Пошук

25.09.2018 08:25   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

24 верасня падчас св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай Аглонскай у Латвіі папа Францішак узгадаў словы Слугі Божага Баляслава Слосканса, які быў біскупам у Магілёве і Мінску ў жахлівы час савецкага пераследу веры.

У Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой Святы Айцец узначаліў падчас свайго аднадзённага візіту ў Латвію ў межах Апостальскага падарожжа па краінах Балтыі, брала ўдзел вялікая група пілігрымаў з Беларусі. У санктуарыі Маці Божай Аглонскай, які знаходзіцца непадалёк ад беларуска-латвійскага памежжа, Пантыфік асабліва падкрэсліў, што Панна Марыя стаіць побач з пакутуючымі і заклікае да прабачэння і будавання братэрства.

У гаміліі Папа засяродзіўся на тэме, акрэсленай дэвізам ягонага падарожжа ў Латвію: «Пакажы нам сваю Маці». Ён заўважыў, што на старонках Евангелля св. Яна Панна Марыя з’яўляецца ў дзвюх сітуацыях: на вяселлі ў Кане і пад крыжам свайго Сына Езуса. Такім чынам, зазначыў Святы Айцец, Марыя паказвае сябе ў першую чаргу побач з тымі, хто пакутуе; з тымі, ад каго ўвесь свет уцякае; побач з тымі, каго судзяць, каго ўсе асуджаюць, каго дэпартуюць.

«Яна не толькі з тымі, хто церпіць ад прыгнёту ці эксплуатацыі, але і з тымі, хто знаходзіцца „па-за сістэмай“, на ўзбочыне грамадства. З імі ёсць таксама Маці, прыбітая да крыжа незразумення і пакут», — сказаў Папа.

Паводле яго словаў, Маці Божая таксама паказвае нам, якім чынам трэба прысутнічаць у падобных сітуацыях: не мімалётна і павярхоўна, а рашуча і грунтоўна, каб усе адчужаныя члены грамадства маглі адчуць ласкавую блізкасць гэтай Маці.

«Таксама і мы пакліканыя „дакрануцца“ да пакут іншых. Выйдзем насустрач нашаму народу, каб суцяшаць і суправаджаць яго. Не будзем баяцца адчуць моц пяшчоты і ўвайсці ў канкрэтнае жыццё іншых людзей», — заклікаў Святы Айцец.

Папа Францішак адзначыў важнасць адкрытасці і сапраўднай блізкасці да людзей, бо, паводле яго, недастаткова толькі знаходзіцца ў адным асяроддзі, але трэба з любоўю прымаць іншых.

«Колькі сужонкаў маглі б распавесці гісторыю таго, як яны былі блізкімі, але не разам; колькі маладых людзей адчуваюць больш гэтай аддаленасці ад дарослых; колькі пажылых людзей адчуваюць халодны дагляд, але не адчуваюць, што пра іх клапоцяцца і прымаюць з любоўю», — заўважыў Пантыфік.

Пры гэтым ён адзначыў, што цяжка быць адкрытымі для тых людзей, якія прычынялі зло. Нават у кантэксце палітычнай рэальнасці варта памятаць, што Марыя паказвае сябе як жанчына, адкрытая для прабачэння, здольная забывацца пра крыўды, падкрэсліў Папа.

«Біскуп Слосканс, які спачывае тут, пасля таго, як быў арыштаваны і сасланы далёка, пісаў сваім бацькам:

„Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дапусцім гэта, то будзем не сапраўднымі хрысціянамі, а фанатыкамі“», — працытаваў пастыр паўсюднага Касцёла словы адважнага сведкі веры на нашых землях, парэшткі якога спачываюць у аглонскай базыліцы.

Беручы з яго прыклад, Святы Айцец заклікаў вернікаў зноў адкрыць для сябе каштоўнасць паўсюднага братэрства, а таксама будаваць адзінства з павагай да адметнасцяў. Напрыканцы св. Імшы папа Францішак падзякаваў усім, хто спрычыніўся да арганізацыі яго візіту ў Латвію.

Як памяць пра наведванне папам Францішкам аглонскага санктуарыя ў якасці вотума тут застанецца яго ружанец, які Святы Айцец пакінуў каля цудатворнага абраза Маці Божай.

25 верасня стане апошнім днём візіту Святога Айца ў краіны Балтыі, падчас якога Папа наведае Эстонію — краіну, дзе жыве найменшая колькасць католікаў у гэтым рэгіёне.

Абноўлена 25.09.2018 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.