Пошук

29.11.2018 10:29   Catholic.by

З 6 па 9 снежня па благаслаўленні арцыбіскупа Паоло Пеццы, Мітрапаліта рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, і пры ўдзеле Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя «Магілёўская рыма-каталіцкая архідыяцэзія: сведчанні жывой памяці. 1783–1939 гг.».

Канферэнцыя праводзіцца з нагоды 235-годдзя заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі, якая на той час была самай вялікай дыяцэзіяй у свеце, бо ахоплівала ўсіх католікаў на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі.

Некаторыя даклады, якія прагучаць на канферэнцыі, закранаюць гісторыю Касцёла на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Так, даследчык з Масквы Віталій Гайдась прадставіць даклад «Бялыніцкі каталіцкі кляштар і парафія ў XVIII–XIX ст.». Канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі пазнаёміць удзельнікаў навуковага форуму з дзейнасцю Магілёўскага мітрапаліта Эдварда фон Ропа (1851–1939 гг.), доктар Ганна Мрочэк з Варшавы прачытае даклад на тэму «Наш айцец — мітрапаліт Магілёўскі Вінцэнт Ключынскі (1847–1917 гг.), а выкладчык санкт-пецярбургскай вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева Апосталаў» кс. Марыяно Седана прадставіць асобу Магілёўскага мітрапаліта Ігнацыя Галавінскага (1807–1855 г.).

Пра гісторыю Магілёўскай архідыяцэзіі распавядуць у сваіх паведамленнях кс. Ежы Стэцкевіч з Калініграда і Яўгеній Разэнблюм з Масквы, а кс. Крыштаф Пажарскі з Санкт-Пецярбурга прачытае даклад «Мітрапаліт Станіслаў Сестранцэвіч-Богуш і яго ўнучаты пляменнік кс. Станіслаў Парчэўскі». Беларуская даследчыца Кацярына Лаўрыненка з Віцебска распавядзе пра святароў і парафіі пасля 1917 г. на тэрыторыі Усходняй Беларусі, якая сёння ўваходзіць у склад Віцебскай дыяцэзіі.

У нядзелю 9 снежня ўдзельнікі канферэнцыі разам памоляцца на св. Імшы ў касцёле св. Станіслава ў інтэнцыі беатыфікацыі расійскіх Слугаў Божых. Пасля Імшы будзе прачытаны акт мучаніцтва 23 святароў, зняволеных у Гулагу на Салавецкіх выспах, пасля чаго падчас супольнай малітвы будуць прачытаныя імёны 425 святароў, змешчаныя ў Мемарыяле ў касцёле св. Станіслава.

У межах навуковага форуму прадугледжана таксама вялікая культурная праграма і экскурсіі па святынях і памятных месцах Санкт-Пецярбурга.

Для атрымання карты ўдзельніка неабходна звязацца са старшынёй аргкамітэта канферэнцыі кс. Крыштафам Пажарскім па тэл.: +7 (911) 990 90 82; адрас электроннай пошты: ststanislas@list.ru

Праграма канферэнцыі ТУТ>>>

Абноўлена 29.11.2018 13:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа