Пошук

11.04.2023 17:26   Vatican News / КАІ
Папа Ян ХХІІІ падпісвае энцыкліку Pacem in terris

60 гадоў таму, 11 красавіка 1963 года, святы Ян XXIII, ужо смяротна хворы, выдаў сваю восьмую і, як неўзабаве высветліцца, апошнюю энцыкліку Pacem in terris («Мір на зямлі»).

Як нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты дакумент з’явіўся ў вельмі складаны перыяд найноўшай гісторыі, калі менш чым за паўгады да гэтага, у кастрычніку 1962 года, свет стаяў на парозе новай вайны ці, прынамсі, вялікага ўзброенага канфлікту, выкліканага размяшчэннем на Кубе савецкіх ядзерных ракет, нацэленых на ЗША. Папа Ян ХХІІІ адыграў важную ролю ў разрадцы напружанасці ў тагачасным свеце, а падзеі Карыбскага крызісу моцна паўплывалі на выданне энцыклікі.

Энцыкліка Pacem in terris стала першым папскім дакументам такога рангу, скіраваным не толькі «да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў Каталіцкага Касцёла», як рабілася звычайна, але таксама «да ўсіх людзей добрай волі ва ўсім свеце».

Ужо толькі гэта надавала энцыкліцы асаблівае месца сярод іншых ватыканскіх дакументаў, — зазначае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI.

Незвычайнымі былі таксама і абставіны падпісання энцыклікі: хоць на ёй стаіць дата 11 красавіка, насамрэч Святы Айцец падпісаў яе на два дні раней, прычым у прысутнасці тэлекамер і шматлікіх фатографаў. Гэта быў адыход ад ранейшых звычаяў, не толькі ватыканскіх, і надаў падзеі глабальнае вымярэнне. Сусветны водгук атрымала і сама энцыкліка, якая ад самага пачатку выклікала вялікую зацікаўленасць далёка за межамі каталіцкіх колаў.

Дакумент пачынаўся фразай:

«Мір на зямлі, якога так горача жадаюць мужчыны і жанчыны ўсіх часоў, можа быць адноўлены і ўмацаваны толькі праз вернае захаванне парадку, устаноўленага Богам». Далей Папа развіў думку пра мір у розных яго вымярэннях, такіх як парадак паміж людзьмі, правы чалавека, абавязкі чалавека, адносіны паміж грамадзянамі і ўладамі палітычнай супольнасці і паміж дзяржавамі, а таксама адносіны людзей і дзяржаўных супольнасцяў да сусветнай супольнасці. Энцыкліка завяршалася «Душпастырскімі рэкамендацыямі»: што рабіць на душпастырскім узроўні, каб забяспечыць мір на зямлі.

У сваіх разважаннях Ян ХХІІІ звяртаўся да тэалагічных поглядаў галоўным чынам французскіх мысляроў, такіх як П’ер Тэяр дэ Шардэн SI, Мары-Дамінік Шэню, Анры дэ Любак. Ён падкрэсліваў, што кожны чалавек можа прыйсці да разумення патрэбы дабра дзякуючы сваёй прыродзе, створанай Богам, і можа рэалізаваць яе, прытрымліваючыся агульных прынцыпаў суіснавання, якія можа прыняць кожны. Папа казаў пра важнасць права на свабодную ініцыятыву і прыватную ўласнасць, права на працу і актыўны ўдзел у палітычным жыцці. З маральнага закону Ян XXIII вывеў прынцып суверэнітэту народаў.

Пантыфік звяртаў увагу на тое, што сучасныя грамадствы плюралістычныя і, як вынік, могуць быць свецкімі, а сітуацыя ў сучасным свеце накладае на ўсіх людзей абавязак жыць у згодзе і супрацоўнічаць, а таксама вырашаць канфлікты і непаразуменні шляхам перамоў і разумных кампрамісаў.

Ян ХХІІІ падкрэсліваў, што мір на зямлі магчымы пры супрацоўніцтве ўсіх дзяржаў, сыходзячы з наступных прынцыпаў: людзі роўныя паміж сабой і маюць правы, неаддзельныя ад чалавечай годнасці; грамадствы роўныя ў сваёй натуральнай годнасці, і з гэтай роўнасці вынікае права кожнай супольнасці на існаванне, уласнае развіццё і належную павагу.

Энцыкліка Pacem in terris стала адной з дактрынальных асноў Другога Ватыканскага Сабору, які распачаўся менш чым за паўгады да яе выдання, і ў прыватнасці прынятай на ім Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes — «Радасць і надзея».

Абноўлена 11.04.2023 17:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа