«Марнасць марнасцяў і ўсё — марнасць!» — як кажа Эклезіяст. Калі
паразважаць над сэнсам гэтых слоў, то сапраўды так і ёсць, бо ўсё бачнае
— мінае, а нябачнае — застаецца і трывае вечна. Даброты зямныя не
могуць у паўнаце наталіць прагненні чалавечага сэрца, таму што ўсё
матэрыяльнае раней ці пазней знікае і перастае з цягам часу прыносіць
чалавеку задавальненне. Толькі Божая любоў і міласэрнасць, якія ніколі
не прамінаюць, могуць па-сапраўднаму ўзрадаваць сэрца і напоўніць
трывалым Божым супакоем.
Напэўна, кожны ў сваім жыцці неаднаразова спазнаў такі стан, калі, здавалася б, ёсць усё: сям’я, сябры, жыллё, грошы, праца… — але чагосьці ўсё ж такі не хапае. І чалавек нават сам не можа зразумець, чаго ж яму не стае. Часам такі стан можа быць, калі чалавек проста ўжо настолькі стомлены фізічна, што нічога не жадае, апрача таго, каб ніхто яго не чапаў і не дакучаў яму.
Тады ён імкнецца выехаць куды-небудзь на адпачынак, напрыклад, на мора, каб спыніцца крыху ў такім бурлівым рытме штодзённага жыцця: аддаліцца ад людзей, пасядзець на беразе, паслухаць шум марскіх хваляў, назіраць захад сонца… Але ж і такі адпачынак не можа доўжыцца вечна, прыходзіцца вяртацца да звычайнай штодзённасці, таму што чакае сям’я, праца… Чалавек вяртаецца да сваіх ранейшых клопатаў і зноў паступова пагружаецца ў свецкую мітусню. А душа сапраўды прагне і прагне чагосьці большага.
Душа мая прагне Бога жывога,
У Табе, Езу Хрысце, — любоў і ўспамога!
Калі я ў самоце Цябе зноў паклічу —
Пакажаш мне, Езу, святое Аблічча!
Чалавек адпачывае па-сапраўднаму, калі ягонае сэрца адпачывае ў Богу. Святая сястра Фаўстына вельмі часта імкнулася прабываць сам-насам з Богам і душою адчуваць Ягоную прысутнасць. Аднойчы ў Дзённіку яна занатавала:
«У горнім святле, дзе мой Бог валадарыць,
Там душа мая тужыць,
Там сэрца маё прабывае,
І ўся істота мая да Цябе імкнецца.
Я імкнуся ў свет іншы, да Бога самога,
Да святла недасяжнага, у самы жар любові,
Бо мая душа і сэрца створаныя для Яго,
І маё сэрца з юначых гадоў палюбіла Яго.
Там, у ззянні святла Аблічча Твайго,
Адпачне мая любоў ссумаваная,
Бо памірае без Цябе на выгнанні дзяўчына,
Бо яна жыве тады, калі з Табой паяднаная» (Дз. 1653).
Няма большай духоўнай радасці, чым сэрцам адчуваць Божую любоў. Заглыбіцца ў любоў міласэрнага Бога магчыма, калі аддаліцца ад непатрэбнай свецкай мітусні і ў адзіноце наблізіцца да Пана. Вось як цудоўна сястра Фаўстына апісвае адпачынак душы ў прысутнасці Бога:
«Адзінота — мой час улюбёны,
Адзінота — але заўжды з Табою, Езу і Пане,
Каля Твайго Сэрца прыемна мой час прамінае,
Каля Яго мая душа адпачывае.
Калі сэрца перапоўнена Табой і любоўю,
А душа чыстым агнём палае,
Тады сярод найбольшай асірацеласці
душа адзіноты не спазнае,
Бо на ўлонні Тваім спачывае.
О адзінота, хвіліны сумоўя высокага,
Хоць я пакінута ўсімі стварэннямі,
Я патанаю ўся ў акіяне Твайго Боства,
А Ты з асалодаю слухаеш мае прызнанні» (Дз. 1699).
Святая сястра Фаўстына вельмі далікатна распавядае, як яе душа цалкам паглыбляецца ў Бога: «Мяне працінае Божая прысутнасць і запальвае маю любоў да Яго. Няма ніякіх словаў, ёсць толькі ўнутранае разуменне. Праз любоў я ўся патанаю ў Богу. Пан набліжаецца да жытла майго сэрца. (…) Бог дае мне ўнутранае разуменне сваёй Боскай Сутнасці. Гэтыя хвіліны кароткія, але пранікнёныя. Душа выходзіць з капліцы глыбока засяроджаная, і нялёгка зрабіць яе рассеянаю. У такія моманты я дакранаюся да зямлі як бы адною нагою. Ніякая ахвяра на працягу дня не здаецца складанаю або цяжкаю. Кожная акалічнасць выклікае новы прыліў любові» (Дз. 1807).
«Сёння я запрашаю Езуса ў сэрца як любоў. Ты — сама любоў. Усё неба запальваецца ад Цябе і напаўняецца любоўю. І таму мая душа прагне Цябе, як кветка прагне сонца. Езу, прыйдзі як найхутчэй у маё сэрца, бо Ты бачыш, што, як кветка рвецца да сонца, так маё сэрца — да Цябе. Я раскрываю келіх свайго сэрца, каб прыняць Тваю любоў» (Дз. 1808).
Калі любоў дакранецца да сэрца,
Душу напаўняе спакой.
Аблічча Хрыста сузіраю,
У маўчанні гаворыць любоў.
Малітва ліецца праз сэрца,
Праходзіць яна праз душу,
А вусны могуць прамовіць
Адно толькі слова: ЛЮБЛЮ!
І моўчкі стаю перад Збаўцам...
Нібыта спыняецца час...
Знікаюць усе перашкоды,
Святая Любоў лучыць нас!
Табе давяраю, мой Езу!
Душою ўслаўляю Цябе,
Ты мне пазіраеш у вочы,
Я ж сэрца прыношу Табе.
Мізэрная я і малая,
А Ты — Усемагутны, святы,
Любоўю мяне напаўняеш
І ласкі Свае даеш Ты.
Сам крочыш мне сёння насустрач,
Каб шчодра мяне блаславіць,
Вадою святою жывою
Прагненні душы наталіць.
З Твайго Сэрца, Езу, выходзяць
Святыя два прамяні —
Жывая Вада й Кроў Святая.
Змываеш мае ўсе грахі,
Каб чыстай душою і сэрцам
Праславіць змагла я Цябе.
Я веру Табе, давяраю
І дзякую, Езу, Табе
За ўсё, што я маю — не маю...
За скарб вечны Твой, за любоў!
Табе, Езу, я давяраю
І прагну любові святой.