Пошук

14.09.2018 19:20   Catholic.by

У Познані працягваецца пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ). Другі дзень форума прывітальным словам адкрыў прэфект ватыканскай Кангрэгацыі па справах біскупаў канадскі кардынал Марк Уоэлет.

Іерарх заклікаў да салідарнасці з папам Францішкам у складаны час, у якім жыве Паўсюдны Касцёл і свет, каб яшчэ больш эфектыўна адказваць на выклікі часу.

Прадстаўнік Інстытута статыстыкі Каталіцкага Касцёла ў Польшчы кс. Войцех Садлонь прадставіў даклад пра духоўнасць валантарыяту ў Еўропе. У ім ён засяродзіўся на сацыялагічным і тэалагічным аспектах.

 

Дакладчык адзначыў, што амаль што ва ўсіх краінах Еўропы каталіцкія ўстановы маюць статус юрыдычнай асобы. У Еўропе каля 100 мільёнаў валанцёраў, якія ствараюць добрую платформу для экуменізму.

Рэлігійныя арганізацыі з'яўляюцца трэцімі пасля спартыўных і адукацыйных у галіне валантарыяту ў Еўропе. У многіх краінах апублікаваныя даследаванні, якія сведчаць аб тым, што каталіцкі валантарыят абапіраецца на каталіцкую тоеснасць, дактрыну і маральныя прынцыпы.

Валанцёрства дапамагае ва ўмацаванні веры і асабліва пазітыўна ўплывае на працэс евангелізацыі і духоўнай фармацыі моладзі, якая найбольш актыўная ў валантарыяце.

Дакладчык таксама прадставіў аналіз анкет з усіх краінаў Еўропы на тэму валантарыяту. Беларусь, у якой валантарыят знаходзіцца яўчэ ў пачатковай фазе, тым не менш займае пачэснае месца ў гэтым спісе.

Пасля даклада адбылася праца ў групах. Дыскусіі паказалі, што ўспрыняцце валантарыяту ў розных краінах рознае, асабліва ў параўнанні з заходнімі і посткамуністычнымі краінамі. Было таксама заўважана, што з заняпадам веры губляе свае пазіцыі і валанцёрства як з'ява.

Валанцёры змяняюць свет да лепшага, таму валантарыят – магутны інструмент евангелізацыі і катэхізацыі. Ён дапамагае зразумець, што вера не абмяжоўваецца догматамі, але ажыццяўляецца ў служэнні патрабуючым і праз гэта гуманізуе грамадства. Валантарыят – люстэрка культуры грамадства.

Валантарыят спрыяе развіццю міжканфесійных адносін і служыць развіццю салідарнасці як сярод католікаў, так і паміж католікамі і прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, а таксама няверуючымі.

Абноўлена 14.09.2018 22:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.