Пошук

24.09.2018 15:40   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

24 верасня распачалася другая частка Апостальскага падарожжа папы Францішка ў краіны Балтыі, якая праходзіць у суседняй з Беларуссю Латвіі.

Раніцай у рыжскім аэрапорце Святога Айца сустрэў Прэзідэнт Латвіі Раймандс Вэёніс у суправаджэнні двух дзяцей у традыцыйных строях, якія ўручылі Папу кветкі. З аэрапорту Пантыфік скіраваўся ў прэзідэнцкі палац, дзе правёў прыватную сустрэчу з кіраўніком дзяржавы і звярнуўся да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу, якім казаў пра значэнне Латвіі як месца дыялогу, сустрэчы і мірнага суіснавання.

Папа Францішак заўважыў, што гэтая краіна прайшла праз цяжкія выпрабаванні, але сёння з’яўляецца адным з галоўных культурных, палітычных і марскіх цэнтраў рэгіёну. Святы Айцец пры гэтым узгадаў, што сёлета Латвія адзначае 100-годдзе незалежнасці, здабытай вялікім коштам, што стала магчымым дзякуючы караням народа, да якіх належыць таксама хрысціянства.

Пантыфік падкрэсліў, што праца дзеля свабоды азначае клопат пра цэласнае развіццё, а таксама інтэграцыю людзей і супольнасцяў. Маючы на ўвазе дэвіз сваёй пілігрымкі — «Пакажы нам сваю Маці», — Папа заўважыў, што «мацярынства Латвіі адлюстроўвацца ў здольнасці праводзіць стратэгіі, якія могуць быць па-сапраўднаму эфектыўнымі і арыентаванымі на канкрэтныя абліччы сем’яў, пажылых людзей, дзяцей і моладзі больш, чым на прыярытэт эканомікі над жыццём».

Святы Айцец зазначыў, што развіццё грамадства вымяраецца не колькасцю яго матэрыяльных багаццяў, а імкненнем даваць жыццё і ствараць будучыню.

Гэта магчыма настолькі, наколькі прысутнічае ўкаранёнасць у мінулым, крэатыўнасць у сучаснасці, а таксама давер і надзея на будучыню, дадаў ён. На заканчэнне прамовы Папа запэўніў прадстаўнікоў латвійскіх уладаў у сваёй малітве да Бога, каб Ён працягваў суправаджаць і благаслаўляць іх працу для дабра народа.

Пасля гэтага Святы Айцец разам з латвійскім прэзідэнтам усклаў кветкі да помніка Свабоды і скіраваўся ў лютэранскую кірху Святой Марыі (Домскі сабор), дзе ўзяў удзел у экуменічнай малітве.

Падчас яе пастыр паўсюднага Касцёла высока ацаніў сяброўскія адносіны і супрацоўніцтва паміж рознымі хрысціянскімі супольнасцямі ў Латвіі.

«Адважуся сказаць, што гэта — „жывы экуменізм“, які з’яўляецца адной з характэрных рысаў Латвіі. Безумоўна, гэта прычына для надзеі і падзякі», — сказаў папа Францішак.

Ён зазначыў, што Домскі сабор ужо больш за 800 гадоў выконвае ролю важнага цэнтра хрысціянскага жыцця ў Рызе, а ў ім знаходзіцца адзін з самых старажытных у свеце арганаў, які адначасова з’яўляецца сімвалам горада. Папа падкрэсліў, што для жыхароў Рыгі арган — гэта частка тоеснасці, а для турыстаў, якія прыходзяць паглядзець на яго і сфатаграфаваць, — гэта толькі мастацкі аб’ект. Ён папярэдзіў, каб рыжане не ператвараліся ў турыстаў, для якіх важны элемент тоеснасці з’яўляецца музейным экспанатам, што не ўзрушвае сэрца.

Святы Айцец зазначыў, што падобным чынам можа здарыцца і з верай. Мы можам перастаць адчуваць сябе «карэннымі хрысціянамі» і ператварыцца ў «турыстаў».

«Больш за тое, <…> усю нашую хрысціянскую традыцыю можа напаткаць такі самы лёс: быць зведзенай да аб’екту з мінулага, які, будучы закрытым у мурах нашых святыняў, перастане граць мелодыю, здольную ўзрушваць і натхняць жыццё і сэрцы тых, хто яе слухае», — сказаў Папа.

Ён падкрэсліў, што хрысціяне пакліканыя дэманстраваць іншым прыгажосць сваёй веры. У адваротным выпадку свету пагражае страта надзеі, радасці, даверу, здольнасці да паяднання і барацьбы за годнасць чалавека. Яму пагражае закрытасць у самотнасці і ізаляцыі, папярэдзіў папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра актуальнасць малітвы Хрыста аб адзінстве паміж Ягонымі вучнямі, «каб паверыў свет».

«Місія дагэтуль кліча нас да адзінства і патрабуе ад нас адзінства», — сцвердзіў Пантыфік і заклікаў, каб ніколі не пераставала гучаць музыка Евангелля.

«Няхай не перастае гучаць сярод нас музыка Евангелля! Няхай яна не перастае абуджаць тое, што дазваляе нашаму сэрцу надалей марыць і імкнуцца да поўнага жыцця, да якога Пан кліча нас усіх: да быцця Яго місійнымі вучнямі ў свеце, у якім мы жывем», — сказаў Папа на заканчэнне экуменічнай сустрэчы, пасля якой ён скіраваўся ў касцёл св. Якуба — каталіцкую катэдру Рыгі, — дзе сустрэўся з пажылымі людзьмі.

Там Пантыфік зазначыў, што многія пажылыя жыхары Латвіі спазналі на сябе пакуты Другой сусветнай вайны, а пасля іх — палітычныя рэпрэсіі, пераслед і прымусовую дэпартацыю.

«Ні нацысцкі, ані савецкі рэжым не згасілі ў вашых сэрцах веру, а ў некаторых з вас не знішчылі жадання прысвясціць сябе святарскаму ці манаскаму жыццю, не адвялі ад жадання быць катэхетамі, здзяйсняць розныя касцёльныя служэнні, што было звязана з рызыкай для жыцця. Вы ўзялі ўдзел у добрай барацьбе, цяпер набліжаецеся да завяршэння бегу і захавалі веру», — сказаў папа Францішак, парафразуючы словы з Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея (гл. 2 Цім 4, 7).

Святы Айцец не абмінуў і цяжкасцяў, з якімі звычайна сустракаюцца пажылыя людзі, сярод якіх ён назваў беднасць і адкіданне.

«Калі так адбываецца, то так званы „цягнік свабоды і прагрэсу“ цягне за сабой, як апошні вагон, тых, якія змагаліся за свабоду, але сталі назіральнікамі на свяце іншых, ушанаванымі і праслаўленымі, але забытымі ў штодзённым жыцці», — з жалем зазначыў Пантыфік.

Разам з тым Святы Айцец заклікаў пажылых людзей не паддавацца роспачы і смутку.

«Будзьце ў вашых сем’ях і вашай Айчыне прыкладам трываласці і надзеі, укаранёнай у цярплівасці. Такім чынам вы надалей будзеце будаўнікамі вашага народа», — сцвердзіў ён.

Паводле папы Францішка, клопат пра пажылых людзей падабаецца Богу, а занядбанне старых выклікае помсту Неба.

«Вы, якія шмат перажылі, не забывайце, што з’яўляецеся каранямі народу, каранямі маладых парасткаў, якія павінны расквітнець і прынесці плады! Бараніце гэтыя карані, каб дзеці і моладзь прышчапіліся да іх і зразумелі, што ўсе кветкі на дрэве паходзяць ад таго, што знаходзіцца пад зямлёю», — сказаў на заканчэнне Пантыфік.

Сёння ўвечары папа Францішак узначаліць цэлебрацыю св. Імшы ў марыйным санктуарыі ў Аглоне, у якой возьме ўдзел вялікая група пілігрымаў з Беларусі.

Абноўлена 24.09.2018 17:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.