Пошук


Прыходзіць чарговая нядзеля — дзень для Пана, для сям’і і для сваёй душы, якую асабліва ў гэты дзень было б добра ўмацаваць і натхніць на цэлы тыдзень. Што б запланаваць? Можа, учынак міласэрнасці?

А як ваша сям’я праводзіць дзень Пана? Традыцыйна, як, напрыклад, мая? Сняданак разам з усёй сям’ёй, потым Імша, куды асабліва спяшаецца мой малодшы брат, які нядаўна стаў бліжэй да алтара — з’яўляецца кандыдатам у міністранты, таму вельмі ганарыцца, калі яго навучаць новай функцыі-абавязку, якім можа служыць.

«Сёння я не толькі званіў у званочкі, але і трымаў патэну, калі ксёндз Раман удзяляў Камунію», — кажа брат з вялікім гонарам і бляскам у вачах, калі мы вяртаемся дадому.

Звычайна мы стараемся на нядзельную Імшу паехаць усёй сям’ёй, бо гэта сапраўды асаблівы і ключавы момант сёмага дня тыдня.

Потым, пасля таксама супольнага абеду, які вельмі часта які гатуе наш тата, бо для яго гэта заўсёды ў радасць, мы плануем другую палову свайго дня.

Тут ужо кожны мае свабоду найбольшую, але вельмі часта і другую палову дня праводзім разам. Лаўлю сябе на думцы, што вельмі часта хочацца нешта прыдумаць, каб гэта пайшло на карысць і для выхавання майго малодшага брата.

Тут ужо свабода для творчасці, але нічога не заменіць улюбёныя выезды на прыроду, дзе можна пасмажыць хлеб і каўбасу на вогнішчы, залезці на які лясны корч павышэй, перайсці балоцістую купіну, не замачыўшы абутку, і г.д. Прытым кожны раз можна абіраць новую мясціну, каб пашыраць свой кругагляд і веды пра Радзіму.

Аднак не толькі нядзельныя вечары можна разам спланаваць так, каб выхаванне з адпачынкам спалучылася. А ці часта вы ходзіце са сваймі дзецьмі не ў кіно, тэатр, у госці да бабулі ці ў парк, а на дабрачынны канцэрт?

Фота з сайта «Вечаровы Бабруйск»

Добра адпачываць для сябе, а калі рабіць гэта з думкаю пра іншых, часам зусім незнаёмых табе людзей, калі твае дзеці могуць бачыць такую альтэрнатыву, бачыць, што ёсць тыя людзі, каму трэба дапамагчы.

Таму я маю наступную прапанову да бацькоў: заплануйце схадзіць з дзецьмі на дабрачынны канцэрт.

Чым не ўчынак міласэрнасці ў Юбілейны Год Міласэрнасці? А яшчэ такія рэчы часамі яднаюць, ці няпраўда?

Прапановы дабрачынных канцэртаў у Мінску ў бліжэйшы час:

«Дабрачынны канцэрт у дапамогу Машы» пройдзе 24 мая (аўторак) у бары «Bristle» (г. Мінск, вул. Альшэўскага, 10). Пачатак у 19.00. Уваход — 150 тысяч руб.

Дабрачынны канцэрт «Дакрананне да жыцця» пройдзе 27 мая ў Палацы спорта (пр. Пераможцаў, 4).

Дабрачынны канцэрт «Дапамажы дзецям разам з намі» пройдзе 28 мая ў сталічным клубе «Re: Public»

Дабрачынны канцэрт місіі «Чыстыя сэрцы» — фінальны канцэрт фестывалю «Таленты чыстых сэрцаў» пройдзе 28 мая ў Цэнтральным Доме афіцэраў у Мінску.

Аксана Ючкавіч

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа