Пошук

28.12.2018 09:05   Паводле: KAI / Catholic.by
Касцёл у Севастопалі. Калаж new-sebastopol.com

24 снежня католікі Севастопаля ў анексаваным Расіяй Крыме ўпершыню за 80 гадоў мелі магчымасць маліцца ў вігілію Нараджэння Пана ў сваім касцёле, які ім быў вернуты ў мінулым годзе.

Першая св. Імша ў святыні пасля яе вяртання вернікам адбылася 23 лістапада, ва ўрачыстасць апекуна мясцовай парафіі св. Клімэнта.

Касцёл у Севастопалі быў пабудаваны ў 1911 г. Ён складаўся з галоўнай залы для набажэнстваў і дапаможных памяшканняў, хору з арганамі і званіцы, якая стаяла перад касцёлам.

Фундатарам севастопальскай каталіцкай парафіі ў першай палове XVIII ст. быў заснавальнік горада расійскі контр-адмірал шатландскага паходжання Томас Маккензі, па веравызнанні католік.

Вялікая колькасць маракоў, якія паходзілі з розных краін, таксама былі католікамі.

Святыня ў Севастопалі дзейнічала да снежня 1936 г., пасля чаго бязбожныя савецкія ўлады яе зачынілі, арыштаваўшы мясцовага пробашча, які пазней, хутчэй за ўсё, быў расстраляны, а парафія знішчана. Праз год у апаганенай бальшавікамі святыні размясцілася мясцовая радыястанцыя.

Хоць у часы Другой сусветнай вайны Севастопаль быў моцна разбураны, аднак будынак касцёла пацярпеў адносна няшмат.

З 1960 па 2009 гг. у зачыненай святыні размяшчаўся дзіцячы кінатэатр «Дружба». На пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя супольнасць севастопальскіх католікаў распачала намаганні па вяртанні сваёй святыні. Аднак украінскія ўлады заставаліся глухімі да законных патрабаванняў сваіх вернікаў. Іх хадайніцтва было задаволена толькі ў 2017 г. новымі расійскімі ўладамі.

Цяпер севастопальскім католікам будзе патрэбна прыкласці шмат намаганняў для таго, каб вярнуць свайму касцёлу першапачатковы выгляд.

Прыстасаваны пад кінатэатр будынак святыні быў моцна перабудаваны. Замест званіцы з’явілася прыбудова да асноўнага будынку, хор перарабілі пад памяшканне для аператара і кінаабсталявання, у цэнтральнай наве панізілі скляпенне, а падлогу ўзнялі ў выглядзе амфітэатру. Акрамя таго, будынак сёння патрабуе капітальнага рамонту.

Яшчэ некалькі гадоў таму св. Імшу ў Севастопалі рэгулярна цэлебравалі ў будынку Чарнаморскай вышэйшай марской школы імя Нахімава. Паколькі акрамя мясцовых жыхароў у Эўхарыстыі бралі ўдзел курсанты з-за мяжы, св. Імшы тут адбываліся на рускай, украінскай, польскай, англійскай і нават на іспанскай мове. Цяпер Імшу цэлебруюць пераважна па-руску, а ў нядзелю таксама па-ўкраінску.

Паводле мясцовых святароў, сёння каталіцкая супольнасць у Севастопалі налічвае каля 400 вернікаў.

Абноўлена 28.12.2018 13:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.