Пошук

10.06.2016 00:46  

Любоў, толькі любоў, любоў, якая не мінае, а трывае праз вякі, — толькі такая любоў здольная змяняць свет. Любоў, якою палымнее Божае Сэрца, чыніць цуды ў душах людзей. Любоў знішчае страх, неспакой і нават роспач. Любоў і міласэрнасць – адзінае цэлае, таму што немагчыма рабіць учынкі міласэрнасці, не маючы ў сэрцы любові да Бога і бліжняга. 

Калі чалавек робіць нейкую добрую справу толькі з прымусу, а любові ў сабе не мае, то гэта будзе толькі выкананнем чарговага абавязку, а не ўчынкам міласэрнасці. 

Сам Езус Хрыстус павінен быць для кожнага з нас прыкладам сапраўднай любові і міласэрнасці, таму што Бог ёсць любоў. А любоў не можа гневацца, не можа ненавідзець, не можа абгаворваць бліжніх, яна не можа жадаць ім зла альбо чыніць супраць бліжняга грэх.

У сучасным свеце паміж людзьмі, на жаль, існуе шмат непаразуменняў, спрэчак, а часта здараецца і так, што самыя родныя ў сям’і пачынаюць ненавідзець адзін аднаго, брыдкасловіць і, што горш за ўсё, праклінаць; асабліва калі бацькі зневажаюць дзяцей альбо родныя дзеці абражаюць сваіх бацькоў. Вельмі жудасна назіраць такое. А прычынаю такіх абставін з’яўляецца менавіта недахоп любові ў сэрцах людзей.

Чалавек па-сапраўднаму шчаслівы толькі тады, калі цалкам давярае Богу і ў сваім жыцці кіруецца Божым загадам любові.

Святая сястра Фаўстына Кавальская сваім жыццём і служэннем сведчыла аб любові да Бога і бліжніх. Калі яна складала свае першыя манаскія абяцанні, ёю авалодала «гарачае жаданне самаспалення для Бога праз дзейсную любоў, але незаўважную нават для найбліжэйшых сясцёр». Сястра Фаўстына на старонках свайго духоўнага Дзённіка распавядае аб тым, як падчас малітвы Езус прасякнуў яе душу: «Цемра адступіла. Я пачула ў душы такія словы: Ты – радасць Мая, ты – асалода сэрца Майго. З гэтай хвіліны я адчула ў сэрцы, гэта значыць у сабе, Найсвяцейшую Тройцу. Я заўважна адчувала сябе залітаю Божым святлом. З гэтага моманту мая душа мае зносіны з Богам, як дзіця – са сваім любым Айцом» (Дз. 27).

Езус называе сястру Фаўстыну дачкою і звяртаецца да яе, кажучы: «Дачка Мая, Я прагну, каб тваё сэрца было сфармавана на ўзор Майго міласэрнага сэрца. Ты ўся павінна быць прасякнута Маёю міласэрнасцю» (Дз. 167).

У дзень аднаўлення манаскіх абяцанняў сястра Фаўстына яшчэ з самай раніцы адчувала, што яе «дух цалкам патануў у Богу, у гэтым акіяне любові». Яна вельмі яскрава распавядае пра з’яднанне з Езусам, Сэрца якога – палымнеючае вогнішча міласці.

«Пасля аднаўлення манаскіх абяцанняў і святой Камуніі я раптам убачыла Пана Езуса, які сказаў мне ласкава: Дачка Мая, глядзі на Маё міласэрнае сэрца. Калі я ўгледзелася ў гэта Найсвяцейшае Сэрца, выйшлі тыя самыя прамяні, якія ёсць на гэтым абразе, — як кроў і вада, і я зразумела, якая вялікая міласэрнасць Пана. І зноў Езус ласкава прамовіў: Дачка Мая, гавары святарам пра гэтую Маю неспасцігальную міласэрнасць. Мяне спальвае полымя міласэрнасці, Я хачу выліваць яе на душы, [але] душы не хочуць верыць у Маю дабрыню» (Дз. 177).

Так ёсць і ў наш час. Езус – жывы. Сэрца Ягонае палае любоўю да чалавека, асабліва да бедных грэшнікаў, якія аддаліліся ад Бога праз грахоўную бездань, але не ўсе людзі хочуць прызнаць свае слабасці, грахі, занядбанні, пакаяцца, папрасіць прабачэння ў Бога і бліжніх, каб жыццё змянілася на лепшае.

На жаль, і  да сённяшняга дня шмат людзей не хочуць верыць у дабрыню і міласэрнасць Божую, у тое, што Бог не стамляецца прабачаць, калі чалавек Яго аб гэтым шчыра просіць і вызнае грахі ў сакрамэнце пакаяння.

Некаторым людзям здаецца, што за ўсё сваё жыццё яны столькі грахоў учынілі, што Бог ім ніколі ўжо не прабачыць, таму жывуць, не маючы надзеі на прабачэнне і прымірэнне, не вераць у тое, што міласэрнасць Божая нашмат большая, чым уся тая бездань грахоў, у якой прабывае душа.   

Здараецца так, што менавіта страх не дапускае прыйсці да споведзі. Страх паралізуе чалавечую волю. І ў выніку чалавек губляе ўнутраны душэўны супакой і паступова душу можа агарнуць роспач, а гэта – вельмі небяспечна, таму што чалавек, аддаліўшыся ад Бога праз грэх, не адчувае Божай прысутнасці і радасці, а часам і ўвогуле прабывае ў дэпрэсіўным стане. Тады можа нават здавацца, што Бог знаходзіцца недзе далёка, нібыта Ён забыўся пра чалавека і пакінуў яго. Але на самой справе гэта не так. Бог ніколі не пакідае чалавека без сваёй падтрымкі і апекі.

Стан духоўнай пакінутасці не раз спазнала і святая сястра Фаўстына, але яна разумела, што гэта – толькі часовае вельмі моцнае выпрабаванне ў яе духоўным жыцці, таму што Божая любоў, якая сыходзіць з Сэрца Езуса, ніколі не дасць ёй пахіснуцца і ўпасці ў роспач.

«У цяжкія хвіліны я буду ўглядацца ў распятае і ціхае Сэрца Езуса на крыжы, а ў палыхаючым полымі з Яго міласэрнага Сэрца сыйдзе да мяне моц і сіла для змагання» (Дз. 906), — заўважае сястра Фаўстына.

У сваім духоўным Дзённіку «Божая міласэрнасць у маёй душы» яна аднойчы нават запісала размову – дыялог міласэрнага Бога з душою ў роспачы (Дз. 1486).

Так, калі чалавек грэшны сам сабе разважае, што да яго Бог ужо не можа праявіць міласэрнасці, не прабачыць яму грахі, тады душа заглыбляецца ў яшчэ большую цемру і бачыць толькі сваю мізэрнасць. Але трэба пастарацца адразу ж адкінуць усе гэтыя дрэнныя думкі, якія прыносяць душы неспакой. Прабываючы ў такім стане, неабходна яшчэ больш заглыбіцца ў малітву і прасіць Божай дапамогі, каб падняцца, пераадолеўшы ўсе выпрабаванні.

Сам Езус, міласэрны Збаўца, суцяшае спрагнёную душу: «Не заглыбляйся ў сваю мізэрнасць, ты занадта слабая, каб гаварыць; лепш глядзі ў Маё сэрца, поўнае дабрыні, прайміся Маімі пачуццямі і імкніся да ціхасці і пакоры. Будзь міласэрная да іншых, як Я – да цябе, а калі адчуеш, што твае сілы слабнуць, прыходзь да крыніцы міласэрнасці і ўмацоўвай сваю душу, і ты не спынішся ў дарозе» (Дз. 1486).

Гэтыя словы Езуса, скіраваныя да святой Фаўстыны, Бог сёння кажа і кожнаму з нас. Сэрца Езуса, ціхае і пакорнае, чакае кожнага, а асабліва тых, каму найбольш патрэбная Божая міласэрнасць: грэшнікаў, якія яшчэ не сустрэлі Бога і не спазналі Ягонай любові, а таксама людзей хворых, самотных, старых, слабых, пакінутых…  

Галоўнае, чаго чакае Бог ад кожнай душы – гэта давер, толькі безумоўны давер Яму і вера ў тое, што для Бога няма нічога немагчымага. «Богу вельмі не падабаецца, калі Яму не давяраюць, і з-за гэтага некаторыя душы губляюць шмат ласкаў. Недавер душы раніць Яго наймілейшае Сэрца, поўнае дабрыні і неспасцігальнай любові да нас» (Дз. 595).

Езус Хрыстус казаў сястры Фаўстыне: «З усіх Маіх ранаў, як са струменяў, сплывае міласэрнасць для душаў, але рана Майго сэрца з’яўляецца крыніцаю неспасцігальнай міласэрнасці; з гэтай крыніцы струменяць усялякія ласкі для душаў. Мяне спальвае агонь літасці, Я прагну праліць яго на людскія душы. Кажы ўсяму свету пра Маю міласэрнасць» (Дз. 1190).

Наказ Езуса – распавядаць пра міласэрнасць Ягоную – актуальны на сённяшні дзень, гэтае заданне Ён дае кожнаму з нас, асабліва цяпер, калі ў сучасным свеце няма супакою ў сэрцах людзей і ў адносінах паміж людзьмі, калі перажываем крызіс веры і не маем надзеі, калі паўсюдна бачны недахоп любові, сапраўднай любові, якой вучыць нас Езус Хрыстус – любові, якая аддае сябе, якая ахвяруецца сабою дзеля дабра бліжніх.

Каб прыняць Божую любоў і дзяліцца ёю з бліжнімі, найперш важна прыгледзецца да свайго ўласнага сэрца: чым напоўнена яно? Важна адказаць на пытанне: якімі каштоўнасцямі я сёння жыву і кім для мяне ёсць Езус Хрыстус? Неабходна прадстаць у праўдзе перад Богам, зрабіць глыбокі рахунак уласнага сумлення.

«Акажы мне, Божа, міласэрнасць сваю,
Паводле літасці Сэрца Езуса.
Пачуй уздыханні і просьбы мае,
Плач пакаяннага сэрца» (Дз. 1298).

З Божаю дапамогаю праз сакрамэнт пакаяння трэба ачысціць сэрца і душу ад усялякіх неўпарадкаваных схільнасцяў, грахоў, занядбанняў і чыстым сэрцам прыняць Божую любоў у сакрамэнце святой Эўхарыстыі, каб трываць у гэтай любові і шчодра дзяліцца ёю з бліжнімі.

Таму трэба менавіта сёння адкрыць сэрца на Божую любоў, як гэта некалі зрабіла святая сястра Фаўстына, з глыбокім даверам звяртаючыся да Езуса словамі такой цудоўнай малітвы: «Езу мой, прасякні ўсю мяне, каб я магла адлюстраваць Цябе ўсім сваім жыццём. Абагаві мяне, каб мае ўчынкі мелі звышнатуральную каштоўнасць. Учыні так, каб да кожнай душы, без выключэння, ува мне была любоў, літасць і міласэрнасць.

О мой Езу, кожны з Тваіх святых адлюстроўвае ў сабе адну з Тваіх цнотаў. Я прагну адлюстраваць Тваё літасцівае і поўнае міласэрнасці Сэрца, я хачу яго праславіць. О Езу, няхай Твая міласэрнасць будзе адціснута, як пячатка, на маім сэрцы і на маёй душы – гэта будзе маёю адзнакаю ў гэтым і будучым жыцці. Праслаўленне Тваёй міласэрнасці – выключнае заданне майго жыцця» (Дз. 1242).

Святая сястра Фаўстына ўсёю сваёю істотаю – сэрцам, розумам, душою – нібыта спявае гімн праслаўлення і хвалы Божаму Сэрцу (Дз. 1321):

Будзь прывітана, найміласэрнае Сэрца Езуса,
Жывая крыніца ўсялякіх ласк,
Адзіная наша сховань і наш прытулак,
У Табе – маёй надзеі бляск.

Будзь прывітана, найлітасцівае Сэрца Бога майго,
Невычэрпна-жывая крыніца любові,
З якой для грэшнага чалавека выплывае жыццё
І ўсялякай струмень асалоды.

Будзь прывітана, адкрытая рана Найсвяцейшага Сэрца,
З якой выйшлі міласэрнасці промні
І з якой дадзена нам чэрпаць жыццё
Толькі начыннем даверу.

Будзь прывітана, неспасцігальная Божая дабрыня,
Якой ніколі ні змераць, ні вычарпаць нельга,
Поўная міласэрнай любові і заўсёды святая,
Як добрая маці, схіляешся Ты над намі.

Будзь прывітаны, міласэрнасці троне, Ягнё Божае,
Той, хто дзеля мяне жыццё сваё склаў у ахвяры,
Перад Табою штодня душа мая ўпакорваецца,
Жывучы ў глыбокай веры.

Таму і нам, слабым грэшным людзям, так патрэбна сёння ў глыбокай пакоры наблізіцца да Крыжа, перапрашаючы Бога за ўсе ўчыненыя знявагі, і ўзірацца ў чыстае Сэрца Збаўцы, з глыбіні якога выплылі Кроў і Вада, як крыніца міласэрнасці да нас і да ўсяго свету.

Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа