Вельмі характэрным старажытным велікодным звычаем, які практыкуецца і
сёння, з’яўляецца фарбаванне і аздабленне яек. Яны носяць шырока вядомую
назву пісанак. Для хрысціян велікоднае яйка стала сімвалам уваскрасення
Езуса Хрыста.
Цвёрдая шкарлупіна яек прыгадвае аб шчыльна зачыненай грабніцы Езуса, а ачышчэнне яйка ад шкарлупіны — аб Яго паўстанні з мёртвых.
Існуе некалькі легенд, якія тлумачаць звычай фарбавання яек на Вялікдзень. Адна з іх распавядае, што святая Марыя Магдалена, даведаўшыся аб уваскрасенні Хрыста, радасна пабегла дадому. Там яна ўбачыла, што ўсе яйкі сталі каляровымі. Пазней, кажучы апосталам пра цуд, яна паказала ім таксама гэтыя яйкі. Тады з іх вылупіліся прыгожыя рознакаляровыя птушкі, якія адразу ўзняліся ў неба, каб ва ўсім свеце абвяшчаць Добрую Навіну.
Іншая легенда кажа, што Маці Божая пайшла да Пілата, каб вымаліць аб жыцці свайго Сына. Яна прынесла з сабой фарбаванае яйка як падарунак для дзяцей Пілата.
Яшчэ адна легенда апавядае, што адзін бядак, сустрэўшы Езуса, якога вялі на смерць, пакінуў кошык з яйкамі, а сам пайшоў дапамагчы Хрысту несці крыж. Калі ён вярнуўся да свайго кошыка, то ўбачыў, што ў яйкаў шкарлупіна стала каляровай.
Яйка ўжо тысячагоддзі таму лічылася сімвалам жыцця, якое адраджаецца. Лічылася таксама, што яно мае незвычайную моц — аберагае ад зла, гарантуе ўраджай, з’яўляецца сімвалам плоднасці.
Самым старадытным пісанкам 5 тысяч гадоў. Яны былі знойдзены ў Ашарах у Егіпце. Знаходзілі іх таксама ў шумерскай Месапатаміі. У Старажытным Егіпце і Персіі сябры дарылі адзін аднаму яйкі, калі пачыналася вясна, як сімвал адраджэння прыроды.
Першую інфармацыю аб фарбаваных яйках даюць рымскія пісьменнікі Авідзій і Пліній. У язычніцкія часы верылі, што яйка мае магічную моц — абараняе ад злых духаў. Іх клалі пад парог хлява перад тым, як весці скаціну на першы вясновы выпас; закопвалі яйкі ў полі, каб прыносілі ўраджай; клалі пад фундамент дома, які будаваўся.
Колеры пісанак былі выбраны не выпадкова. Кожны меў сваё сімвалічнае значэнне: фіялетавы і сіні азначалі велікапосную жалобу, жоўты, зялёны і карычневы — радасць Уваскрасення, чырвоны сімвалізаваў кроў Хрыста, пралітую за чалавечыя грахі.
Раней паўсюдным звычаем было дарыць адзін аднаму фарбаваныя яйкі. Таксама і сёння, адведваючы ў святочны час сваіх родных, людзі нясуць з сабой некалькі фарбаваных і прыгожа аздобленых яек.
Iснаваў таксама звычай «хаджэння з “аллелюя”»: у першы і другі дзень святаў групы дзяцей або моладзі хадзілі ад дома да дома і спявалі велікодныя песні, за якія атрымлівалі яйкі.
З яйкамі звязана і забава біцця адной пісанкі аб другую – выігрываў той, хто стукаў яйка праціўніка.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч