаванне ў добрым. Таму, хто давяраў Маёй міласэрнасці, у гадзіну смерці Я напоўню яго душу сваім Божым спакоем» (Дз. 1520).

Далей Езус прамовіў: «Дачка Мая, не спыняйся ў абвяшчэнні Маёй міласэрнасці, гэтым ты ўлагодзіш Маё сэрца, якое палае агнём літасці да грэшнікаў. Скажы Маім святарам, што закаранелыя грэшнікі будуць скрушаныя іх словамі, калі яны будуць гаварыць пра Маю бяздонную міласэрнасць, пра літасць да іх, якая жыве ў Маім сэрцы. Святарам, якія  будуць абвяшчаць і праслаўляць Маю міласэрнасць, Я дам надзвычайную моц, Я благаслаўлю іх словы і ўзрушу сэрцы, да якіх яны будуць прамаўляць» (Дз. 1521).

Вельмі моцныя абяцанні дае Езус Хрыстус, які прыйшоў дзеля збаўлення грэшнікаў.

Сястры Фаўстыне Сын Божы дае асаблівы наказ: «Дачка Мая, Я нагадваю табе: кожны раз, калі ты пачуеш, што гадзіннік прабіў тры гадзіны, заглыбляйся ўся ў Маю міласэрнасць, ушаноўваючы і праслаўляючы яе; заклікай яе ўсемагутнасць для цэлага свету, і асабліва для бедных грэшнікаў, бо ў гэту хвіліну яна адкрылася насцеж для кожнай душы. У гэту гадзіну ты выпрасіш усё і для сябе, і для іншых; у гэту гадзіну з’явілася ласка для ўсяго свету — міласэрнасць перамагла правасуддзе. Дачка Мая, старайся ў гэту гадзіну разважаць над стацыямі Крыжовага шляху, наколькі табе дазволяць твае абавязкі; а калі не можаш трываць на Крыжовым шляху, то, прынамсі, зайдзі хоць на хвіліну ў капліцу і ўшануй Маё сэрца, поўнае міласэрнасці ў Найсвяцейшым Сакрамэнце; а калі не можаш зайсці ў капліцу, пагрузіся ў малітву там, дзе ты знаходзішся, хоць на кароткі момант. Я патрабую пашаны да Маёй міласэрнасці ад кожнага стварэння, але найперш ад цябе, бо Я даў табе найглыбей спасцігнуць гэтую таямніцу» (Дз. 1572). Гэты наказ Збаўцы скіраваны не толькі да святой Фаўстыны, але актуальны і для нас, хрысціян XXI стагоддзя, якія з’яўляемся сведкамі прыгнёту і пераследу святога Каталіцкага Касцёла ў свеце.

Змяняюцца стагоддзі, дзесяцігоддзі, хутка пралятаюць гады, але не змяняецца толькі Бог Усемагутны — Творца Сусвету, які прагне ацалення збалелага чалавецтва.

Аднойчы сястра Фаўстына пачула словы Збаўцы: «У Старым Запавеце Я пасылаў свайму народу прарокаў з грамамі. Сёння Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёй міласэрнасцю. Я не хачу караць збалелае чалавецтва, а прагну яго вылечыць, прытуляючы да свайго міласэрнага сэрца. Я выкарыстоўваю кары тады, калі людзі самі змушаюць Мяне да гэтага; Мая рука неахвотна бярэцца за меч правасуддзя: перад Судным днём Я пасылаю дзень міласэрнасці» (Дз. 1588).

Божая міласэрнасць пераўзыходзіць справядлівасць Божую, таму ацаліць раны здольная толькі Божая любоў. На жаль, не кожны чалавек імкнецца сёння да паяднання з Богам; не кожны адкрывае сваё сэрца на дапамогу патрабуючым, нават на духоўную малітоўную падтрымку, не кажучы пра міласціну, матэрыяльную дапамогу.

Людзі не маюць унутранага душэўнага супакою і сталай духоўнай радасці, таму што не навучыліся дзякаваць Богу за ўсе атрыманыя даброты і штодзённа праслаўляць свайго Стварыцеля, не навучыліся жыць у прысутнасці жывога Бога, які звяртаецца да сваіх дзяцей, кажучы: «Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам».  Сучаснаму чалавеку не хапае пакоры. Не кожны здольны ў праўдзе прадстаць перад Панам Богам, стаць на калені і прызнацца ў сваіх слабасцях; не кожны прагне першым папрасіць прабачэння ў таго, каго пакрыўдзіў, а менавіта таму, што чалавеку перашкаджае ганарыстасць і пыха, якая з’яўляецца адным з галоўных сямі грахоў. Тым больш пыха цягне за сабою іншыя правіны, слабасці і занядбанні.

Таму, каб паўстаць з бездані такога нікчэмнага становішча, варта глыбей прыгледзецца да ўнутранага стану сваёй душы і з вялікім даверам звярнуцца да Бога Усемагутнага, міласэрнага Хрыста-Збаўцы, у малітве сэрца, просячы прабачэння, і кожны дзень старацца хадзіць вузкімі сцежкамі, імкнучыся да хрысціянскай дасканаласці і святасці, наследуючы Хрыста, які ціхі і пакорны сэрцам.


Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.