Пошук

09.07.2018 12:06   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

З ушанавання рэліквій св. Мікалая ў велічнай базыліцы горада Бары на поўдні Італіі 7 ліпеня распачалася экуменічная сустрэча папы Францішка з іерархамі Усходніх Цэркваў, якія разам маліліся за мір на Блізкім Усходзе.

Асоба св. Мікалая, які жыў на мяжы III і IV ст., з’яўляецца напамінам пра часы, калі на Захадзе і Усходзе панавала адзінства. Гэтага святога аднолькава ўшановаюць як католікі, так і праваслаўныя.

Пасля кароткай супольнай малітвы папа Францішак разам з праваслаўнымі іерархамі запалілі «зніч адзінства» — лампаду, якая змешчана ў крыпце, дзе захоўваюцца рэліквіі св. Мікалая, як сімвал адзінага Касцёла.

Упершыню яна была запалена ў 1936 г. папам Піем XI. З гэтага сімвалічнага жэсту распачалася праграма экуменічнай малітоўнай сустрэчы, наступным этапам якой стала ўрачыстая малітва папы Францішка і прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў за мір на Блізкім Усходзе, што прайшла на набярэжнай Бары.

Горад Бары, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, — гэта «шырока адчыненае вакно ў бок сумежнага Усходу, горад сустрэчы і гасціннасці», як адзначыў Святы Айцец на пачатку малітвы. Падкрэсліўшы бясцэннасць набытку хрысціянскага Усходу, Папа адзначыў неабходнасць захаваць гэты скарб, якому сёння пагражае знішчэнне.

«Блізкі Усход без хрысціянаў не будзе Блізкім Усходам», — сцвердзіў Пантыфік.

Ён заклікаў прысутных на малітве іерархаў і вернікаў запаліць зніч надзеі, памятаючы пра тое, што хрысціяне застаюцца святлом свету (гл. Мц 5, 14) «нават у цёмныя моманты гісторыі, калі не скараюцца цемры, якая ўсё ахінае, але жывяць кнот надзеі алеем малітвы і любові».

«Ад Ніла да Ярданскай даліны і далей, дасягаючы ракі Аронт, ажно да Тыгра і Еўфрата няхай гучыць вокліч Псальма: „Мір табе!“ (пар. Пс 122 (121), 8)» — пажадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Абыякавасць забівае, а мы хочам быць голасам, які супрацьстаіць забойству абыякавасці. Мы хочам даць голас тым, хто не мае голасу; тым, хто можа толькі глытаць слёзы, бо Блізкі Усход сёння плача, пакутуе і маўчыць, пакуль іншыя топчуць яго ў пошуку ўлады і багаццяў. За малых, простых, параненых — за тых, на чыім баку знаходзіцца Бог, мы просім: няхай будзе мір!» — узнёс малітву Святы Айцец.

Пасля сумеснай малітвы на набярэжнай Бары папа Францішак і іерархі Усходніх Цэркваў вярнуліся ў базыліку св. Мікалая для таго, каб шчыра паразмаўляць за зачыненымі дзвярыма. Іх нарада працягвалася каля трох гадзінаў.

Па выніках гэтай размовы Святы Айцец сцвердзіў, што мір на Блізкім Усходзе можа быць дасягнуты «сапраўднай гатоўнасцю да выслухоўвання і дыялогу», а не «перамір’ямі, забяспечанымі мурамі», і не з выкарыстаннем сілы.

«Для гэтага важна, каб тыя, хто надзелены ўладай, нарэшце прысвяцілі сябе сапраўднаму служэнню на карысць міру, а не ўласных інтарэсаў. Хопіць выгоды нямногіх за кошт многіх іншых! Хопіць захопаў тэрыторыі, якія мучаць народы! Хопіць пераважання праўды паасобных людзей над надзеяй народа!

Хопіць выкарыстоўваць Блізкі Усход у мэтах заробку!» — рашуча заклікаў Папа.

Нельга казаць пра мір, употай працягваючы гонку ўзбраенняў. Вельмі вялікая адказнасць ускладаецца на сумленне нацый, асабліва найбольш магутных, перасцярог Святы Айцец. Сярод абавязковых умоў дасягнення міру на Блізкім Усходзе ён назваў абавязак бараніць правы рэлігійных меншасцяў і прызнаваць статус-кво Ерузаліма.

Як сказаў на заканчэнне папа Францішак, надзея ў гэтым спакутаваным ад войнаў рэгіёне мае дзіцячае аблічча: аблічча дзяцей, якім найбольш патрэбны мір.

«Чалавецтва, пачуй, прашу цябе, крык дзяцей, чые вусны абвяшчаюць Божую радасць. Высушыўшы іх слёзы, свет верне сваю годнасць», — з такім заклікам звярнуўся Святы Айцец.

Абноўлена 09.07.2018 18:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця