Пошук

17.04.2016 00:00  

Што азначае быць пакорным? Гэта ўмець шчыра глядзець на сябе і на іншага чалавека, а таксама ўсведамляць і адпаведна ўспрымаць сваю ролю ў свеце.

Ведаць свае слабасці і не баяцца іх, не хавацца і не ўцякаць, але працаваць, спакойна, метадычна і, што вельмі істотна, не самотна. Разумець, што ёсць шмат рэчаў, якіх ты не ўмееш, не зможаш, што не атрымаецца змяніць увесь свет. Бачыць сваю недасканаласць і бяссілле і прыняць гэта, не хлусіць сабе, што я такі моцны і непадатлівы, але ўспрымаць сябе шчыра.

Гэта азначае любіць іншага чалавека. Бачыць і ведаць яго недахопы і заставацца побач. Не асуджаць і не прыніжаць, не прыгадваць пастаянна пра памылкі, але дапамагаць і падтрымліваць яго ў ягоных асабістых змаганнях.

Кожны з нас адораны шматлікімі талентамі, кожны мае сваё пакліканне, свой асабісты і выключны шлях праз жыццё. Для кагосьці гэта будзе азначаць шмат актыўнасці, падарожжаў, сустрэч, іншы пражыве спакойнае і ціхае жыццё.

Цябе могуць не разумець, чаму ты крочыш менавіта так і такім спосабам, але калі ты, шчыра разважыўшы, зразумеў, што гэта тваё пакліканне і тваё месца ў жыцці, то ці не варта крочыць за гэтым? Перажываць радасць і прыносіць добры плён? А менавіта гэтыя радасць і якасць плёну сведчаць, ці ты сапраўды жывеш паводле паклікання. Не істотна, робіш ты вялікія рэчы ў маштабах сусвету ці невялікія, можа, нават у жыцці аднаго чалавека; істотна, што кажа табе тваё сэрца на пытанне аб вартасці цябе, твайго жыцця.

Менавіта пакорныя людзі жывуць у блізкіх і добрых адносінах з Богам, сабою і асяроддзем. Менавіта такія людзі ведаюць, што такое радасць, яны ведаюць вартасць кожнай хвіліны і падзеі, яны ўмеюць захапляцца сонцам і зорамі, яны ўмеюць проста жыць, сапраўды жыць. А ці не гэта істотна?

Эрнэст Мікалайчык

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця