Пошук

19.04.2016 00:00  

«Любоў грунтуецца не на словах і не на пачуццях, а на ўчынку» (Дз. 392), — падкрэслівае святая сястра Фаўстына на старонках Дзённіка «Божая міласэрнасць у маёй душы».

Малітва — гэта ўчынак міласэрнасці для бліжняга, а таксама святло для кожнай душы.

Малітва патрэбна ў духоўным жыцці хрысціяніна, нібыта паветра для жыцця. Калі чалавек не моліцца — ён духоўна памірае.

Святая Фаўстына робіць моцны акцэнт на тым, што павінна маліцца кожная душа.

«Малітваю душа ўзбройваецца для ўсялякага змагання. У якім бы стане ні была душа, яна павінна маліцца. Маліцца павінна чыстая і прыгожая душа, бо інакш яна страціла б сваю прыгажосць; маліцца павінна душа, якая імкнецца да гэтай чысціні, бо інакш яна не дасягне яе; маліцца павінна душа, якая толькі што навярнулася, бо інакш яна зноў упадзе; маліцца павінна грэшная душа, якая патанула ў грахах, каб змагчы ўстаць. І няма душы, якая б не была абавязаная маліцца, бо ўсялякая ласка прыходзіць праз малітву» (Дз. 146).

Сапраўды, праз малітву Бог умацоўвае душу, ачышчае ад грахоўнага бруду, накіроўвае яе на новы ўзровень духоўнага развіцця.

«У малітве я заўсёды знаходжу святло і моц духу, — кажа сястра Фаўстына, — хоць іншы раз бываюць цяжкія і вельмі прыкрыя моманты… Іншы раз Бог дапускае дзіўныя рэчы, але гэта заўсёды робіцца з тою мэтаю, каб у душы праявілася цнота або каб яна сфармавалася. Дзеля гэтага і непрыемнасці» (Дз. 166).


Вядома, што малітва — гэта духоўная праца, прычым вельмі цяжкая. Таму часта Бог дапускае ў малітоўным жыцці хрысціяніна розныя выпрабаванні і нават перашкоды.

Святая сястра Фаўстына таксама неаднойчы зведала шмат цяжкасцяў, пра якія вельмі яскрава распавядае на старонках свайго духоўнага дзённіка.

«Я ўспамінаю, — піша яна, — што найбольш святла я атрымала ў час адарацый, на якіх трывала штодзённа па паўгадзіны на працягу ўсяго посту, лежачы крыжам перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У той перыяд я глыбей зразумела сябе і Бога, хоць было шмат перашкодаў для здзяйснення такой малітвы, нягледзячы на тое, што ў мяне быў дазвол настаяцельніц.

Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць  знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы.

Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі. Бывалі і такія цяжкасці: калі душа добра здзейсніла малітву і выйшла з яе з глыбокаю ўнутранаю засяроджанасцю, іншыя супраціўляюцца гэтай яе засяроджанасці, і таму павінна быць цярплівасць, каб вытрываць у малітве.

Такое здаралася са мною неаднаразова — калі мая душа была глыбока пагружанаю ў Бога і набыла большы плён ад малітвы, і Божая прысутнасць спадарожнічала на працягу дня, а ў працы была большая засяроджанасць і большая дакладнасць, ды стараннасць у абавязках – бывала, што менавіта тады мне рабілі найбольш заўвагаў, што я неабавязковая, што да ўсяго абыякавая, бо менш засяроджаныя душы хочуць, каб і іншыя былі падобныя да іх, таму што яны з’яўляюцца для іх пастаянным папрокам» (Дз. 147).

З гэтых разважанняў вынікае: каб малітва прынесла духоўныя плёны, яна павінна быць трывалай, звычайна маліцца патрэбна ў пэўны час, прычым з цярплівасцю, і трэба ўмець чакаць Божага адказу на малітву.

У нашым штодзённым жыцці, на жаль, часам здараецца так, што чалавек звяртаецца да Бога тады, калі яго напаткае трывога. А калі ўсё добра, тады Бог многім не патрэбен. Яны стараюцца вырашаць усе свае праблемы і жыццёвыя клопаты самастойна.

Безумоўна, кожны чалавек мае вольную волю, і Бог не прымушае чалавека звяртацца да Яго за дапамогаю. Але малітва — «гэта акт волі, гэта дар — або дараванне; розум, волю, сэрца — гэтыя тры сілы мы павінны практыкаваць у час малітвы» (Дз. 392). Можна нават сказаць, што малітва — гэта акт любові  чалавека да Бога і бліжніх. Бескарыслівая малітва мае сапраўды вялікую моц, калі чалавек не чакае за малітву аніякай падзякі ці ўзнагароды.

Малітва нараджаецца з любові,
Сапраўдная любоў жыве ў душы,
Калі душой звяртаешся да Бога —
Любоў узрастае ў святой цішы.


А часта «бываюць у жыцці хвіліны, калі душа знаходзіцца ў такім стане, што яна як бы не разумее чалавечай мовы, усё яе мучае і нішто яе не супакоіць, апроч гарачай малітвы. У гарачай малітве душа знаходзіць палёгку, і хоць бы яна й хацела тлумачэння ад стварэнняў, яны толькі ўводзяць яе ў яшчэ большы стан неспакою» (Дз. 1387). Чалавек можа знайсці сапраўдны супакой толькі ў Богу. Напэўна, такі стан душы спазнала і сама сястра Фаўстына.

Касцёл вучыць, што «малітва — гэта ўзнясенне душы да Бога ці просьба, скіраваная да Бога, аб дабротах, якія адпавядаюць Яго волі. Яна заўсёды з’яўляецца дарам Бога, які прыходзіць, каб сустрэцца з чалавекам. Хрысціянская малітва — гэта асабістая і жывая сувязь дзяцей Божых з іх бясконца добрым Айцом, з Яго Сынам Езусам Хрыстом і з Духам Святым, які жыве ў сэрцах» (ККК 534).

У чалавека існуе прагненне Бога, але Бог першы кліча чалавека да сустрэчы з Ім у малітве (пар. ККК 535), як вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.

Малітва — гэта таямнічае з’яднанне, камунія з Хрыстом, і пашыраецца ў Касцёле, які ёсць Яго целам (пар. ККК 2565).

Моц малітвы — не ў шматслоўі, а ў чысціні чалавечага  сэрца, таму падчас малітвы не патрэбна гаварыць шмат, часта проста дастаткова сузіраць Божае Аблічча ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Сузіранне — гэта найвышэйшая форма малітвы, менавіта той момант, калі чалавек не вуснамі, а сэрцам размаўляе з Богам.

Малітва — не маналог, а дыялог Бога і чалавека. Калі чалавек прамаўляе — Бог слухае, калі слухае чалавек — Бог адказвае. Самае галоўнае ў малітве — навучыцца слухаць. На жаль, не кожны чалавек сёння імкнецца пачуць Божы голас, таму што не можа знайсці цішыню ў глыбіні свайго сэрца, пастаянна заняты марнымі жыццёвымі справамі і непатрэбнай мітуснёй, не можа засяродзіцца нават падчас святой Імшы, каб уважліва паслухаць Божае слова. Бог звяртаецца да чалавека менавіта праз сваё Слова, прамаўляе падчас Камуніі ў сэрцы чалавека.

Аднойчы святая сястра Фаўстына пасля святой Камуніі пачула словы Езуса, які сказаў: «Дачка Мая, дай Мне душы; ведай, што тваё заданне — здабываць для Мяне душы малітваю і ахвяраю, заахвочваннем давяраць Маёй міласэрнасці» (Дз. 1690).

Святая сястра Фаўстына нястомна малілася і ахвяроўвала ўсе свае цярпенні за навяртанне грэшнікаў, а таксама за душы, церпячыя ў чыстцы. Таму малітва і з’яўляецца каштоўным скарбам бескарыслівай любові да кожнай душы.

«Паглыбіўшыся ў малітву, — кажа яна, — я з’ядналася з усімі Імшамі, якія ў гэты час цэлебраваліся ва ўсім свеце; праз усе гэтыя святыя Імшы я маліла Бога аб міласэрнасці для свету, і асабліва для бедных грэшнікаў, якія ў гэты момант паміраюць. І ў той момант я ўнутрана атрымала ад Бога адказ, што тысяча душаў атрымала ласку праз пасрэдніцтва малітвы, якую я ўзносіла да Бога. Мы не ведаем, якую колькасць душаў мы павінны збавіць сваімі малітвамі і ахвяраю, таму заўсёды молімся за грэшнікаў» (Дз. 1783).


«Езу, Праўда Спрадвечная, Жыццё нашае, малю і пакорна прашу міласэрнасці Тваёй да бедных грэшнікаў. Наймілейшае Сэрца Пана майго, поўнае літасці і неспасцігальнай міласэрнасці, малю Цябе за бедных грэшнікаў.

О Сэрца Найсвяцейшае, крыніца міласэрнасці, з якой льюцца промні неспасцігальных ласкаў на ўвесь род чалавечы, малю Цябе аб святле для бедных грэшнікаў.

О Езу, памятай пра горкую муку сваю і не дазволь, каб гінулі душы, адкупленыя такою дарагою Тваёю Крывёю Найсвяцейшаю.

О Езу, калі я разважаю пра гэтую вялікую цану Тваёй крыві, то радуюся яе велічы, бо аднае яе кроплі хапіла б для адкуплення ўсіх грэшнікаў. Хоць грэх — гэта прорва зла і няўдзячнасці, аднак цана, пакладзеная за нас, ні з чым не параўнальная. Таму няхай кожная душа верыць мукам Пана, няхай спадзяецца на міласэрнасць.

Бог нікому не адмовіць у сваёй міласэрнасці. Неба і зямля могуць перамяніцца, але не вычарпаецца міласэрнасць Божая.

О, якою радасцю гарыць маё сэрца, калі я бачу гэту неспасцігальную дабрыню Тваю, о Езу мой. Я прагну прывесці ўсіх грэшнікаў да Твайго падножжа, каб праслаўлена была ва ўсе вякі Твая міласэрнасць» (Дз. 72).

Святая сястра Фаўстына прыкладам свайго духоўнага хрысціянскага жыцця заахвочвае і нас, хрысціян XXI стагоддзя, штодзённа маліцца за навяртанне грэшнікаў, асабліва тых, каму найбольш патрэбна Божая міласэрнасць.


Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця