27 красавіка ў ватыканскай базыліцы святога Пятра будзе цэлебравацца ўрачыстая святая Імша з нагоды 10-годдзя з часу кананізацыі святога Яна Паўла ІІ.
Як са спасылкай на ватыканскі Фонд Яна Паўла ІІ паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, цэлебрацыю Эўхарыстыі, якая распачнецца а 17-й гадзіне па мясцовым часе, узначаліць кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі Кардыналаў.
«Адзначэнне 10-й гадавіны з часу кананізацыі святога Яна Паўла ІІ адбудзецца па жаданні людзей. Яны жадаюць выказаць удзячнасць за яго асобу і служэнне. У сувязі з гэтым у святкаванні могуць узяць удзел усе ахвотныя. Кожны можа прыйсці, і не будзе патрэбны ўваходны білет у базыліку», — паінфармавалі ў Фондзе Яна Паўла ІІ.
Кананізацыя двух Папаў ХХ стагоддзя — Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ — адбылася 27 красавіка 2014 года на плошчы святога Пятра. Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Папа Францішак; на ёй прысутнічаў таксама Папа эмэрыт Бэнэдыкт XVI. Беатыфікацыйны і кананізацыйны працэсы Яна Паўла ІІ у суме працягваліся дзевяць гадоў — рэкордна кароткі тэрмін для Каталіцкага Касцёла.