Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіраваў прывітальнае слова да ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі «Магілёўская рыма-каталіцкая архідыяцэзія: сведчанні жывой памяці. 1783–1939 гг.», якая з 6 па 9 снежня праходзіць у Санкт-Пецярбургу.
Прывітальнае слова беларускага іерарха зачытаў канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі.
Навуковы форум праводзіцца па благаслаўленні арцыбіскупа Паоло Пеццы, Мітрапаліта рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, і пры ўдзеле Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу.
Перадусім беларускі іерарх выказаў падзяку арганізацыйнаму камітэту на чале з кс. Хрыстафорам Пажарскім за падрыхтоўку «гэтай важнай і актуальнай канферэнцыі, прысвечанай 235-годдзю ўтварэння Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі», якая на той час была самай вялікай дыяцэзіяй у свеце, бо ахоплівала ўсіх католікаў на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі.
Нагадаўшы, што напачатку гэтая структура была створана па рашэнні імператрыцы Кацярыны ІІ і толькі пазней зацверджана касцёльнай уладай, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў:
«Божым Провідам ёй было наканавана адыграць асноватворную ролю ў далейшым развіцці Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі».
Распавёўшы пра далейшае развіццё касцёльных структураў на тэрыторыі вялізнай краіны, беларускі іерарх прывёў лічбы, што на пачатку ХХ ст. Магілёўская архідыяцэзія налічвала каля 930 тысяч вернікаў і 270 касцёлаў, а ў іншых дыяцэзіях на тэрыторыі імперыі пражывала яшчэ каля чатырох мільёнаў католікаў.
«Распачатыя пры савецкай уладзе ганенні на рэлігію паступова разбурылі ўсе структуры Каталіцкага Касцёла ў СССР. <…> У выніку ганенняў само існаванне Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі пад канец 1930-х гг. стала фармальнасцю», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Далей ён распавёў пра адраджэнне касцёльных структураў у краінах былога Савецкага Саюза, падкрэсліўшы, што ў гэтым працэсе немалаважную ролю адыграла таксама вялікае гістарычнае значэнне Магілёўскай архідыяцэзіі, якая існавала з 1783 па 1939 г.
«Таму сучасныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі — гэта не новатвор, а адаптаваны да сучасных умоваў працяг яе слаўнай і адначасова трагічнай гісторыі, якая яшчэ недастаткова вывучана і мае шмат „белых плямаў“. Таму неабходныя новыя даследаванні ў гэтай галіне», — зрабіў выснову іерарх, які сам непасрэдна прычыніўся да адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Расіі.
На заканчэнне прывітальнага слова арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў надзею, што канферэнцыя на тэму «Магілёўская рыма-каталіцкая архідыяцэзія: сведчанні жывой памяці. 1783–1939 гг.» паспрыяе гэтаму працэсу і стане новым імпульсам для навуковых доследаў з мэтаю больш поўнага вывучэння гісторыі Каталіцкага Касцёла на гэтых землях.