Пошук

27.06.2016 17:50  

Завяршыліся юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе, куды крочылі пілігрымы з розных мясцін Беларусі, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю і з вялікім даверам узнесці свае малітвы: падзякі і просьбы да Бога Айца Усемагутнага праз Яе заступніцтва. І сёння час, каб паразважаць над цнотамі Божай Маці, нашай апякункі, у якой мы шукаем падтрымкі і паратунку.

У гэты Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, перагортваючы старонкі духоўнага Дзённіка «Божая міласэрнасць у маёй душы», сэрца проста прагне засяродзіць увагу на цудоўнай малітве святой сястры Фаўстыны (гл. Дз. 161):  

О Марыя, Беззаганная Дзева,
Чысты крышталь сэрца майго,
Ты — сіла мая, о моцны якар,
Ты — шчыт мой і абарона для сэрца слабога.

О Марыя, Ты — чыстая і непараўнальная,
Ты — Дзева і разам з тым Маці,
Ты, як сонца, прыгожая, Ты — беззаганная,
Нішто не параўнаецца з вобразам душы Тваёй.

Хараство Тваё захапіла позірк Тройчы Святога,
І Ён сышоў з неба, пакідаючы трон спрадвечнай сталіцы,
І прыняў цела і кроў з Сэрца Твайго,
І дзевяць месяцаў утойваўся ў Сэрцы Дзявіцы.

О Маці, Дзева, ніхто не разумее таго,
Што Бог неабсяжны стаў чалавекам,
Гэта толькі памкненне любові і бязмежнай міласэрнасці Яго,
Праз Цябе, Маці, дадзена нам жыць з Ім навекі.

О Марыя, Маці, Дзева і Брама нябесная,
Праз Цябе прыйшло для нас збаўленне,
Усялякая ласка праз Твае рукі на нас сплывае,
Толькі вернае наследаванне Цябе мяне асвячае.

О Марыя, Дзева, Лілея найпрыгажэйшая,
Сэрца Тваё для Езуса было першым табэрнакулюмам на зямлі,
І гэта таму, што пакора Твая — найглыбейшая,
І таму Ты ўзнесена вышэй за хоры анёльскія і вышэй за святых.

О Марыя, мая мілая Маці,
Аддаю Табе душу, цела і беднае сэрца маё.
Будзь ахоўніцаю жыцця майго,
Асабліва ў гадзіну смерці, у апошнім змаганні.

Святая сястра Фаўстына цалкам аддалася ў рукі сваёй духоўнай Маці — даверыла сваё жыццё і ўсё тое, што пасля яго настане. Гэта павінна стаць і для нас, дзяцей Божых, асаблівай ласкай — прысвяціць сябе без рэшты Найсвяцейшай Панне Марыі, у паўнаце даверыцца Ёй; сэрцам, душой і розумам усклікнуць сёння: «Totus Tuus».

Найсвяцейшая Панна Марыя —
Узор святасці і чысціні!
Ты прымі нашы просьбы нізкія
І да Сэрца свайго прыгарні…
Крочым мы да будслаўскай святыні –
Свае сэрцы прыносім Табе.
Ты нас чуеш, святая Матуля,
Не пакінь жа Ты нас у журбе!
Мы з даверам ідзем к Табе сёння,
Каб падзякаваць за дар жыцця
І схіляем галовы ў пакоры,
Каб спазнаць сэнс святога жыцця,
Каб наследаваць Боскія цноты:
Тваю святасць і чысціню,
Сілкавацца святою любоўю,
Ажывіць зноў надзею сваю,
Умацаваць нашу слабую веру –
Кожны дзень каб духоўна ўзрастаць.
Найсвяцейшая Панна Марыя,
Бога прагнем мы сэрцам услаўляць!
Беззаганная Божая Маці —
Узор святасці і чысціні!
Усклікаюць к Табе пілігрымы:
— Нас да Сэрца свайго прыгарні!..

Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.