Пошук


Сёння асаблівы дзень. Такі, якога ніколі больш не будзе ў тваім жыцці. Дзень, калі ты можаш зрабіць дабро або не зрабіць яго. Дзень, калі ты можаш развівацца або не развівацца. Дзень, калі ты можаш любіць або не любіць… Дзень, якім ты можаш праслаўляць Бога. Мы сабралі топ 10 прычын праслаўляць Бога кожны дзень.

1. За дар жыцця

Тое, што ты з’явіўся на свет, ужо з’яўляецца вялікім цудам і шчасцем. Тваё жыццё непаўторнае і вельмі каштоўнае ў вачах Бога. Ён сфармаваў цябе ва ўлонні маці і ўжо тады ведаў тваё пакліканне. Таму падзякуй Яму сёння за гэты бязмежны дар.

2. За Эўхарыстыю

Самым важным дарам для цябе ад Бога з’яўляецца Эўхарыстыя. Езус – прыклад найвялікшай любові Бога да чалавека. І менавіта Ён здольны даць табе сапраўдны супакой і радасць. Таму не шукай прыняцця і суцяшэння ў знешнім свеце. Суцяшэнне свету часовае. Езус жа дае трывалы спакой. Стоячы на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, ты можаш напоўніцца незвычайнай сілай — сілай, якую Ён дае. Будзь удзячны Богу за гэты самы важны дар у тваім жыцці.

3. За споведзь

Ты не можаш быць ідэальным. І часам здараецца, што падаеш, паўтараючы адны і тыя ж грахі. Мабыць, не раз дакараў сябе, што зноў сышоў і пакінуў Яго, адчуваючы сябе здраднікам. Але Ён заўсёды гатовы паразмаўляць, выслухаць цябе і працягнуць руку дапамогі. Ён ачышчае і аднаўляе цябе зноў і зноў. Менавіта праз споведзь ты набываеш надзею і білет у жыццё вечнае. Дзякуй і праслаўляй Бога за гэты дар.

4. За тваю індывідуальнасць

Такога, як ты, больш няма ў свеце. І гэта цудоўна! Бог цябе задумаў менавіта з такім характарам, тэмпераментам, поглядам на свет, знешнасцю, здольнасцямі і талентамі. Не імкніся пераймаць кагосьці. Адкрывай сябе кожны дзень. Але не сам, а разам з Ім. Пытайся ў Яго, хто ты ёсць і чаго насамрэч хочаш. А галоўнае – дзякуй Богу за сваю індывідуальнасць.

5. За сваіх родных, блізкіх, сяброў…

Вакол цябе ёсць людзі, якія спрабуюць цябе любіць. Магчыма, іх мова любові незразумелая для цябе. Магчыма, яны не заўсёды здольныя прыняць цябе і належным чынам выказаць сваю любоў. Можа, паміж табой і тваімі роднымі ёсць бар’еры непаразуменняў… Але ўсё роўна дзякуй Богу за іх. Яны – тыя людзі, якіх Бог паставіў на тваім шляху не проста так. Нават канфліктныя і непрыемныя сітуацыі Ён выкарыстоўвае для твайго духоўнага ўзрастання. Таму дзякуй за ўсё.

6. За ворагаў і нядобразычліўцаў

Было б вельмі файна, калі б усе цябе любілі і дапамагалі табе. Рэальнасць іншая. Ёсць людзі, якім ты не падабаешся, ёсць тыя, хто табе не падабаецца. Хтосьці гэта паказвае адкрыта, хтосьці прыхавана. Гэта жыццё. Але праз такіх людзей Бог цябе таксама многаму можа навучыць. Езус заклікаў маліцца за ворагаў. Маліся і ты. І дзякуй Богу за такіх людзей.


7. За простыя рэчы

Кожны дзень вакол цябе шмат простых рэчаў, за якія ты можаш падзякаваць Богу. Гэта ранішняя кава або яе адсутнасць, смачныя булачкі, вецер у валасах па дарозе на працу, выпадковыя ўсмешкі мінакоў на вуліцы, дзіцячы смех, перапоўнены тралейбус з вечна стомленымі, задуменнымі, радаснымі – рознымі людзьмі, якіх сустракаеш, абдымкі  і сустрэчы з сябрамі... У тваім жыцці ёсць шмат ТВАІХ простых рэчаў. Не забывай праславіць за іх Бога.

8. За магчымасць бачыць, чуць, адчуваць, хадзіць...

Цані тое, што ў цябе ёсць. Дзякуй за тое, што Бог табе даў. Напрыклад, за такія дары, як магчымасць бачыць гэты свет, адрозніваць колеры, любавацца навакольнымі пейзажамі. Дзякуй за магчымасць чуць спеў птушак, звон ручая, смех дзіцяці... Дзякуй за магчымасць крочыць рознымі дарогамі і сцежкамі, спяшаючыся на працу, сустрэчу або спатканне... Калі ўсе гэтыя дары ў цябе ёсць, ты можаш дзякаваць. Але таксама ты можаш дзякаваць, калі іх у цябе няма. Гэта таксама дар. Праслаўляй Бога за ўсё.

9. За пакліканне

Створца Сусвету быў вельмі вынаходлівы, калі сфармаваў цябе ва ўлонні маці, даўшы табе тваё «я». Ён адарыў цябе здольнасцямі, талентамі, схільнасцямі да пэўнага занятку. Таму дзякуй Богу за ўсе свае здольнасці, за сваё пакліканне. А калі яшчэ не знайшоў яго, то адкрывай яго разам з Езусам.

10. За дар любові

Сярод усіх запаведзяў Езус назваў дзве самыя галоўныя, якія наказваюць любіць Бога і бліжняга, як самога сябе. У жыцці ты сустракаешся з любоўю. Хтосьці любіць цябе, кагосьці любіш ты. Гэтая любоў выказваецца рознымі спосабамі, але дае табе радасць, радасць любіць і быць любімым. Але найбольшай любоўю з’яўляецца Бог, які любіць цябе такім, які ты ёсць. Падзякуй Яму за гэты найцудоўнейшы дар і дзяліся ім з іншымі.

Марына Валасар

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа