Пошук

06.05.2019 10:09   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота Рopeinbulgaria.gov.bg

З 5 па 6 мая папа Францішак знаходзіцца з Апостальскім візітам ў Балгарыі, дзе ўжо сустрэўся з уладамі, прадстаўнікамі мясцовай Праваслаўнай Царквы і невялікай каталіцкай супольнасцю краіны.

Візіт Святога Айца праходзіць пад дэвізам «Мір на зямлі», што гучыць як заклік да міру і нагадвае энцыкліку Pacem in terris св. папы Яна ХХІІІ — першага візітатара і Апостальскага дэлегата ў Балгарыі.

Візіт Папы ў Балгарыю — краіну з пераважна праваслаўным насельніцтвам — носіць выразны экуменічны характар. Як паведаміла беларуская рэдакцыя партала Vatican News, 5 мая ў Сафіі Святы Айцец сустрэўся з Патрыярхам Неафітам і членамі Святога Сінода Балгарскай Праваслаўнай Царквы.

Падчас сустрэчы папа Францішак нагадаў пра «экуменізм крыві», які яднае ўсіх хрысціянаў, а таксама пра «сведкаў Пасхі» розных канфесій, якія пакутавалі ад пераследу за веру на працягу мінулага стагоддзя.

«Я думаю, што гэтыя сведкі Пасхі, браты і сёстры розных канфесій, паяднаныя на нябёсах боскай любоўю, цяпер глядзяць на нас, як на зерне, кінутае ў зямлю, каб прынесці плады. І ў той час, як многія іншыя браты і сёстры ў свеце працягваюць пакутаваць за сваю веру, яны просяць нас не заставацца закрытымі, але адкрыцца, бо толькі так зерне можа прынесці плод», — адзначыў Пантыфік.

Фота Abouna.org

Папа Францішак выказаў пажаданне, каб супрацоўніцтва і дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Балгарскай Праваслаўнай Царквой працягваліся:

«Мы пакліканы ісці і працаваць разам, каб сведчыць аб Пану, асабліва служачы самым бедным і пакінутым братам, у якіх Ён прысутнічае. Гэта экуменізм беднага», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў ісці шляхам, вызначаным святымі Кірылам і Мятодам, якія паставілі на першае месца абвяшчэнне Пана, пакліканне да місіі, а не супрацьстаянне.

«У той час, калі ўжо праглядаліся знакі, якія прадказвалі балючыя падзелы, што адбыліся ў наступныя стагоддзі, яны выбралі перспектыву адзінства. Місія і адзінства: два словы, якія заўсёды выразныя ў жыцці гэтых двух святых і якія могуць асвятліць наш шлях, каб узрастаць у братэрстве. Гэта экуменізм місіі», — дадаў Святы Айцец.

Паводле яго, культ святых Кірыла і Мятода і св. Аляксандра Неўскага, шырока распаўсюджаны ў Балгарыі, падкрэслівае значэнне гэтай краіны як маста паміж рознымі хрысціянскімі традыцыямі.

Святы Айцец запэўніў балгарскіх праваслаўных братоў у сваёй малітве за высокае пакліканне гэтай краіны, за супольны шлях экуменізму крыві, беднага і місіі.

Таксама падчас сустрэчы з уладамі Балгарыі, якая адбылася ў той самы дзень у прэзідэнцкім палацы ў сталіцы краіны, папа Францішак адзначыў унёсак святых Кірыла і Мятода ў евангелізацыю, развіццё мовы і культуры Балгарыі. Ён пажадаў, каб гэтыя місіянеры працягвалі натхняць людзей таксама і сёння на плённы дыялог, гармонію, братэрскую сустрэчу паміж Цэрквамі, дзяржавамі і народамі.

Фота Оnties.com

Акрамя таго, у трэцюю Велікодную нядзелю Пантыфік узначаліў цэлебрацыю св. Імшы на сафійскай плошчы св. Аляксандра Неўскага. У прамоўленай гаміліі ён заахвоціў не паддавацца спакусе настальгіі па мінулым, як гэта рабілі сыны Ізраэля ў пустыні або св. Пётр, які вярнуўся да лоўлі рыбы пасля досведу расчаравання, пакут і здрады.

«Перад абліччам паразы, пакут і нават таго факту, што ўсё адбываецца не так, як мы спадзяваліся, заўсёды з’яўляецца падступная і небяспечная спакуса, якая схіляе расчаравацца і апусціць рукі», — сказаў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў вернікаў сведчыць пра Божую любоў, змагаючыся за агульнае дабро, служачы бедным, будучы галоўнымі дзеючымі асобамі рэвалюцыі любові і служэння, здольнымі супрацьстаяць паталогіі спажывальніцкага і пасрэднага індывідуалізму.

«Поўныя любові да Хрыста, жывыя сведкі Евангелля ў кожным кутку гэтага горада, не бойцеся быць святымі, у якіх гэта зямля мае патрэбу. Святасць не пазбавіць вас сілы, жыцця ці радасці, але зробіць адваротнае, бо вы і дзеці гэтай зямлі станеце тым, пра што марыў Айцец, калі вас ствараў», — пажадаў балгарскім католікам папа Францішак.

Абноўлена 06.05.2019 16:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця