Пошук

11.12.2018 17:54   Catholic.by
guideposts.org

10 снежня 1968 г. адышоў у вечнасць айцец Томас Мертан, манах трапіст і пісьменнік, які шмат увагі прысвяціў пытанням экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу, міру і правоў чалавека.

Чалавекам дыялогу, абаронцам міру паміж народамі і рэлігіямі назваў Томаса Мертана папа Францішак падчас свайго візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў 2015 г. Менавіта ў ЗША прайшла большая частка жыцця гэтага незвычайнага мысляра, які «аспрэчваў перакананні свайго часу» і «адкрыў новыя далягляды для душаў і для Касцёла».

Томас Мертан нарадзіўся ў 1915 г. у Францыі ў сям’і мастакоў. Яго бацька паходзіў з Новай Зеландыі, маці — са Злучаных Штатаў. Падчас вайны сям’я была вымушана выехаць у Амерыку і пасяліцца ў доме бабулі і дзядулі па матчынай лініі. У тры гады застаўшыся без маці, Томас з татам пераязджае спачатку на Бермуды, потым вяртаецца ў Францыю, дзе вучыцца ў ліцэі, а потым працягвае навучанне ў Англіі. Страціўшы бацьку ва ўзросце 15 гадоў, ён паступае ў Кембрыджскі ўніверсітэт, адкуль яго, аднак, выключаюць за дрэнныя паводзіны. Яму ўдаецца завяршыць вышэйшую адукацыю ў Калумбійским універсітэце ў Нью-Ёрку, дзе становіцца ліцэнцыятам і магістрам мастацтваў.

У гэты час паступова адбываецца яго духоўнае сталенне і навяртанне ў каталіцтва: у 1938 г. ён становіцца вернікам парафіі Цела Хрыстова ў Нью-Ёрку. Пасля духоўных практыкаванняў у трапісцкім абацтве Маці Божай Гетсэманскай у Кентукі Томас адчуў пакліканне да манаскага жыцця і ў 1941 г. распачынае пастулат — першы этап манаскай фармацыі. Праз тры гады ён прыносіць першыя манаскія абяцанні і прымае імя Луі. У 1947 г. дае ўрачысты манаскі шлюб, а праз два гады прымае святарскае пасвячэнне.

У сваёй аўтабіяграфіі айцец Томас Мертан пісаў:

«Я прыйшоў у свет. Па натуры свабодны на вобраз Божы, я, тым не менш, быў вязнем маёй уласнай нястрыманасці і эгаізму на вобраз свету, у якім нарадзіўся. Гэты свет быў адлюстраваннем пекла, поўным людзей, такіх самых, як і я, якія любяць Бога, але ўсё ж ненавідзяць Яго; народжаных, каб любіць Яго, але якія жывуць у страху адчайных і супярэчлівых жаданняў».

Захоплены жыццём, манах трапіст быў уважлівым назіральнікам свайго часу, перыяду пасля Другой сусветнай вайны, у полымі якой ён згубіў брата. У яго склался глыбокае непрыняцце вайны, і ён быў прыхільнікам пацыфісцкага руху 60-х гадоў мінулага стагоддзя, адкрыта падтрымліваючы негвалтоўную барацьбу за правы чалавека.

Перакананы ў неабходнасці экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, ён цікавіўся ўсходнімі рэлігіямі, і ў 1968 г. выправіўся ў вялікае падарожжа на Усход, падчас якога нават сустрэўся з Далай Ламай. Менавіта падчас гэтага падарожжа ён загінуў у звычайным здарэнні ва ўзросце 53 гадоў.

Багаты жыццёвы досвед і думкі Томаса Мертана, якія выклікаюць цікавасць нават праз паўстагоддзя пасля яго смерці, знайшлі адлюстраванне ў больш чым 60 паэтычных і празаічных творах гэтага незвычайнага манаха і пісьменніка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Абноўлена 12.12.2018 12:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця