Пошук

11.04.2018 11:39   Паводле: Габрыэля Чэраза – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
(c) 2010-2014 - La Porzione

11 красавіка 1963 г. папа Ян ХХІІІ абнародаваў сваю восьмую і апошнюю энцыкліку, скіраваную «ўсім людзям добрай волі» і прысвечаную міру на зямлі. Гэты дакумент з’явіўся ў той момант, калі здавалася, што міжнародная супольнасць няўхільна падае ў прорву трэцяга сусветнага канфлікту. У святле апошніх падзеяў у свеце відавочна, што і сёння гэтая энцыкліка застаецца надзвычай актуальнай.

У праўдзе, у справядлівасці, у любові і ў свабодзе бачыў мір св. Ян ХХІІІ, які ў момант напісання сваёй апошняй энцыклікі быў ужо цяжка хворым і, стоячы на парозе вечнасці, выказаў найбольш глыбокія спадзяванні людзей тагачаснага свету, прачытаныя ім у «знаках часу». Такім чынам, дакумент стаў своеасаблівым духоўным тэстаментам ініцыятара Другога Ватыканскага Сабору для Касцёла і для ўсіх людзей добрай волі, да якіх упершыню была скіравана папская энцыкліка, — веруючых і няверуючых.

«Таму што Касцёл павінен глядзець на свет без межаў, які не могуць падзяліць ні муры, ні заслоны; ён не належыць ні Захаду, ані Усходу».

Энцыкліка Pacem in Terris гаворыць пра адмаўленне ад ваяўнічасці і пра неабходнасць пракласці шляхі міру, які з’яўляецца глыбокай прагай чалавечых істотаў. Яе аўтар бачыць святло ў канцы тунэля ў перыяд міжнароднай напружанасці і «халоднай вайны». Ён звяртаецца да свету, падзеленага на два варожыя блокі, калі ішлі войны ў В’етнаме, у Афрыцы, у Лацінскай Амерыцы, а ўсяму чалавецтву пагражала знішчэннем гонка ядзерных узбраенняў. Ян ХХІІІ наўпрост кажа:

«Мір застаецца толькі пустым гукам, калі не грунтуецца на парадку, акрэсленым у гэтым дакуменце з даверам надзеі: парадку, заснаваным на праўдзе, пабудаваным паводле справядлівасці, ажыўленым і з’яднаным любоўю і ўведзеным у дзеянне ў свабодзе».

Каб скіраваць чалавецтва на шлях міру, энцыкліка падае чатыры арыенціры: цэнтральнае значэнне асобы, надзеленай непарушнымі правамі, але таксама і абавязкамі; маральныя падставы палітычнай супольнасці; моц розуму і светлы прамень веры, а на заканчэнне — «Пастырскія заклікі», якія нясуць у сабе адбітак асобы самога яе аўтара, святога Яна ХХІІІ, які заклікае да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і да працы дзеля супольнага дабра.

Абноўлена 11.04.2018 14:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа